Смаленскі дэпутат стварыў рух за незалежнасць Смаленшчыны
Дзейны дэпутат Смаленскай абласной думы Уладзіслаў Жывіца ўзначаліў Смаленскі рэспубліканскі цэнтр. Рух выступае за вызваленне Смаленшчыны з-пад расейскай акупацыі і больш шчыльную, ажно да далучэння, супрацу з дэмакратычнай Беларуссю.

Уладзіслаў Жывіца (злева) і Ян Рудзік (дэлегат КР Беларусі)
«Смаленскае княства цудоўна абыходзілася без Масквы», — пачаў свой выступ на нядзельнай прэс-канферэнцыі Уладзіслаў Жывіца.
Такім чынам Жывіца апынуўся першым дзейным дэпутатам рэгіянальнага парламента ў Расіі, які адкрыта выступіў за незалежнасць свайго рэгіёна.
Падтрымку Жывіцы выказаў Ян Рудзік, дэлегат Каардынацыйнай рады:
«Смаленск — гэта беларуская зямля. Якая, таксама як і астатняя Беларусь з прычыны гістарычнай катастрофы, на дадзены момант знаходзіцца пад маскоўскай акупацыяй. Калі да мяне як да дэлегата Каардынацыйнай рады Беларусі звярнуўся па дапамогу мой калега з абласной Смаленскай думы Расійскай Федэрацыі, я не меў ніякага маральнага права адмовіць.
Глядзіце таксама

Праваслаўныя кажуць — выратаваўся сам, выратаваў тысячу людзей вакол.
Ратуючы Беларусь і беларусаў з Пекла Расійскага Мордара, мы абавязаны працягнуць руку нашым людзям — смалянам. І калі я кажу «нашы людзі», я маю на ўвазе не толькі гісторыю, якая прайшла, але і сапраўдную эканоміку.

На дадзены момант агульны тавараабарот смаленшчыны з Рэспублікай Беларусь у першым паўгоддзі перавысіў 60 працэнтаў ад усяго знешняга абароту рэгіёна.
Да канца года лічба тавараабароту павінна перавысіць 5 мільярдаў долараў. Пры гэтым, паводле паказчыка экспарту са Смаленскай вобласці, Рэспубліка Беларусь займае першае месца. Ужо зараз у Смаленшчыне зарэгістравана больш за 3.5 тысячы прадпрыемстваў з удзелам беларускага капіталу. То-бок, калі разглядаць пытанне прагматычна і эканамічна, то фактычна Смаленск ужо наш.
Але найперш нас цікавіць не халодная прагматыка, а людзі. І іх права свабодна жыць ва ўласнай краіне. Рука аб руку са сваімі беларускімі братамі».
У Расіі на Жывіцу завялі крымінальную справу прыблізна праз гадзіну пасля яго заявы.
Рэакцыя беларускага боку пакуль невядомая.