Чарговы акт беларускай трагедыі, які стаў прадвесьцем крывавага патопу 1654-1667 гадоў

14 чэрвеня 1634 года была падпісаная мірная Палянаўская дамова, якая скончыла Смаленскую вайну, што лютавала 2 гады. Рэч Паспалітая і Маскоўская дзяржава замірыліся, каб неўзабаве распачаць самую страшэнную вайну ў гісторыі Беларусі.

Капітуляцыя маскоўскіх захопнікаў перад нашым вялікім князем Уладзіславам Вазай у 1634 годзе

Капітуляцыя маскоўскіх захопнікаў перад нашым вялікім князем Уладзіславам Вазай у 1634 годзе

Перадумовы вайны і замірэньня

Узгадаем падзею, якая магла каардынальна зьмяніць гісторыю ўсяго рэгіёну дый цэлага сьвету. Такім эпізодам зьяўляецца гісторыя флірту з расейскім царствам.

Уладзіслаў, старэйшы сын караля Жыгімонта Вазы і яго жонкі Ганны Аўстрыйскай, нарадзіўся 9 чэрвеня 1595 года. Тады ён безумоўна яшчэ ня ведаў, што яго лёс перасячэцца з бурным перыядам маскоўскай гісторыі, вядомым як Смутны час (1598-1613).

У пачатку XVII стагодзьдзя трон у Крамлі быў захоплены хаатычным вірам гульняў, з некалькімі прэтэндэнтамі на карону. Шляхта Рэчы Паспалітай убачыла выдатную магчымасьць для ўплыву. Яны лічылі, што наш князь на маскоўскім троне пашырыць іх палітычнае ўзьдзеяньне і надасьць імпэт каталіцтву ўглыб праваслаўнай Масковіі. Кандыдатурай, якую яны прапанавалі, быў не хто іншы, як малады Ўладзіслаў, сын караля.

У 1610 годзе, пасьля значнай перамогі нашых продкаў у вайне супраць Масквы, групоўка маскоўскіх баяраў, якія былі расчараваныя ў цары Васілю Шуйскім, вырашыла пайсьці на сьмелы крок. Яны абвесьцілі царом Масковіі замежнага каталіцкага князя Ўладзіслава.

Аднак рэальнаму кіраваньню перашкодзілі некаторыя рэчы. Перадусім бацька Ўладзіслава – Жыгімонт Ваза вырашыў, што 15-ці гадовы манарх не здолее выжыць у крамлёўскіх калідорах. А патрабаваньне аб пераходу ў праваслаўе – гучала як жарт. Ад імя Ўладзіслава кіраваў маскоўскі ўрад – Сямібаяршчына. Уладзіславу Ваза прынесьлі прысягу жыхары Масквы і іншых гарадоў. Пачалася чаканка манэтаў з імём новага цара Ўладзіслава Жыгімонтавіча.

У 1612 годзе на просьбу маскоўскіх баяраў Уладзіслаў арганізаваў паход у Маскву, каб правесьці там сваю каранацыю. Аднак гарнізон Рэчы Паспалітай у Масковіі быў нешматлікім і вымушаны быў капітуляваць пад націскам іншай партыі.

Маскавіты-апазыцыянэры пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Пажарскага вырашылі ўзброеным чынам супрацьстаяць той сітуацыі, што ўжо склалася. Уладзіслава Вазу напрыканцы 1612-га года дэтранізавалі (пазбавілі кароны).

Канчатковы ўдар па імкненьнях Уладзіслава быў нанесены ў 1613 годзе, калі на маскоўскі трон пасадзілі Міхаіла Раманава. Так нарадзілася новая крамлёўская дынастыя, зь якой мы будзем змагацца напрацягу трох стагодзьдзяў.

4 красавіка 1617 года Ўладзіслаў Ваза, які выступаў як маскоўскі вялікі князь, падпісаў канфідэнцыйны акт, у якім абавязваўся заключыць з Рэччу Паспалітай вечны хаўрус, ваяваць супраць Турэччыны і татараў. Ён абвесьціў пра значныя тэрытарыяльныя саступкі на карысьць Рэчы Паспалітай: Масковія павінна была аддаць ёй Бранск, Курск, Нэвель, Ноўгарад Северскі, Рыльск, Себеж, Смаленск, Старадуб і Веліж. Больш за тое, ад імя маскавітаў ён адмовіўся ад усіх прэтэнзій на Лівонію і Эстляндыю.

Толькі ў 1634 годзе, пасля Палянаўскай дамовы, якая завяршыла Смаленскую вайну, ён фармальна адмовіўся ад правоў на маскоўскі трон у абмен на значную кантрыбуцыю і іншыя саступкі. Вялікае Княства Літоўскае атрымлівала Смаленскія, Северскія і Чарнігаўскія землі.

А як тая Смаленская вайна адбывалася?

Плян аблогі Смаленска маскоўскімі войскамі

Плян аблогі Смаленска маскоўскімі войскамі

Паводле гісторыка Анатоля Тараса, стан узброеных сілаў Масковіі напярэдадні Смаленскай вайны 1632-1634 гадоў, адлюстроўваў агульную адсталасьць расейскай краіны. У пачатку XVII стагодзьдзя яе войска складалася, галоўным чынам, з разнастайна ўзброенай і дрэнна навучанай шляхецкай коньніцы, некалькіх стралецкіх палкоў, атрадаў казакоў і татараў.

Бітвы эпохі Смуты паказалі, што ўсе яны ў тактычным пляне значна саступалі войскам Рэчы Паспалітай і Швэцыі. Таму баярская дума прыйшла да ідэі аб тым, што нягледзячы на ​​жаласны стан казны, варта набраць наймітаў за мяжой.

З гэтай мэтай у студзені 1631 года ў Швэцыю адправіўся палкоўнік-шатляндзец маскоўскай службы Аляксандр Лэслі. Ён павінен быў завербаваць пяць тысячаў мушкецёраў. Таксама дэлегацыя мусіла набыць дзесяць тысячаў мушкетаў з зарадамі, пяць тысячаў шпагаў і нейкую колькасьць гарматаў. Ім далі інструкцыю, паводле якой Лэслі, калі не выйдзе наняць пяць тысячаў швэдаў, павінен ехаць за ратнымі людзьмі ў Данію, Англію і Галяндыю. Тое ж самае тычылася закупкі зброі. У выніку Лэслі завербаваў каля чатырох тысячаў наймітаў, зь якіх пазьней былі сфармаваныя некалькі палкоў.

Як узгадвае гісторык Анатоль Грыцкевіч, Маскоўскі цар Міхаіл Раманаў скарыстаў бескаралеўе, што пачалося ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім каралеўстве пасьля сьмерці 30 красавіка 1632 года Жыгімонта Вазы і скіраваў пад Смаленск 24-тысячнае войска пад загадам ваяводы Міхайлы Шэіна.

За кастрычнік – сьнежань 1632 года варожыя маскоўскія войскі занялі гарады: Сярпейск, Дарагабуж, Белы, Рослаў, Трубецк, Старадуб, Почап, Ноўгарад-Северскі, Батурын, Невель, Себеж, Красны і іншыя. У сьнежні 1632 года армія Шэіна дасягнула колькасьці 32 тысячаў чалавек пры 151 гармаце. У студзені 1633 года маскоўскае войска пачало аблогу Смаленска.

Тым часам новаабраны кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў Ваза назьбіраў 15-тысячнае войска пад Варшавай і вывеў яго ў паход у траўні 1633 года на дапамогу Смаленску. 22 жніўня на рацэ Жорнаўцы кароль сустрэўся з гетманам Радзівілам і ваяводам Гансеўскім. Аб’яднанае 25-тысячнае войска Рэчы Паспалітай падыйшло да Смаленску 25 жніўня 1633 года.

У выніку колькіх бітваў войска на чале з Уладзіславам IV у верасьні адцясьніла маскоўскае войска ад гораду і неўзабаве акружыла маскоўскі ўмацаваны лягер пад Смаленскам. Да таго ж аддзел, пасланы Ўладзіславам Вазай у Дарагабуж, зьнішчыў запасы харчаваньня, што прызначаліся рэзэрву маскоўскага войска, якія выйшлі на дапамогу арміі Шэіна, зазначае гісторык Анатоль Грыцкевіч.

Глядзіце таксама

Тым часам войска Рэчы Паспалітай было ўзмоцненае запароскай арміяй у складзе 20 тысячаў чалавек пад кіраваньнем гетмана Арандоранкі. Пасьля 4 месяцаў баёў у акружэньні 15 лютага 1634 года маскоўскі ваявода Міхаіл Шэін пачаў перамовы пра здачу і 21 лютага падпісаў акт аб ганаровай капітуляцыі перад гетманам польным Крыштапам Радзівілам.

Паводле ўмоваў здачы рэшткі маскоўскага войска (8 тысячаў чалавек) адступалі да дзяржаўнай мяжы з асабістай зброяй, але пакідалі ўсе 123 гарматы, 129 штандараў, запасы і рыштунак, а таксама выдавалі ўсіх перабежчыкаў з войска Рэчы Паспалітай.

2 тысячы хворых і параненых маскоўскае войска пакінула ў лягеры: пасьля выздараўленьня яны мелі вярнуцца дадому. Рэшта наймітаў Шэіна перайшла на службу Рэчы Паспалітай. Па прыбыцьці ў Маскву Міхаіла Шэіна зьвінавацілі ў здрадзе і пакаралі сьмерцю. Звычайная расейская традыцыя.

Тым часам турэцкі султан Мурад IV рушыў на Рэч Паспалітую вялікую армію пад камандаваньнем Абас-пашы. Уладзіслаў Ваза апынуўся ў цяжкім становішчы.

Палянаўскае замірэньне

На рацы Палянаўцы, у сяле Сямлёва, што знаходзілася паміж Вязьмай і Дарагабужам адбылося падпісаньне мірнай дамовы.

У сакавіку 1634 года маскоўскі цар прызначыў князёў Фёдара Шарамецьева і Аляксея Львова вялікімі амбасадарамі і адправіў іх на сустрэчу з прадстаўнікамі нашага манарха, якіх узначальваў хэлмінскі біскуп Якуб Жаднік.

Цікава глянуць на тыя пункты, якія былі акдінутыя расейскай дэлегацыяй:

Прапанова Рэчы Паспалітай дазволіць ім будаваць каталіцкія касьцёлы, набываць вотчыны ў Маскоўскай дзяржаве, вольна ўступаць у шлюб падданых абедзьвюх дзяржаваў.

Прапанова пра тое, каб маскоўскі цар Міхаіл Фёдаравіч падпісваўся як «цар сваёй Русі», а не «цар усёй Русі».

Прапанова Рэчы Паспалітай пра тое, што «кароль Рэчы Паспалітай і  маскоўскі цар павінны разам імкнуцца, каб быў у іх нарад гарматны, караблі і людзі ваярскія на моры Лівонскім (Балтыйскім) і на моры Вялікім (Чорным) для пашырэньня межаў».

Уладзіслаў Ваза

Уладзіслаў Ваза

А дамовіліся пра наступнае: нягледзячы на тое, што Вялікае Княства Літоўскае атрымлівала значныя землі, гэта не азначала яго пашырэньня – бо былі вернутыя і так спрадвечныя тэрыторыі нашай дзяржавы, захопленыя маскоўцамі.

Смаленск, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і іншыя больш дробныя гарады заставаліся ў складзе Рэчы Паспалітай. Выключэньнем стаў Сярпейскі павет з самім горадам Сярпейск, які не атрымалася напярэдадні вызваліць вайсковым шляхам.

Вялікі князь літоўскі Ўладзіслаў Ваза фармальна адмовіўся ад правоў на маскоўскі трон у абмен на значную кантрыбуцыю (а гэта 200 тысячаў тагачасных рублёў срэбрам) і іншыя саступкі.

Здавалася б, значны посьпех Рэчы Паспалітай у змаганьні з усходнім суседам. Але неабходна падкрэсьліць, што з прычыны няўдачы пры адваёве Сярпейску, магутны наступ на расейскую зямлю не адбыўся. Ваенны патэнцыял ворагаў ня быў зьнішчаны дарэшты. Што і вылілася праз два дзясяткі гадоў у страшэнную спусташальную вайну.

Як адзначыў гісторык Мікола Ермаловіч, два дзесяцігодзьдзі працягваўся мір паміж Рэччу Паспалітай і Масквой. За гэты час Масква рыхтавалася да новай вайны, што і дало ёй магчымасьць вярнуць сабе страчанае.

Калі б на месцы Ўладзіслава Вазы быў Стэфан Баторы ці Вітаўт – падаецца, вынікі былі б куды больш пасьпяховымі для ўсіх нас.