Узламаны сайт Акадэміі кіравання пры прэзідэнце

Сёння, 24 сакавіка, быў узламаны сайт Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. На стартавай старонцы некаторы час знаходзіўся надпіс, што ўзлом зрабілі «кіберпартызаны». Пасля пры спробе зайсці на рэсурс стаў з’яўляцца надпіс, што «не ўдаецца атрымаць доступ да сайта».

sayt_akademii_prezidenta_mart_2021.png


Спачатку карыстальнікаў на стартавай старонцы сустракала анімацыя ў стылі «Матрыцы», піша TUT.BY.

Таксама невядомыя, якія прадставіліся «кіберпартызанамі», размясцілі свае патрабаванні, сярод якіх былі «вызваленне палітвязняў» і «правядзенне новых выбараў», і папярэдзілі, што яны вядуць працэс шыфроўкі файлаў, які будзе завершаны прыкладна праз шэсць гадзін. Узломшчыкі рэкамендавалі не ўмешвацца ў працэс, інакш «можна парушыць цэласнасць файлаў». І крыху ніжэй была размешчаная парада «набыць ключ у партызан».

Лічыцца, што кіберпартызаны датычныя да ўзлому сайта МУС, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, «Беларускіх латарэй» і іншага. У тым ліку ў мінулым годзе «кіберпартызаны» спрабавали атакаваць сайт прэзідэнта, але былі вымушаныя прызнаць, што рэсурс падняўся.