Пытанні і адказы з гісторыі БНР

Ці шмат вы ведаеце пра Беларускую Народную Рэспубліку? Чаму Дзень Волі адзначаецца 25 сакавіка? Прапануем вам асноўныя пытанні і адказы пра гэтую гераічную старонку нашай гісторыі.

Народны сакратарыят БНР: (злева направа): сядзяць — Бурбіс, Серада, Варонка, Захарка; стаяць — Смоліч, Крэчэўскі, Езавітаў, Аўсянік, Заяц. Мінск, 1918 год

Народны сакратарыят БНР: (злева направа): сядзяць — Бурбіс, Серада, Варонка, Захарка; стаяць — Смоліч, Крэчэўскі, Езавітаў, Аўсянік, Заяц. Мінск, 1918 год


Што такое Дзень Волі?

25 сакавіка 1918 года ў акупаваным немцамі Мінску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (былы выканкам Усебеларускага з’езду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, якой БНР абвяшчалася свабоднай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР аб’явіла, што Брэсцкая мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.
Немцы адказалі на Акт 25 сакавіка разгонам Рады БНР і Народнага Сакратарыята, а пасля і іх забаронай. Аднак органы ўлады працягвалі дзейнічаць у Беларусі, а пасля ў эміграцыі. І цяпер у замежжы існуе Рада БНР на чале з Івонкай Сурвілай, якая захоўвае традыцыі сваіх папярэднікаў.
Трэцяя ўстаўная грамата Рады БНР, якой абвяшчалася дзяржаўная незалежнасць Беларусі, была прынятая раніцай 25 сакавіка на пасяджэнні Рады ў Мінску па адрасе Серпухоўская, 9 (цяпер гэта Валадарскага, 9). На трэцім паверсе яшчэ ў сярэдзіне сакавіка была арэндаваная ў сялянскага пазямельнага банка зала для пасяджэнняў.

Хто ўваходзіў у першы ўрад (Народны Сакратарыят) БНР?

Першы беларускі ўрад (Народны Сакратарыят) быў створаны Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езду 20 лютага 1918 года ў Мінску, які пасля ўцёкаў бальшавікоў узялі пад кантроль беларускія паўстанцы. Спачатку ва ўрад на чале з Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасля іх колькасць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава, склад Першага ўрада БНР быў наступны:
Язэп Варонка — старшыня (прэм’ер-міністр) і народны сакратар (міністр) міжнародных спраў, Іван Макрэеў — міністр унутраных спраў, Алесь Смоліч — асветы, Яўхім Бялевіч — справядлівасці, Янка Серада — народнай гаспадаркі, Віктар Рэдзька — шляхоў зносін, Тамаш Грыб — земляробства, Палута Бадунова — апекі, Алесь Карач — пошты і тэлеграфа, Пятро Крачэўскі — кантролю, Гелій Белкінд — фінансаў, Павел Злобін — вялікарускіх спраў, Мойша Гутман — «першы таварыш» (першы намеснік) старшыні і сакратар яўрэйскіх спраў, Канстанцін Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар вайсковых спраў, Лявон Заяц — загадчык спраў Народнага Сакратарыята.
У далейшым склад першага ўрада мяняўся, у тым ліку і з-за таго, што ў красавіку ў знак пратэсту супраць прыняцця 3-й устаўной граматы падалі ў адстаўку Макрэеў, Злобін, Белкінд.

Ці мела БНР узброеныя сілы?

БНР не паспела стварыць беларускае войска, але такія спробы неаднаразова рабіліся. Беларускія часткі пачалі стварацца ў складзе рускай арміі яшчэ ўвосень 1917 года. У лютым 1918-га, калі ўладу ў Мінску ўзяў у свае рукі выканкам Усебеларускага з’езда, быў створаны 1-ы Мінскі беларускі полк, які праіснаваў да прыходу нямецкіх войск.
Паводле падлікаў гісторыка Алега Латышонка, аўтара кнігі «Жаўнеры БНР», у беларускіх вайсковых аддзелах на працягу 1917–1923 гадоў служылі каля 11 тысяч чалавек, пераважна добраахвотнікаў. Найбольш гераічны эпізод барацьбы за БНР — Слуцкі збройны чын 1920 года, калі спешна сфарміраваная Слуцкая брыгада стральцоў БНР на працягу месяца вяла баі з Чырвонай Арміяй.
Дзясяткі тысяч чалавек уваходзілі ў партызанскія аддзелы, у тым ліку і тыя, што ваявалі за дзяржаўную незалежнасць БНР (Лукаша Семенюка, Юркі Моніча, Вячаслава Адамовіча-«Дзергача» ды іншых). А яшчэ на румынскім фронце ў 1917 годзе ствараўся беларускі корпус, які не ўдалося перакінуць у Беларусь для падтрымкі ўраду БНР.
Пра свае сімпатыі да БНР заяўляў і генерал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч, які са сваім аддзелам у 1919 годзе на нейкі час перайшоў «на беларускую службу» («Асобны атрад БНР»), а пасля разам з польскімі войскамі ваяваў супраць бальшавікоў. У лістападзе 1920-га Булак-Балаховіч аб’явіў у Мазыры «незалежную беларускую дзяржаву», але неўзабаве яго армія была разбітая Чырвонай Арміяй і адышла ў Польшчу.

Якія былі межы БНР?

Трэцяя ўстаўная грамата Рады БНР згадвала і тэрытарыяльныя межы краіны: «Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ, а менавіта: Магілёўшчыну, беларускія часткі Меншчыны, Гарадзеншчыны (з Горадняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерняў, населеных беларусамі».
Для таго, каб на міжнародных канферэнцыях знаёміць заходніх палітыкаў з Беларуссю і яе межамі, у 1918 годзе была выдадзеная карта БНР.
Органы ўлады БНР паслядоўна адстойвалі межы краіны. У кастрычніку 1918 года Рада БНР даслала рэйхсканцлеру Германіі пратэст на прэтэнзіі Польшчы на памежныя вобласці Беларусі, у тым ліку Гродна, Беласток і Брэст. У снежні 1918-га Рада Міністраў БНР пратэставала супраць уключэння Беласточчны і Бельшчыны ў склад Польшчы.

Якія палітычныя сілы ўдзельнічалі ў стварэнні БНР?

Галоўнай сілай у беларускім нацыянальным руху была Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ). Менавіта яе сябры былі стваральнікамі БНР. У першы ўрад БНР Язэпа Варонкі ўвайшлі прадстаўнікі БСГ, расійскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў і яўрэйскіх сацыялістычных арганізацый. Аднак многія расійскія і яўрэйскія дзеячы негатыўна ставіліся да ідэі абвяшчэння незалежнасці Беларусі, яны былі прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай Дэмакратычнай Рэспублікі. У выніку гэтыя дзеячы ў пачатку красавіка 1918-га з ураду выйшлі.
Правыя беларускія дзеячы («кансерватары») гуртаваліся вакол «Менскага беларускага прадстаўніцтва», лідарам якога быў Раман Скірмунт. Яны выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і ў гэтым розніліся з сацыялістамі. Таксама Скірмунт і яго прыхільнікі спадзяваліся на дапамогу Германіі ў адбудове беларускай дзяржаўнасці. У склад Рады БНР правыя былі кааптаваныя толькі ў красавіку 1918-га. Некаторыя беларускія даследчыкі лічаць, што адсутнасць паразумення паміж беларускімі левымі і правымі палітычнымі сіламі значна зменшыла шанцы на поспех барацьбы за незалежную беларускую дзяржаўнасць.

Як адрэагавалі рэгіёны Беларусі на абвяшчэнне незалежнасці БНР?

Рада БНР здолела атрымаць падтрымку ў многіх рэгіёнах Беларусі і паступова пашырала свой уплыў. У Мінск дасылаліся пастановы з павятовых гарадоў аб прызнанні ўлады ўрада БНР. Яны прыйшлі з Бабруйска, Радашковічаў, Барысава, Слуцка, Нясвіжа, Наваградка, Койданава, Рэчыцы ды іншых гарадоў. Беларускія рады выказваліся за стварэнне «адзінай непадзельнай Беларусі ў форме БНР».

Ці паспела БНР увесці свае грошы?

Беларускіх грошай у той час не было створана. На тэрыторыі Беларусі адначасова выкарыстоўваліся царскія рублі, «керанкі», польскія, нямецкія грошы. Аднак часам можна сустрэць згадку пра «рубель БНР». Так некаторыя даследчыкі называюць «кароткатэрміновую бону на суму 1 рубель», выдадзеную Слуцкім павятовым земствам у 1918 годзе.

Якія краіны прызналі незалежнасць БНР?

Пытанне з прызнаннем БНР іншымі краінамі яшчэ недастаткова даследавана, звесткі часам супярэчлівыя. Напрыклад, гісторык Анатоль Сідарэвіч у адной з публікацый адзначае, што ў 1919–1920 гадах БНР дэ-юрэ або дэ-факта прызналі Германія, Латвія, Літва, Эстонія, Чэхаславакія, Балгарыя, Фінляндыя, Турцыя, Украіна. У гэтых краінах працавалі беларускія дыпламатычныя і вайскова-дыпламатычныя місіі, консульствы і прадстаўніцтвы (у Каўнасе, Рызе, Канстанцінопалі, Кіеве, Адэсе, Празе, Берліне, Гданьску, Капенгагене ды іншых гарадах). А вось гісторык Уладзімір Ляхоўскі сцвярджае, што ўсе гэтыя прадстаўніцтвы не мелі юрыдычнага прызнання.

Якую сімволіку прыняла БНР?

У 1918 годзе кіраўнічыя органы БНР зацвердзілі ў якасці дзяржаўнай сімволікі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
Упершыню бел-чырвона-белы сцяг быў узняты над будынкам губернатарскага дома ў Мінску пасля выгнання з горада бальшавікоў 19 лютага 1918 года.

Які быў гімн БНР?

Гімнам БНР у 1920 годзе стаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…», які напісаў Макар Краўцоў (Касцевіч, 1891 – ?), беларускі паэт і вайсковец. У Краўцова быў трагічны лёс: напрыканцы 1939 года ён быў арыштаваны НКВД і ад таго часу пра яго лёс нічога не вядома.

Якая мова была абвешчаная дзяржаўнай у БНР?

У красавіку 1918 года Народны Сакратарыят БНР прыняў пастанову аб абвяшчэнні беларускай мовы дзяржаўнай. Ад таго часу ўся дакументацыя мусіла весціся выключна на беларускай мове.

Ці існаваў пашпарт грамадзяніна БНР?

Кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі парупілася пра друк беларускіх пашпартоў. Агульнаграмадзянскі пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі быў выдадзены ў 1918 годзе ў славянскай друкарні Язэпа Галеўскага ў Берліне. Ён складаўся з 12 старонак, на вокладцы была выява герба «Пагоня». У пашпарце пазначаліся месца і дата нараджэння, падданства, асаблівыя прыкметы (рост, колер валасоў, вачэй). Пашпарт можна было выкарыстоўваць для паездак за мяжу. Афіцыйныя ўрадавыя асобы БНР мелі дыпламатычныя пашпарты.
У Адэсе беларускае консульства зарэгістравала каля 16 тысяч грамадзян-беларусаў і выдавала ім пашпарты БНР. Берлінская місія БНР атрымала ад нямецкіх улад дазвол выдаваць пашпарты грамадзянам Беларусі, а былым ваеннапалонным-беларусам — урадавыя пасведчанні. Так было выдадзена дзве тысячы пашпартоў. Іх уладальнікі, дарэчы, маглі жыць у краінах Еўропы, атрымаць візу на пераезд у Амерыку ці вярнуцца на радзіму.Паводле гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага, пашпарты БНР выкарыстоўваліся да канца 1920-х гадоў.

Ці быў прыняты закон аб грамадзянстве БНР?

Закон аб грамадзянстве Беларускай Народнай Рэспублікі быў прыняты ў снежні 1919 года Радай БНР. Паводле гэтага закона, беларускім грамадзянінам лічылася кожная асоба, якая да 1914 года жыла на тэрыторыі Беларусі і карысталася правам расійскага падданства. Такіх людзей у беларускае грамадзянства залічвалі аўтаматычна і выдавалі нацыянальныя пашпарты. Двайное грамадзянства забаранялася і лічылася «дзяржаўнай здрадай».

Колькі праіснавала Беларуская Народная Рэспубліка?

Актыўная дзейнасць Рады і ўрада БНР працягвалася ў Беларусі ў 1918–1919 гадах. Кіраўнічыя органы БНР з’ехалі ў эміграцыю ў 1919 годзе, знаходзіліся ў Літве, Германіі, Чэхіі. У 1925 годзе савецкія спецслужбы спрабавалі арганізаваць ліквідацыйны сход Рады і ўрада БНР. Аднак старшыня Рады БНР Пятро Крачэўскі, а пасля яго і Васіль Захарка засталіся верныя незалежніцкім ідэалам. Яны жылі ў Празе, дзе перахоўвалі архіў БНР. У паваенны час Рада і ўрад БНР былі адноўленыя ў Заходняй Германіі новай хваляй беларускай эміграцыі.

Які быў лёс у стваральнікаў БНР?

У пераважнай большасці стваральнікаў БНР быў трагічны лёс. У 1920–1930-х гадах яны былі арыштаваныя і знішчаныя савецкімі карнымі органамі. Сярод іншых такі лёс спаткаў прэм’ераў Антона Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага. А першы старшыня Рады БНР Янка Серада нейкім цудам выжыў і ў 1942 годзе выйшаў са зняволення ў Сібіры, аднак што з ім далей сталася — невядома.
Толькі некаторыя дзеячы БНР жылі ў вольным свеце і там скончылі свой зямны шлях — Язэп Варонка (пахаваны ў ЗША), Пятро Крачэўскі, Васіль Захарка, Тамаш Грыб (пахаваныя ў Празе).