«Мордар павінен быць разбураны». 15 яркіх цытат Зянона Пазняка

У 79-ты дзень нараджэння палітыка прыгадваем ягоныя выказванні — прароцкія, лёсавызначальныя, спрэчныя.

Зянон Пазняк падчас акцыі да Дня Волі ў Варшаве. Фота Паўла Хадзінскага

Зянон Пазняк падчас акцыі да Дня Волі ў Варшаве. Фота Паўла Хадзінскага


1988. З артыкула «Курапаты. Дарога смерці»

Пра пакаянне за генацыд

«Ачышчэнне сумлення неабходна грамадству, якое дапусціла і спарадзіла генацыд — найвялікшае злачынства супроць чалавецтва. Вядома ж, не стануць раскайвацца ні нябожчыкі-забойцы, ні нават «ціхія пенсіянеры». Раскайвацца павінны наступныя пакаленні, якія і не бачылі той бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты павінны браць на сябе нашчадкі народа, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадства. Павінен быць рахунак сумлення, каб не вярнулася смерць. Народ, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасць. Толькі чалавек адзінокі, а народ шматлікі. Толькі чалавек абмежаваны ў часе сваім векам, а народ вечны сваёй гісторыяй».

1994. Клінтан і Пазняк у Курапатах

1994. Клінтан і Пазняк у Курапатах

1994. З артыкула «Аб рускім імперыялізме і яго небяспецы»

Пра абарону «правоў рускіх»

«Ідэалогія гэтай традыцыйнай палітыкі нескладаная, запазычаная ў Гітлера: абараняць у сумежных дзяржавах стратэгічныя інтарэсы Расіі і правы расейцаў (згадайце «правы немцаў», гітлераўскія «аншлюсы» і да т.п. з’явы, асуджаныя сусветнай супольнасцю).

Больш за тое, яны збіраюцца «абараняць» правы нават не расейцаў, а «расейскамоўных», гэта значыць савецкай папуляцыі ў іншых краінах.

Гэта азначае, што не будуць прызнаны ніякае нацыянальна-культурнае адраджэнне і дэмакратыя ў гэтых краінах (бо нацыянальна-культурнае адраджэнне, выхад з імперыі — працэсы дэмакратычныя). Гэта значыць, што будзе ціск і ўмяшанне ва ўнутраныя справы сумежных краін».

Пра сутнасць расійскага грамадства

«Не будзе дэмакратычнай Расіі, пакуль будзе гэтая старая Расія. Дэмакратыя і імперыялізм несумяшчальныя. Гэта антыподы. Існаванне гэтай дзяржавы драматычнае для самога ж расійскага грамадства перш за ўсё тым, што ў ім у сілу яго імперскага зместу не сфарміраваліся паўнавартасная еўрапейская руская нацыя і паўнавартасная еўрапейская нацыянальная свядомасць.

Гэта лапікавы народ без акрэсленай нацыянальнай тэрыторыі, перамяшаны з фіна-ўгорскімі, цюркскімі, мангольскімі і іншымі анклавамі, распылены ў сібірскіх і азіяцкіх калоніях. Дамінуючая яго свядомасць не нацыянальная, а імперская па сутнасці. На імперскай свядомасці пабудавана ідэалогія і заснавана ментальнасць пераважнай большасці расейцаў.

Калі нацыянальная свядомасць і дзейнасць нацыі скіраваны на ўнутранае творчае самаразвіццё грамадства, на вычляненне і аддзяленне ад чужога, дык імперская свядомасць і дзейнасць скіраваны на экстэнсіўнае развіццё, на знешняе пашырэнне, на паглынанне і разбурэнне чужога.

Гэта свядомасць дэструктыўная. Яна, вядома ж, і стаіць убаку (у адхіленні) ад бесперапыннага магістральнага і эвалюцыйнага шляху развіцця культуры. Імперыя, паразітуючы на нацыянальных (народных, этнічных) культурах, руйнуе іх, спараджаючы хімеры. Імперыя ёсць сусветным злом».

Зянон Пазняк, 1990. Фота vytoki.net

Зянон Пазняк, 1990. Фота vytoki.net

Пра палітыку БНФ

«БНФ як рух адраджэнска-народніцкі, блізкі да хрысціянскай дэмакратыі і ідэалогіі кансерватыўных партый цэнтра, цалкам адмаўляе сацыялізм і не прымае многіх каштоўнасцей і метадаў ліберальнага капіталізму. Мы выступаем за парытэт правоў чалавека, нацыі і дзяржавы, за сацыяльна-рынкавую эканоміку, сутнасць якой найлепшым чынам увасоблена ў сучаснай Нямеччыне дзякуючы прадуманым дзеянням хрысціянска-дэмакратычных урадаў».

Пра беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне

«На шляху да свабоды і нацыянальна-культурнага адраджэння народ павінен разлічваць на свае сілы. У гэтай справе не можа дапамагчы ніхто, калі само грамадства не выспела да свабоды.

Наша нацыя глыбока і цяжка хворая. Працэс выздараўлення ідзе павольна і цяжка, са спазненнем ва ўсведамленні таго, што адбываецца. Але гэты працэс незваротны, бо няма іншага шляху развіцця нацыі з гістарычнага нябыту, як адраджэнне. Адраджэнне або паміранне. Трэцяга не дадзена.

Час жа (о, дабратворны час!) працуе на адраджэнне. Спяшайцеся ўсвядоміць гэта, хто яшчэ не зразумеў, хто не паспеў яшчэ кінуць свой абавязковы ком бруду ў Народны фронт — спыніцеся, каб не было позна, прыкра і сорамна.

Калі гаворка ідзе пра існаванне народа, пра лёс нацыі — трэцяга шляху няма, спадарства. І не шукайце яго.

І не цешце сябе ілюзіямі пра няўдзел у драме, бо гэта ёсць цьмяная падтрымка злу.

Гэтая ісціна духоўная і гістарычная, старажытная, як памылка маладушных».

1996. Прамова Зянона Пазняка ў Вярхоўным Савеце перад пачаткам галадоўкі дэпутатаў парламента

 «Спадары дэпутаты! Мінула амаль пяць гадоў дзейнасьці Вярхоўнага Савету, у якім усё вызначала і вызначае былая камуністычная наменклятурная большасьць. Які ж вынік вашай дзейнасьці за пяць гадоў, спадары дэпутаты? Што вы нарабілі і што натварылі?

Пяць гадоў назад у нас быў аднолькавы жыцьцёвы ўзровень з краінамі Балтыі. Але краіны Балтыі пайшлі па шляху свабоды і эканамічных рэформаў і цяпер ужо пачынаюць карыстацца пладамі сваёй разумнай палітыкі. Беларусь жа, дзякуючы перш за ўсё вашай дзейнасьці, пакацілася ў яму жабрацтва, разбурэньня эканомікі, інфляцыі.

Ад рэформаў адмовіліся, краіну абрабавалі, народ абакралі, маёмасьць «прыхватызавалі». У людзей забралі грашовыя ўклады і аблігацыі, не далі ні зямлі, ні працы, ні нармальнага сацыяльнага забесьпячэньня. На кожную душу павесілі велізарную дзяржаўную пазыку. І што ж прапануеце вы цяпер, разам з вашым прэзыдэнтам, якога вы прыдумалі, спадары дэпутаты? Што прапануеце вы цяпер, пад заслону, у канцы вашай бясплённай і разбуральнай дзейнасьці? Абрабаваўшы народ, вы, топчучы Канстытуцыю і закон, прапануеце яму рэфэрэндум аб яго сьвятой беларускай мове, аб яго гістарычным сьцягу і гэрбе ва ўмовах жабрацтва, бяспраўя, інфармацыйнай блякады і поўнага беззаконьня. Абрабаваўшы народ, вы прапануеце яму грамадзкі раскол і грамадзянскае супрацьстаяньне. Абрабаваўшы народ, вы гатовыя прадаць незалежнасьць яго Бацькаўшчыны, кінуць яго пад эксплуатацыю і расправу сваёй і замежнай мафіі. Вось вынік вашай пяцігадовай дзейнасьці. Мы, дэпутаты Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, пратэстуем супраць зьдзекаў з нашага народу, з нашай Айчыны, з нашай Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь. Вычарпаўшы ўсе магчымасьці, у знак пратэсту супраць антызаконнасьці і згубнасьці вашых дзеяньняў мы аб’яўляем галадоўку тут, у цэнтры гэтай залі».

Пазняк і Лукашэнка на мітынгу ў Магілёве, 1990

Пазняк і Лукашэнка на мітынгу ў Магілёве, 1990

2004. Пра Украіну

«Думаючы пра дачыненьні з суседзямі, пра ўмацаваньне нашай незалежнасьці і перамогу ў вайне з Расеяй, мы мусім перш за ўсё зважаць на Ўкраіну. Гэта натуральны наш саюзьнік і найбліжэйшы нам народ, зь якім у беларусаў склаліся прыхільныя адносіны, што зьяўляецца нашым агульным набыткам і што зыходзіць з падобнага гістарычнага лёсу нашых народаў, з гістарычнага перажываньня агульнай небясьпекі».

Зянон Пазняк у Бахмуце

Зянон Пазняк у Бахмуце

Пра «духоўны рэгрэс» Еўропы

«На маю думку, малаверагодна, каб Эўразьвяз (асабліва пасьля пашырэньня 2004 году) беспраблемна праіснаваў бы даўжэйшы час. Крызіс Эўропы ўжо пачаўся. Абвал непазьбежны. Крызіс мае глыбейшыя прычыны і заключаецца ня толькі ў эканоміцы. Відавочны духоўны рэгрэс, зьнікненьне культуры і здрабненьне злітаў.

Упершыню ў гісторыі заходняга Хрысьціянства Эўропа (25 краінаў) пасьля працяглай дыскусіі аб канстытуцыі аб'яднанай Эўропы адмовілася ад Хрысьціянства і хрысьціянскіх традыцыяў у культуры. Гэтая адмова — абсурд, які ўсім відаць. Эўропа вырасла на Хрысьціянстве. І тым ня менш факт адмовы адбыўся. Эўропа заявіла тым самым, што сьветапоглядам і ідэалёгіяй Эўразьвязу ёсьць бязбожніцтва.

Адначасна ўзаконьваецца садомія (гомасэксуальныя сувязі), забойства ненароджаных (аборты) і забойства сьмяртэльна хворых людзей (эўтаназія), і ў гэты ж час забараняецца сьмяротнае пакараньне забойцаў, садыстаў, гвалтаўнікоў, кілераў і іншых вылюдкаў. Гэта значыць, што дзяржаўным законам адмяняецца сьмяротны грэх, вылучаны ў Хрысьціянстве. Закон і права ў пытаньнях меры пакараньня становяцца на бок забойцы (дакладней, на прыарытэце захаваньня ягонага жыцьця). Дыскусіі па гэтым пытаньні носяць дэмагагічны і сафістычны характар».

Пра неабходнасць ідэалаў

«Ідэал — вечны рухавік разьвіцьця, пэрпэтуум мобіле чалавечага духу. Майма ідэалы — мецьмем прышласьць. Не заўсёды ідэалы дасягаюцца. Але дасягаюцца — калі ёсьць, і ніколі — калі няма. Ідэал — гэта тое, што неабходнае для вольнага разьвіцьця і дасягненьня дасканаласьці. І тут відаць, што ідэал ёсьць духоўная неабходнасьць, а не капрыз і не адцягненая мара. Маючы ідэалы, будзем мець рэальнасьць, што валодае пэрспэктывай. Ідэалізм унівэрсальны і выступае як закон разьвіцьця, дзе першаснае ёсьць ідэя.

«Палітыка — мастацтва магчымага», — чулі мы ня раз гэтую прымітыўную бяскрылую сэнтэнцыю, формулу палітычнага філісьцерства і бяздарнасьці. Людзі, якія кіраваліся такім правілам, нічога не дасягалі. Гэта чэмбэрленаўшчына. Калі б палітыкі займаліся толькі магчымым паводле сваіх магчымасьцяў, то не было б ні подзьвігаў, ні герояў, ні палёту, ні дасягненьняў.

Калі б дэпутацкая Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце ХII-га скліканьня, 25 асобаў, зыходзілі толькі з сваіх магчымасьцяў ў 345-асабовым варожым асяродьдзі камуністаў, ветэранаў намэнклятуры і бязбожнікаў, то Беларусь проста ня мела б незалежнасьці, ні гэрбу Пагоня, ні Бел-Чырвона-Белага сьцяга, ні дзяржаўных святаў Вялікадня і Нараджэньня Хрыстовага, ні праўды пра Чарнобыль ды Курапаты».

Зянон Пазняк падчас акцыі да Дня Волі ў Варшаве. Фота Паўла Хадзінскага

Зянон Пазняк падчас акцыі да Дня Волі ў Варшаве. Фота Паўла Хадзінскага

Пра «цывілізацыйную вайну» з Расіяй

«Пасля зьмены прамаскоўскага кіраўніцтва на беларускае першым пытаньнем па ўмацаваньні нацыі і адраджэньні культуры павінна стаць вяртаньне беларускай мовы на дзяржаўны пасад і ва ўсе сфэры жыцьця краіны. Гэта галоўнае пытаньне, задача нумар 1, якую вырашыць траба першым чынам.

Адразу вяртаюцца беларуская школа, вучэльні, унівэрсітэты, дзейнічае законная Канстытуцыя, вяртаецца дзяржаўная нацыянальная сымволіка, адмяняецца ўсё беззаконьне прамаскоўскага рэжыму, крымінальныя міжнародныя дамовы і пагадненьні, вяртаецца беларускі друк, беларускія часопісы, выдавецтвы, тэлебачаньне і радыё, адбываюцца выбары, улада і дзяржава пачынае функцыянаваць, зыходзячы з патрэбаў беларускага народу, беларускай культуры і нацыянальных інтарэсаў грамадзтва.

Але якія б ні былі перамены ў нашай краіне і хто б ні сядзеў ва ўладзе ў Расеі, нязьменнай застанецца расейская агрэсіўная палітыка ў дачыненьні да Беларусі. Вайна супраць беларусаў будзе працягвацца. Яна будзе то ўзмацняцца, то затухаць, то існаваць у форме небясьпекі, ствараючы ілюзію спакою, а потым з новай сіла пачнецца. Гэта ня ёсьць вайна на жыцьцё, а на сьмерць. Як і тысячу год, нічога ня зьменіцца да таго часу, пакуль будзе існаваць расейская імпэрыя.

Расейская небясьпека павінна стаць абавязковай часткай ведаў кожнага беларуса. Для беларуса побач з тэзай «Люблю Беларусь!» мусіць стаяць у сьведамасьці папярэджаньне: «Сьцеражыся Расеі!». Гэтак склалася нашае гістарычнае існаваньне».

Пра страту Вільні

«3 усіх несправядлівасьцяў расейскай сталінскай палітькі і ўсіх страт самай балючай і самай вялікай шкодай для Беларусі была ашуканцкая перадача Вільні і Віленшчыны Летуве. Страта Вільні непапаўняльная. Страта нацыянальнай сталіцы дэзарганізуе нацыю, спараджае нэгатыўныя зьявы ў культуры, парушае культурныя міграцыйныя цыклы, спараджае правінцыялізацыю грамадзтва, запавольвае і тармозіць культурна-нацыянальнае разьвіцьцё.

Якія б ні былі абставіны і колькі б яны ні доўжыліся, у думках кожнага беларуса павінна жыць разуменьне велічыні страты і ўсьведамленьне неабходнасьці вяртаньня беларускай сталіцы. Калі такое ўсьведамленьне будзе дасягнутае, яно стане элемэнтам палітыкі. Рана ці позна несправядлівасьць сталінскай акупацыі будзе папраўленая».


2006. «Трэба любіць свой народ»

«Ніколі нельга, асабліва ва ўмовах акупацыі і нацыянальнага прыгнёту, расчароўвацца, зьневажаць і абзываць свой народ. Калісьці сацыяльныя вярхі лічылі сябе людзьмі, а рэшту «народам». Памятайма, што народ, гэта ня нехта, недзе там. Народ — гэта мы ўсе. Народ — гэта мы. Такое ёсьць нацыянальнае і дэмакратычнае разуменьне народу. Нельга затоптваць сябе ў гразь, асабліва калі нас усіх затоптваюць чужыя. Гэта не гадзіцца для чалавека. Усьведамленьне адмоўных якасьцяў народу павінна выклікаць жаданьне пазбыцца гэтых недахопаў, а не імкненьне ўцячы, адмовіцца ад нацыі (ад самых сябе), ад культуры ды мовы. Пачынаць выпраўленьне найлепш з сябе. Гэта першы крок, каб стацца асобай. І кіравацца трэба на станоўчыя прыклады, якіх шмат у нашай гісторыі і ў жыцьці.

Наш нaрод стаў ахвярай трох імпэрыяў у выніку зьбегу нешчасьлівых абставінаў. Але ён увесь час змагаўся за волю ў абліччы лепшых сваіх прадстаўнікоў, ён ніколі не пераставаў ствараць, нават тады, калі вынішчылі ягоную эліту, а рэшта вярхоў здраджвала яму, абзывала, штурхала ў гразь.

Любіць і шанаваць свой народ неабходна, у якім бы стане, у якім бы няшчасьці ён нi апынуўся.

Свой народ трэба любіць, як Бога, нават калі ён маўчыць».



2022. «Расійскі Мордар павінен быць разбураны»

«Не павінна быць больш ніякой Арды, ні пад якім «сьцягам». Мімікрыя ня пройдзе, не перакуляцца ваўкалакі. Зьнішчыць расейскі «мордар» — гэта экзыстэнцыяльная задача, якая стаіць найперш перад беларусамі і ўкраінцамі (інакш нас ня будзе), але, фактычна, гэтая задача — перад усім сьветлым чалавецтвам, бо цёмны расейскі «мордар» выступіў супраць чалавецтва».

Пра «фальшывую групоўку Франака-Ціханоўскай»

«Беларусам неабходна змагацца супраць трох асноўных ворагаў беларускай нацыі — супраць расейскай акупацыі, супраць здрадніка Лукашэнкі і пляжыць фальшывую групоўку Франака-Ціханоўскай, якая надзвычай шкодная для беларусаў. …

З нашага боку было патлумачана аб складзе злачынства Ціханоўскай і аб матэрыялах будучага сьледзтва па гэтай асобе тады, калі Беларусь збавіцца ад акупацыі, адновіць законнасьць і дэмакратыю».

Пра байцоў палка Каліноўскага

«Незабыўна для мяне было спаткацца з Вамі (і нават начаваць пад адным дахам).

Здаецца, каб скінуць з плячэй хоць бы трыццаць, быў бы з Вамі, каб біць маскаля.

Але я ўжо заўсёды з Вамі. І мы пераможам, адбярэм ад ворагаў і адновім нашу вольную прыўкрасную Беларусь! Верма ў нашу перамогу побач з Украінай! Верма ў светлыя дні!

Не пакіне Гасподзь Беларусь, калі за яе змагацца. Барацьба стала сімвалам нашай веры. Стойма крэпка — і пераможам! Жыве Беларусь! Слава Украіне!»

Зміцер Шчыгельскі, Зянон Пазняк, Павел Усаў у Бахмуце, Украіна

Зміцер Шчыгельскі, Зянон Пазняк, Павел Усаў у Бахмуце, Украіна