Топ-10 фільмаў пра махлярства

Вас могуць падмануць на працы, дома, пры прагнозе надвор'я і набыцьці хлеба. Махляры толькі і чакаюць зручнага моманту: гэта сумная рэчаіснасьць, у якой жыве чалавецтва спрадвек. Мы склалі аўтарскі сьпіс лепшых стужак на гэтую тэму. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Анатомія падзеньня (Anatomie d'une chute). 2023

anatomie_d_une_chute_1.jpeg

Добрыя французскія фільмы апошнім часам на вагу золата. Жусьцін Трые здолела зьняць не шэдэўр, але вельмі добры дэтэктыў. Уся ўвага напрацягу стужкі трымаецца на акторцы Сандры Хюлэр, якая грае дастаткова папулярную пісьменьніцу, якая вымушаная жыць з мужам па яго жаданьні ў доме, што знаходзіцца далёка ад цывілізацыі ў французскіх гарах.

Разам зь імі жыве іх маленькі сын, які амаль не бачыць, і адрозьнівае толькі невялікія адценьні сьвятла альбо цемры. Не самае цікавае і багатае на прыгоды жыцьцё сямейнай пары раптоўна перажывае шакавальную падзею, якую не будзем называць.

Далейшая крымінальна-дэтэктыўная гісторыя зацягвае ўсё новымі і новымі аспектамі, якія адкрываюцца з часам. Упрынцыпе неблагі фільм, з нераскрытым на поўніцу патэнцыялам. Адносіны са шкілетамі ў шафе чакаюць гледачоў. Гэтая стужка два гады таму перамагла ў Канах і атрымала Залатую пальмавую галіну.

Нумар 9. Быць Стэнлі Кубрыкам (Colour Me Kubrick: A True...ish Story). 2005

colour_me_kubric.jpg

Фільм заснаваны на дзіўнай рэальнай гісторыі Алана Конвэя, які сумна вядомы ўвасабленьнем легендарнага рэжысэра Стэнлі Кубрыка, нягледзячы на тое, што ведаў пра яго вельмі мала. У ролі гэтага чалавека Браян Кук, рэжысэр стужкі, зьняў Джона Малкавіча.

Гэта адначасова біяграфічны фільм, а таксама сатырычны камэнтар аб прыродзе славы і даверлівасьці тых, хто спакушаны ёю. Джон Малкавіч выдатна адлюстроўвае харызму і дзёрзкасьць чалавека, які падмануў лёнданскую эліту, якая паверыла, што ён адзін з найвялікшых рэжысэраў кіно.

Камічная і адначасова трагічная гісторыя падкрэсьлівае абсурднасьць ашуканства Конуэя. Гледачы становяцца сьведкамі глыбокай адзіноты героя, які вылілася ў такой экстравагантнай манэры.

Нумар 8. Стукач (Le doulos). 1962

le_doulos_1.jpg

Праца рэжысэра Жана-П'ера Мэльвіля зьяўляецца яркім прыкладам французскага фільма нуар, дзе Жан-Поль Бэльмандо бліскуча выконвае ролю чалавека, ахутанага неадназначнасьцю і падманам. Гэты фільм выдатным чынам заключае ў сабе сутнасьць жанру нуар праз яго складаны сюжэт, насычаную ценямі апэратарскую працу і маральную складанасьць герояў.

Напачатку герой Бэльмандо паказаны паліцэйскім інфарматарам, які за розную драбязу здае ў органы крымінальныя афёры. Але далей яго сапраўдныя матывы і становяцца ўсё больш складанымі.

Нумар 7. Матч пойнт (Match Point). 2005

match_point_1.jpg

Бліскучая супольная праца Скарлет Ёхансэн і Вудзі Алена. У гэтай стужцы рэжысэр крыху адыходзіць ад звыклай камедыйнай афарбоўкі сваіх фільмаў, і сыходзіць у больш змрочныя і складаныя тэмы.

Гісторыя разгортваецца вакол былога тэнісіста, які ўваходзіць у сьвет лёнданскай эліты. Скарлет грае пачатковую акторку, якая таксама трапляе ў гэтую супольнасьць. Яе гераіня прасякнутая прывабнасьцю і вялікай уразьлівасьцю, што і прымушае падзеі ў гісторыі разгортвацца вакол яе. Напружаньне ў заблытаных адносінах галоўных герояў павялічваецца, пакуль не даходзіць да непазьбежнага выбуху.

Скарлет звыш таленавіта здолела паказаць мары і расчараваньні сваёй гераіні.

Нумар 6. Шырока заплюшчаныя вочы (Eyes Wide Shut). 1999

eyes_wide_shut_2.webp

Стужка, якая не падыйдзе для дзяцей. Гэты твор пры паказе на ТБ рэзалі, бо апошні фільм Стэнлі Кубрыка быў выбухным.

«Шырока заплюшчаныя вочы» лічыцца адным з самых загадкавых фільмаў рэжысэра. Ніколь Кідман і Том Круз, якія граюць сямейную пару, і ў жыцьці на той час былі ў шлюбе. Гэта дадавала дадатковай эмацыйнасьці і жарсьці стужцы.

Правакацыйнае кіно, якое кідае гледачоў у сьвет здрады, пошуку даверу і цёмных бакоў сумеснага жыцьця. Герой Тома Круза атрымліваецца ўцягнутым у заблытаныя правілы жыцьця вышэйшага сьвету, дзе пад маскаю ўпарадкаванага існаваньня знаходзіцца поўная супрацьлегласьць. Таемныя вечарыны, дзе можа адбыцца ўсё што заўгодна.

Сам Стэнлі Кубрык недажыў некалькі тыдняў да сусьветнай прэм’еры ўласнага шэдэўра.

Нумар 5. Вялікі дыктатар (The Great Dictator). 1940

the_great_dictator_.avif

Кожны дробны дыктатарчык і той, хто толькі марыць такім стаць, безумоўна павінны паглядзець гэты шэдэўр. Чарлі Чаплін здолеў праз стужку зрабіць магутнае выказваньне як сучасьнікам так і наступным пакаленьням.

Трыюмфальны антываенны фільм паказвае Гітлера і вайскоўца варожай арміі, якія праз вонкавае падабенства ў пэўны момант зьмяняюцца месцамі. Сатырычная карціна была забароненая ў Нямеччыне і тых краінах, якія былі пад яе акупацыяй на момант выхаду ў сьвет.

Нумар 4. Мэвэрык (Maverick). 1994

maverick_1.jpg

Рычард Донэр зьняў цудоўны фільм, дзе вэстэрн спалучаецца з камедыйнымі ноткамі. Гледачы трапяць на Дзікі Захад, а Мэл Гібсан выконвае галоўную ролю харызматычнага і хітрага гульца ў покер, які імкнецца назьбіраць дастаткова грошай, каб прыняць удзел у гульні з высокімі стаўкамі.

Стаўка можа быць значна больш вялікай за любую суму даляраў. Паставіць сваё жыцьцё на магчымую перамогу – значыць рызыкнуць раз і назаўжды. Разам з Гібсанам у фільме зьзяе Джодзі Фостэр, якая якраз была на вышыні сваёй акторскай кар’еры.

Нумар 3. Воўк з Уол-Стрыт (The Wolf of Wall Street). 2013

the_wolf_of_wall_street_6.webp

Марцін Скарсэзэ зьняў сваю другую галоўную зорку жыцьця, пасьля Робэрта Дэ Ніра – таксама актора з італьянскімі каранямі — Леанарда Дзі Капрыё. Акрамя яго стужка поўная знакамітых актораў, сярод якіх Марго Робі, Мэцью МакКонахі. Мы ўбачым узьлёт і падзеньне брокера ў выкананьні Дзі Капрыё.

Сьвецкае жыцьцё перамяжоўваецца з карупцыяй, злачыннасьцю і арыштамі. Кампанія галоўнага героя перажывае хуткі рост з 20 супрацоўнікаў да 250-ці, што тлумачыцца буйным ростам іх актываў і абаротаў. Але заўжды жадаецца больш.

Тое, што павінна стрымліваць — законы фінансавага сьвету — не бяруцца пад увагу. Рост, які немагчыма кантраляваць. Карупцыя, якая зьядае цябе з сярэдзіны. Бліскучая роля Леанарда Дзі Капрыё.

Нумар 2. На яскравым сонцы (Plein soleil). 1960

plein_soleil_1.jpg

Гэтая стужка Рэнэ Клемана падаравала Францыі сьвежую суперзорку. Гэта быў Алэн Дэлон. У наш час ня так шмат хто знаёмы з фільмам, але нашая безумоўная парада: абавязкова зрабіце гэта як найхутчэй. Менавіта тут на экраны быў вынесены знакаміты ўжо вобраз Рыплі, які ў 1999 годзе бліскуча быў выкананы Мэтам Дэйманам у Таленавітым містэры Рыплі.

Гледачы трапляюць у сьлед героям на Французскую Рыўеру у жахлівую гісторыю аб падмане і забойстве. Чалавечая зайздрасьць ня мае межаў, калі перад табою ўсё хараство вонкавага сьвету: грошы, жанчыны і яхты на Міжземным моры. Дзеля такой мары трэба толькі пастарацца. На шляху толькі некалькі жыцьцяў і безьліч злачынстваў.

Нумар 1. Брудныя гнілыя нягоднікі (Dirty Rotten Scoundrels). 1988

dirty_rotten_scoundrels_1.webp

Падрыхтуйцеся ўвесь час прагляду захапляцца бясконцымі жартамі і сьмешнымі сытуацыямі, якія ў сваім фільме паказаў Фрэнк Оз. Ён нібы чараўнік з той самай казачнай краіны паставіў сцэны, у якіх два махляры – адзін дасьведчаны і арыстакратычны, а другі просты чалавек, што марыць падманваць людзей – змагаюцца за права стаць нумарам адзін на прывабным курорце.

Ніхто не жадаў саступаць – гэта пра герояў стужкі. Свій прыбытак яны атрымлівалі праз ашуканьне даверлівых паненак розных узростаў. Тыя па сваёй волі пазбаўляліся вялікіх сумаў грошаў, каб дапамагчы неісным хворым сваякам махляроў, альбо ветэранскім арганізацыям, альбо барацьбітам з рэжымам.

Яскравая камедыя – прыйдзецца да спадобы ўсім.

Прыемнага прагляду!