Топ-10 фільмаў залатога стагодзьдзя Галівуду
У час з канца 20-х і да канца 50-х гадоў кіно стала сапраўдным мастацтвам: глямурныя зоркі, бліскучыя дыялёгі і гісторыі, што хвалююць людзей да сёньня. Мы склалі аўтарскую падборку лепшых фільмаў той эпохі — стужак, якія вызначылі стандарты і дагэтуль натхняюць кінатворцаў па ўсім сьвеце. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Ніначка (Ninotchka). 1939

Гэты фільм, зьняты знакамітым Эрнстам Любічам, не толькі робіць шыкоўную сатыру на сацыяльна-палітычную напружанасьць сваёй эпохі, але таксама дазваляе Грэце Гарба, вядомай сваімі задумлівымі і напружанымі ролямі, прадэманстраваць сваё камедыйнае майстэрства.
Рэклямная крылатая фраза "Гарба сьмяецца!" была не проста маркетынгавай хітрасьцю, але і сапраўдным запрашэньнем стаць сьведкам бліскучага выкананьня Грэты.
Вобраз Ніначкі, суровай савецкай пасланьніцы, якая паступова губляе камуністычнае загартаваньне пад шармам Парыжа і прыхільнасьцю мясцовага арыстакрата, стаў адкрыцьцём здольнасьцяў акторкі. Гарба паказвае ўвасабленьне савецкага прагматызму і паступова пераўтвараецца ў кабету, якая адчыняе для сябе радасьць і каханьне.
Сцэнар шыкоўна адлюстроўвае ідэалягічныя разыходжаньні цывілізаванага сьвету і камуністычнай заразы. Нават непахісны адэпт чырвонага раю па-за межамі краіны-канцлягеру губляе тонкія арыентыры. Вось таму і сёньняшнія дыктатары ў Менску і Маскве ўсяляк спрабуюць абмежаваць выезд за межы тэрыторыі, якая часова імі кантралюецца.
Нумар 9. Рэбэка (Rebecca). 1940

Фільм Альфрэда Хічкока заснаваны на гатычным рамане Дафны дзю Мар'е, стаў першым амэрыканскім праэктам Хічкока, які задаў тон яго славутай галівудзкай кар'еры.
Джоан Фантэйн выконвае захапляльную ролю наіўнай другой місіс дэ Вінтэр у напружаным трылеры. Гісторыя разгортваецца вакол гераіні Фантэйн, маладой жанчыны, якая закахалася ў загадкавага ўдаўца, якога сыграў Лоўрэнс Аліўе. Іх наступны шлюб закідвае ў радавое гнязду арыстакрата. Адчувальная незразумелая адпачатку напружанасьць паміж героямі Фантэйн і Аліўе ўскладняе іх адносіны. Джоан Фантэйн па-майстэрску адлюстроўвае няўпэўненасьць і разгубленасьць маладой нявесты, якая азмрочаная прывідам першай жонкі яе мужа, якая насіла імя Рэбэка.
Гэтая стужка прынесла Фантэйн першую з трох намінацый на «Оскар» за лепшую жаночую ролю.
Нумар 8. Дрэнная слава (Notorious). 1946

Чарговы шэдэўр ад Хічкока. Гледачы трапяць у майстэрскае спалучэньне рамантыкі, інтрыгі і напружаньня, якое накрытае атмасфэрай палітычнага шпіянажу пасьля Другой сусьветнай вайны.
Інгрыд Бэргман выконвае ролю вельмі складанай жанчыны з заплямленай рэпутацыяй, якая завэрбаваная ўрадам ЗША, каб пракрасьціся ў нацысцкае кола ў Бразыліі. Акторка паказвае шлях сваёй гераіні ад геданістычнай дачкі нацысцкага шпіёна да закаханай кабеты, якая трапіла ў пастку небясьпечнай місіі.
Яе партнэр па здымкам – знакаміты Кэры Грант. Усім прыйдзецца рабіць выбар паміж пачуцьцямі і перакананьнямі.
Нумар 7. Зьнесеныя ветрам (Gone with the Wind). 1939

Легенда сусьветнага кіно, лепшы фільм года на Оскары, стужка, разабраная на цытаты. Па сутнасьці, гэта гісторыя каханьня, страты і выжываньня, у цэнтры якой — нязломная Скарлет А'Хара, якую ўвасобіла цудоўная Віўіен Лі. Рамантызацыя Старога Поўдня ў фільме разам з праслаўленьнем рабства (на думку цэлага шэрагу гісторыкаў, крытыкаў і звычайных людзей) выклікала значныя дыскусіі на працягу многіх гадоў.
Сёньня, на жаль, можна са смуткам назіраць як у некаторых стрымінгавых плятформах перад гэтым шэдэўрам ідзе застаўка, у якой гаворыцца аб «памылковасьці паказу чорных і аднабокасьці паказу некаторых гістарычных аспектаў». З сучасных людзей спрабуюць зрабіць недалёкіх ці малаадукаваных, таму тыкаюць іх паперкай: «Там дрэнна, асьцярожна!»
Спадзяюся, кожны чалавек мае здольнасьць самастойна ацаніць твор мастацтва.
Нумар 6. Галавакружэньне (Vertigo). 1958

Пяцідзясятыя гады – гэта вяршыня творчасьці брытанскага рэжысэра Альфрэда Хічкока на галівудзкіх пляцоўках. Нас чакае чарговая выбітная галоўная роля для Джэймса Сьцюарта. Ён грае дэтэктыва, які жадае ўрэшце адпачыць ад ранейшай працы і нічога-не-рабіць на пэнсіі. Аднак раптоўнае тэлефанаваньне ад даўняга сябра, які просіць прасачыць за сваёй жонкай, у якой нібы ёсьць суіцыдальныя схільнасьці – перашкаджае заслужанаму адпачынку.
Калісьці даўно, галоўны герой не выратаваў кампаньёна на высокім гмаху. З тых часоў ён пакутуе на галавакружэньне нават стоячы на крэсьле.
Гэтая акалічнасьць яшчэ згуляе зь ім у небясьпечна-сьмяротную гульню. Паспрабуйце разам зь ім не заблытацца ў тым, што адбываецца на экране. Можна нарвацца і на параною. Ідэальны фільм для вечаровага прагляду.
Нумар 5. Бэн-Гур (Ben-Hur). 1959

Фільм заснаваны на рамане Лью Ўолеса 1880 года, апавядае пра Юду Бэн-Гура, габрэйскага прынца, несправядліва абвінавачанага ў здрадзе свайму сябру дзяцінства, які стаў рымскім трыбунам Месалам.
Праца Ўайлера карыстаецца тэхнічнымі дасягненьнямі эпохі гуку і колеру. Гэтая вэрсія прапануе больш псыхалягічна складанае адлюстраваньне сваіх герояў. Знакамітыя гонкі на калясьніцах застаюцца эталёнам якасьці і ў наш час.
Больш раньняя вэрсія 1925 году, хоць і дэманструе біблейскія сцэны, але больш суадносіць іх з агульнай эпапеяй, а не з маральнымі ўрокамі.
Абодва фільмы маюць моцны хрысьціянскі голас. Аднак вэрсія 1959 году паказвае выразную выяву Хрыста і больш канкрэтнае пасланьне прабачэньня.
Бэн Гур 1959 году да гэтага дня зьяўляецца рэкардсмэнам па колькасьці ўзнагародаў Оскар. Стужка атрымала 11 статуэтак, у тым ліку і за лепшы фільм года. З тых часоў толькі 2 стужкі здолелі паўтарыць дасягненьне: Тытанік у 1997 годзе і Ўладар Пярсьцёнкаў у 2003.
Нумар 4. Мальтыйскі сокал (The Maltese Falcon). 1941

Фільм з непаўторным Хамфры Богартам у галоўнай ролі – гэта кінаскарб, які, як кажуць у такіх выпадках, вытрымаў выпрабаваньне часам, увасабляючы сабою саму сутнасьць фільма жанру нуар. Стужка, зьнятая Джонам Х'юстанам, стала яго рэжысэрскім дэбютам. А колькі выбітных працаў было пасьля!
Фільм пачынаецца з таямніцы, якая хутка перакручваецца ў цэлую сетку падманаў і небясьпекаў, якія чакаюць галоўнага героя. Богарт грае дэтыктыва, якому неабходна разблытаць вельмі пакручастую гісторыю. Сцэнар, заснаваны на рамане Дэшыла Хамэта, стварае складаную рэчаіснасьць, у якой кожны герой хавае таямніцы.
Нумар 3. Філадэльфійская гісторыя (The Philadelphia Story). 1940

Гэтая камедыя Джорджа Кьюкара займае асобнае месца сярод лепшых прадстаўнікоў жанру ў гісторыі.
Кэтрын Хёпбэрн зьзяе тут у ролі маладой сьвецкай ільвіцы, на вясельле якой запрошаныя шматлікія госьці і прэса. Усё мусіць адбыцца праз некалькі дзён, але ў загарадны дом, месца цырымоніі, якая мае адбыцца, прыяжджае былы муж гераіні ў выкананьні Кэры Гранта, а таксама пара незапрошаных журналістаў, якія мараць зрабіць сакавіты рэпартаж. Аднаго зь іх грае выдатны Джэймс Сьцюарт.
Фільм абавязковы для прагляду аматарам вечных рамантычных камедый і клясычнага галівудзкага глямуру.
Нумар 2. Касабланка (Casablanca). 1942

Стужка Майкла Кёрціса – гэта адна з галоўных цаглінаў у гісторыі кіно. Такіх геніяльных і прыгожых фільмаў надзвычай мала, і вам проста абавязкова неабходна азнаёміцца з гэтым шэдэўрам кінематографу.
Дзеяньне адбываецца ў бурлівым мараканскім горадзе падчас Другой Сусьветнай вайны, калі, здавалася б нэйтральная тэрыторыя становіцца арэнай схаваных інтрыгаў і падрыхтоўкі шпіёнскіх апэрацыяў.
Інгрыд Бэргман і Хамфры Богарт граюць былых каханкаў, што выпадкова становяцца ўцягнутыя ў вір нечаканых падзеяў.
У сёньняшнім сьвеце, дзе фільмы прыходзяць і сыходзяць праз некалькі месяцаў, «Касабланка» зьяўляецца яскравым сьведчаньнем залатога стагодзьдзя Галівуду. Менавіта такія стужкі нагадваюць нам пра магію, якую фільмы могуць стварыць.
Нумар 1. Вакно ўва двор (Rear Window). 1954

Калі так сталася, што вы яшчэ не пачыналі глядзець іншыя фільмы Альфрэда Хічкока, гэта – нашая галоўная рэкамендацыя. Найлепшы твор у жыцьці рэжысэра з бліскучымі Джэймсам Сьцюартам і Грэйс Келі ў галоўных ролях.
Як вы думаеце, чым будзе займацца знакаміты фатограф, чыя паездка ў даль-далячынь накрылася праз нечакана зламаную нагу? Ён усё адно працягне назіраць за тым, што адбываецца вакол, у нашым выпадку, праз вакно – ў кватэрах дома насупраць. Заўважаючы рэчы вакол, ён часам прапускае пяшчоту пад носам, якую прапаноўвае гераіня Грэйс Келі.
Як вы думаеце, што можа адбыцца ў стужцы Альфрэда Хічкока? Забойства! Аднак сьведкаў няма, ёсьць толькі ўяўленьне галоўных герояў. Ці было яно ўвогуле перад іх носам, ці проста знаходжаньне ў чатырох сьценах непазьбежна будзе ўплываць на псіхіку?
Прыемнага прагляду!