«Усходняя Еўропа — да Урала». Зянон Пазняк расказаў пра місію новай Беларусі
Вядомы палітык, лідар руху «Вольная Беларусь» і ідэолаг нацыянальнага Адраджэння падзяліўся сваім бачаннем таго, што мусяць рабіць беларусы, калі Расія будзе аслабленая, куды будзе скіраваны іх геапалітычны выбар і ці вернецца ў Беларусь Смаленшчына.
А таксама ў перадачы «Вочы ў вочы» ён спрагназаваў лёс рускай мовы.
— Ці не лічыце вы, што новая, вольная Беларусь павінна мець геапалітычную такую місію на Усход і на Поўнач, прынамсі, пашыраць свае ўплывы і несці ідэалы вольнасці на тыя землі, якія развіваліся падобна, некалі развіваліся ў гісторыі: Пскоўская, Наўгародская зямля, Браншчына, Смаленшчына. Ці павінны мы дапамагаць у перспектыве ім заваяваць вольнасць?
— Значыць, якая павінна быць наша геапалітыка ва ўмовах, калі Расея будзе аслаблена і будзе ў пэўнай ступені дэзінтэгравана. Нават, калі яна застанецца, але калі імперыя будзе аслаблена. Асноўная наша задача і асноўныя кантакты — гэта Усход. Гэта дапамагаць вызваліцца ад імперыі, стаць на ногі, адрадзіцца чувашам, Мардовіі, Чачэніі, якутам, башкірам — усім вось гэтым народам абавязкова. Гэта будучыня ўладкавання свету, гэта будучыня. Бо Расея іх прыдушыла, знішчыла іхнія мовы, усё.
Зараз мы гэтым займаемся. Мы падтрымліваем Смаленскую зараз рэспубліку, ёсць ужо ініцыятары, Канстытуцыю ўжо напісалі. Падтрымліваем таксама Мардовію, Чувашыю, Якуцію, Татарстан. Там, дзе ідуць рухі — гэта будучыня Усходу. Калі Расея разваліцца — гэта будучыня Усходу. І таму гэтыя рухі трэба падтрымліваць. І гэта будзе наша палітыка важная.
Бо на Захадзе мы нічога, як кажуць, не зробім. Захад ужо стабілізаваўся і паступова дэградуе. Ну так гэта, калі рэзка сказаць. На Захадзе мы нічога не зробім, там усё ўстоена. І нават калі нашыя ідэі, а яны ў значнай ступені больш прагрэсіўныя і лепшыя нацыянальныя, то мы туды іх не ўнясём, таму што ў іх самамненне, што цэнтр свету — гэта яны, ім так здаецца. І нам няма сэнсу іх пераконваць, што яны горшыя за нас, няма ніякага сэнсу. А вось дапамагчы гэтым людзям (на ўсходзе — РР) — гэта будучыня Усходу, вось гэтай часткі да Урала, якая вызваліцца ад расейскай імперыі.
— Ну і напэўна, як заслона для Беларусі таксама ад пагрозы Кітаю, бо кітайская імперыя можа праіснаваць даўжэй, чым расейская.
— Безумоўна, што гэта пытанне ўзнікне. Але яно не будзе такім жахлівым, як з Расеяй. Таму што больш жахлівай імперыі, больш жахлівай дзікай арды як Расея на зямлі не было. Ну гэта адзін момант з гэтым звязаны. Але ёсць другі, што нашы землі, я думаю, што Смаленшчына вернецца, напэўна…
Дарэчы, ноўгарадцы яшчэ жывуць і ёсць наўгародская мова ў Ленінградскай вобласці і я яшчэ думаў туды паехаць у 1960-70-х гадах, але пачаўся Фронт і ўсё… Некалькі вёсак там нават гавораць на ноўгарадскай мове. Гэта я гаварыў з культурыстамі і этнографамі расейскімі і ўкраінскімі. І цяпер гэтыя маленькія групы там аб´ядноўваюцца і пачынаюць вяртацца да сваіх вытокаў.
І гэта вельмі важна, каб гэтая Усходняя Еўропа да Урала адрадзілася. Яна можа адрадзіцца, калі Расея дэзінтэгруецца. І вось тады, калі адродзяцца і ненцы, і мардва, і чувашы, татары, башкіры, і тады акажацца, што існуе такая мёртвая мова, якая называецца рускай. Калі падае імперыя, якая прыгнятала нацыі і нацыі гэтыя адраджаюцца, то імперская мова робіцца мёртвай. Будучыня рускай мовы — гэта мёртвая латынь. Яе не будзе, гэта мова будзе мёртвай, калі адродзяцца гэтыя народы. Вось якая будучыня «великого русского языка».
— Гэта яшчэ доўга трэба будзе жыць. Але ў гісторыі нічога няма немагчымага…
— Нічога тут нядоўга. Ну, канешне, гэта пройдзе не праз 10 гадоў, а пройдзе болей. Але яно так будзе. Бо Рымская імперыя вельмі добра гэта ўсё даказала. Рымская мова — гэта ого-го, класіка! Але падобныя ішлі працэсы, усякія этнасы, а аказваецца, што рымлян-то і няма, рымскага этнаса то няма, ён знік! І хто гаворыць на рымскай мове? Усё, этнасы сталі гаварыць на сваіх мовах, на этнічных. І латынь якой стала? Мовай рэлігіі і навукі, яна стала мёртвай.
— Медыцынскіх рэцэптаў.
— Медыцынскіх рэцэптаў. Тое сама будзе з расейскай. Толькі невядома, рымская мова — усё-такі гэта была вялікая культура, а расейскай вялікай культуры няма — гэта дэфектная культура, гэта культура імперская, яна антычалавечая. Гэтак жа сама як антычалавечая руская літаратура, інакш я яе не называю, як паскудная руская літаратура, гэта жах. Бо мы ў школах успрымалі гэта ўсё не крытычна. Той жа Лермантаў — гэта жах.
— Ідэалагічна мы ўспрымалі…
— Ідэалагічна ўспрымалі. Гэта жахлівая імперская літаратура, рабская, дзе зневажаецца чалавек. Вазьміце любога пісьменнніка — як толькі гавораць пра чалавека іншай нацыянальнасці — заўсёды грэбліва, яны не паважалі аніводнага народа… «Этот, как его турок или грек на ножках журавлиных…»
— Альбо «полячишко»…
— «Полячишко, чучмеки»… Інакш нават не называлі. Гэта ў літаратуры ў іх скрозь, яны не паважалі аніводны народ. Гэта вельмі брыдкая літаратура, яна вельмі разбэшчвала людзей. Я шмат яе прачытаў, некаторых пісьменнікаў «ад коркі да коркі».
— Ёсць такі сучасны расейскі пісьменнік Міхаіл Веллер, ён кажа, што расейская літаратура яму ў маральным сталенні, у духоўным плане нічога не дала.
— Нават наадварот, вось у школах вывучалі «Героя нашего времени» Лермантава. Увогуле, гэта сатана, гэты сам пісьменнік, яго прыватнае якое жыццё, гэта нейкі жах…Я помню ў дзявятым класе у нас вывучалі Горкага «Макар Чудра» на факультатыве, а я неяк настаўніцы кажу: «А што гэта вы нам чытаеце гэтую крымінальшчыну?». Гэта такое апавяданне пра цыганоў, калі з «вялікага любові» цыган забіў сваю каханую…
— Пераходзім да апошняга блоку пытанняў, больш асабістага, размаўляем напярэдадні вашага юбілею. Азіраючыся з вышыні вашых 80-гадоў, які перыяд свайго жыцця лічыце найбольш шчаслівым? А найбольш цікавым?
— Усё жыццё, нягледзячы на тое, што яно было вельмі цяжкім, яно карыснае для маёй душы. Усе цяжкасці, якія былі, усе хваробы, памылкі, якія былі, карысныя для душы. А калі найбольш сябе адчуваў шчаслівым? Дык вось я адчуваў, і такога шчасця мала хто, відаць, адчуваў, але адчувалі. Гэта незалежнасць Беларусі. Тады, калі незалежнасць была абвешчана, Пётра Садоўскі сказаў: «Быў час, калі мы былі гістарычна шчаслівымі». І гэта ні з чым непараўнальна. Бо ўсё жыццё за гэта змагаўся, усё жыццё. І гэта настала! Гэта стан… Няма слоў, каб гэта перадаць. Мы плакалі, абдымаліся на плошчы з незнаёмымі людзьмі.
— Ці ёсць нейкія рэчы ў вашым жыцці, пра якія даводзілася моцна шкадаваць? Ці ёсць адчуванне, што некалі нешта зрабілі ня так? Альбо шкадаванне, што нечага не зрабілі, а варта было паспрабаваць?
— У мяне няма прэтэнзій да свайго жыцця, якое б яно не было. Адзінае, што ўспамінаеш нейкія прыватныя адносіны, нейкія там крыўдныя словы, якія сказаў, вось гэтага б не сказаў… Пра гэта шкадуеш. Шкадуеш, што з некаторымі людзьмі заводзіў нейкія адносіны, а лепш бы іх ня знаць, што ў нечым не разбіраўся, вось такія рэчы шкадуеш. Але не было такіх сітуацый, якія б зрабілі нейкую кардынальную бяду, ці нейкую кардынальную памылку. Такога не было. Жыццё было вельмі складаным, шмат таго, што я перажыў, наўрад ці хто перажыў. Мой прынцып — ніхто не павінен бачыць тваіх перажыванняў і тваёй крыві. Але я вам скажу, што былі вельмі цяжкія моманты. Небяспека страты жыцця ў мяне была ня тое, што два-тры разы, у мяне было такое сем-восем разоў. Я гэта адчуваў. Пачынаючы з вельмі малых гадоў. Апошняе — гэта было рэальна ў 1996 годзе, калі былі створаны ўжо… Але там я цудоўна разбіраўся, ня даў ім магчымасці мяне забіць, гэта калі былі створаны эскадроны смерці і першым павінны былі мяне «кончыць» па загадзе Лукашэнкі.
Былі яшчэ моманты вельмі цяжкія. Я перажыў тое, што многія людзі перажывалі — гэта пачуццё голаду, і ні адзін раз. Нават мог бы пра гэта напісаць, але Кнут Гамсун ужо напісаў (смяецца). І шмат іншага такога, якое ніхто не павінен ведаць. Апынуўшыся за мяжой, а я амаль 30 гадоў там, гэта страшнае жыццё, страшнае выжыванне, страшныя пакуты. Ніхто ня ведае і ведаць ня будзе: я заўсёды ўсміхаюся і заўсёды наверсе. І ніхто нічога ня знае. І ўсё ўдалося! Таму прынцып мой такі, што калі тыя цяжкасці, якія Бог табе пасылае, то гэта ён для твайго дабра. Таму ня можна крыўдзіцца ні на кога. Азіраючыся на ўсе гэтыя цяжкасці, якія ўдалося прайсці, — яны далі шмат што зразумець. А каб іх не было — дык я б ня ведаў. Я толькі ўдзячны Богу, што гэтыя цяжкасці былі, цяпер шмат што ведаеш…
Захаваны правапіс арыгіналу