BYPOL: беларускія ўлады рыхтуюць тэракт на Дзень Волі

Аб’яднанне BYPOL выступіла з папярэджаннем, што беларускія ўлады рыхтуюць тэракт на Дзень Волі, каб пасля яго ўвесці ў краіне надзвычайнае становішча.

bypol_2403.jpg


Удзельнікі BYPOL заяўляюць, што акцыю рыхтуюць супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, а адбыцца яна павінна ў адным з будынкаў органаў унутраных спраў, перадае «Еўрарадыё».

«Дакладнасць такога сцэнару, акрамя атрыманай намі інфармацыі, пацвярджаецца логікай апошніх крокаў рэжыму: зробленай 11.03.2021 заявы аб гатоўнасці весці вайну ўнутры краіны; накіравання 12.03.2021 кіраўніком МУС сакрэтнага запыту ў адрас міністра абароны аб прыцягненні Узброеных сіл да аховы грамадскага парадку на 25 чысло; і нарэшце вылучаных Лукашэнкам пры наведванні 21.03.2021 мемарыяльнага комплексу “Хатынь” абвінавачванняў у адрас прыхільнікаў нацыянальнага сімвала Беларусі — бел-чырвона-белага сцяга», — заяўляюць у BYPOL.

«Гэтай публікацыяй мы папярэджваем групу людзей, якія нелегітымна ўтрымліваюць ўладу: планы па правакацыі, якая рыхтуецца, дэталёва вядомыя нам, а таксама міжнароднай супольнасці. Адначасова звяртаемся да дзяржаўных служачых і людзей у пагонах: ці гатовыя вы ў рэальнасці калечыць і забіваць беларусаў дзеля захавання ўлады аднаго кіраўніка, які выжыў з розуму?» — гаворыцца ў паведамленні.

У сваім звароце ўдзельнікі BYPOL кажуць, што не заклікаюць беларусаў адмовіцца ад святкавання Дня Волі. Але просяць быць больш пільнымі і трымацца падалей ад адміністрацыйных будынкаў, асабліва будынкаў органаў унутраных спраў. Таксама яны заклікаюць па магчымасці пазбягаць грамадскага транспарту. А пра падазроныя прадметы — неадкладна паведамляць у міліцыю.

BYPOL — аб'яднанне былых сілавікоў, якія пакінулі дзяржаўную службу ў сувязі з падзеямі 2020 года і выступаюць за дэмакратычныя перамены ў Беларусі.