Страх перад Будучыняй
Улады чакана забаранілі правесці ў Мінску 25 сакавіка, на Дзень Волі, урачыстыя шэсце і мітынг. У сённяшніх варунках было б нават дзіўна, калі б Мінгарвыканкам прыняў іншае рашэнне. Сутнасць кіруючага зараз у Беларусі рэжыму несумяшчальная з самім паняццем «Воля», як і з паняццем «Незалежнасць».
Разлічваць на тое, што чыноўнікі задаволяць заяўку арганізатараў Дня Волі і дазволяць правесці масавыя мерапрыемствы ў гэты дзень, не выпадала апрыёры. Справа ў тым, што, па-першае, надта моцную псіхалагічную траўму атрымаў рэжым пасля 9 жніўня 2020 года, калі велізарная колькасць людзей не пагадзілася з афіцыйнымі вынікамі кампаніі па выбарах прэзідэнта. Тады Цэнтрвыбаркам на чале з Лідзіяй Ярмошынай чарговым разам намаляваў сакрушальную перамогу бяззменнаму правадыру, які кіруе краінай ужо дваццаць шэсць год, і на знак пратэсту агромністая маса нашых суграмадзян выйшла на вуліцы. Сотні тысяч чалавек у сталіцы і ў рэгіёнах месяцамі ўдзельнічалі ў пратэсных акцыях пад гістарычным бел-чырвона-белым сцягам, так моцна ненавісным для пануючай тут улады.
Па-другое, дэманстранты патрабавалі не толькі праўды, свабодных выбараў, але і адстаўкі правадыра, які ўжо не ўяўляе свайго жыцця і сябе самога па-за ўладаю. Такая масавасць і рашучасць грамадзян сталіся поўнай нечаканасцю для рэжыму і яго ачольніка, трон пад якім захістаўся, нібы Фукусімская атамная электрастанцыя падчас дзесяцігадовае даўніны землятрусу. Да таго ж, Лукашэнка на ўласныя вушы пачуў шмат непрыемнага з вуснаў простага працоўнага люду, на які ён увесь час спасылаецца і да якога апелюе, што было, да прыкладу, падчас яго паездкі на Мінскі завод колавых цягачоў. Прыніжэнняў і абраз былы дырэктар саўгаса не даруе і не забывае ніколі і нікому.
Таму ў Беларусі пачаліся беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі з выкарыстаннем нечалавечага гвалту, неадэкватнай сілы; напоўніцу ўключылася бязлітасная пракурорска-судовая сістэма, якой сталася «не да законаў». Таму зараз у краіне без малога тры сотні палітвязняў, з продажу зніклі незалежныя друкаваныя грамадска-палітычныя выданні, у турмах знаходзяцца дзясяткі журналістаў і блогераў, судовы канвеер працуе нават па выхадных — і канца гэтаму не відаць. Дэпутаты прынялі заканадаўства, якое істотна ўзмацняе адказнасць за удзел у несанкцыянаваных акцыях і за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі, а ў апошніх адвакатаў, якія гатовы абараняць нявінных грамадзян, адбіраюць ліцэнзіі і такім чынам пазбаўляюць людзей права на абарону ў судах.
Які Дзень Волі маглі дазволіць улады, якія самі распачалі прапагандысцкую кампанію супраць усяго нацыянальнага, гістарычнага вольнага? Калі амаль па ўсіх дзяржаўных тэлеканалах валам прэ абразлівая дэзінфармацыя пра бел-чырвона-белы сцяг, які прапагандысты і іх памагатыя называюць нацысцкім, калі брудам паліваецца народны гімн «Магутны Божа», калі «русский мир» з маўклівай згоды ўладатрымцаў усё больш упэўнена ўздымае свой пачварны голаў у нашай краіне? Калі негалосна ў Беларусі пануе правіла «больш за трох не збірацца»? Калі больш за сотню беларусаў знаходзяцца на гэты момант пад крымінальным пераследам за ўдзел у вулічных акцыях? Калі паклёпнікі і хлусы атрымліваюць дзяржаўныя баявыя ўзнагароды, а арганізатары і ўдзельнікі жорсткага падаўлення вулічных акцый — новыя зоркі на пагоны? Калі фактычна знішчаны нацыянальны Купалаўскі тэатр (хоць і верыцца, што яго калектыў яшчэ выйдзе на легендарную сцэну), а музыкаў кідаюць за краты за вулічныя канцэрты?
Не, сёння ўлада не можа на гэта пайсці. І не толькі таму, што па сваёй прыродзе ненавідзіць усё нацыянальнае, свабоднае, проста ўсё Жывое. Яна баіцца другой хвалі пратэстаў, якія могуць аднавіцца менавіта на Дзень Волі, тым больш калі вулічныя мерапрыемствы будуць дазволеныя. Наадварот. Мяркуючы па выказваннях некаторых высокапастаўленых дзеячаў, рэпрэсіўны апарат прыведзены ў поўную гатоўнасць падаўляць любыя праявы непадпарадкавання і вольнасці, зноў хапаць, малаціць, калечыць, абы «забяспечыць стабільнасць і парадак».
Так званая кіруючая эліта, для якой не існуе Дня Волі, працягвае жыць савецкай мінуўшчынай, дзе пачуваецца ўтульна і безадказна, у той час як большасць грамадзян ледзь зводзяць канцы з канцамі або пакідаюць краіну ў пошуках лепшага жыцця ці магчымасцей для самарэалізацыі. Краіна, адкуль з’язджаюць прафесіяналы, асабліва маладыя і таленавітыя, дзе нішчыцца нацыянальная культура і гістарычная памяць, дзе парушаюцца правы чалавека, а сам чалавек існуе для дзяржавы, а не наадварот, не мае будучыні. Страх перад будучыняй — галоўная рыса цяперашняга рэжыму, а значыць, у яго няма перспектыў.
Затое яны ёсць у грамадзян, якія не згодныя патануць у часавым нафталіне, якія прагнуць людзьмі звацца, а не быць проста выканаўцамі прыхамацей чынавенства і сілавікоў. І гэтыя людзі — мы з вамі. Таму Дзень Волі — наш дзень, наша справа, свята нашай будучыні. Са святам нас усіх!