Топ-10 фільмаў, зьнятых рэжысэрамі старэйшымі за 75 гадоў
Яны маглі б сысьці на пэнсію. Замест гэтага яны ўвайшлі ў гісторыю. Хаця большасьць з узростам запавольвае тэмп, гэтыя рэжысэры працягвалі працаваць і стварылі адны з самых сьмелых і глыбокіх фільмаў у сваёй кар'еры пасьля 75 гадоў (а некаторыя і ў 94!). Мы склалі аўтарскую падборку з дзесяці лепшых фільмаў. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Фабэльманы (The Fabelmans). 2022

Стужка «дыназаўра» Галівуда Стывена Спілберга апавядае пра інтымныя моманты дзяцінства і сталеньня будучага рэжысэра. Кінаакадэмікі любяць фільмы пра кіно, таму абмінуць новую працу жывой легенды тры гады таму яны не змаглі. На жаль, у адрозьненьні ад падобнага ж аўтабіяграфічнага фільма «Новы кінатэатар Парадыза» (1988), што зьняў Джузэпэ Тарнаторэ, дзе маленькі герой сутыкаецца з дзівосным новым сьветам кінематографу і разам са сталым кінамеханікам праз сяброўства атрымлівае пакліканьне здымаць, у стужцы Спілберга магія амаль адсутнічае.
Несумненна ўдалымі зьяўляюцца пачатковыя сцэны з маці і першая спроба зьняць крушэньне дзіцячай чыгункі на татаву камэру, а таксама апошнія, дзе малады Спілберг на некалькі хвілінаў апынаецца ў кабінэце легендарнага рэжысэра Джона Форда. Атрымалася б цудоўная кароткамэтражка на хвілінаў дваццаць.
А вось тое, што уключанае паміж – выклікае няёмкае пачуцьцё, нібы зазірнуў на кухню незнаёмых людзей, а яны акурат занятыя тым, што высьвятляюць ці наадварот спрабуюць замоўчваць нюансы адносінаў.
Нумар 9. Магія ў месячным сьвятле (Magic in the Moonlight). 2014

У сваёй магіі Вудзі Ален пераносіць гледачоў на асьляпляльную Французскую Рыўеру 1920-х гадоў. Яшчэ адна праца паважанага рэжысэра, якой магло ня быць, і сьвет не стаў бы больш бедным. Стужка пакідае па сабе ўражаньне цёплай сустрэчы, у якой прысутнічалі ўсе неабходныя элементы, але не хапіла солі пры падачы галоўнай стравы.
Колін Фёрт і Эма Стоўн стараюцца як могуць, але сцэнар не дазваляе ім выглядаць пераканаўча. Гісторыя апавядае пра тое, як стомлены жыцьцём ілюзіяніст імкнецца выкрыць містычныя здольнасьці гераіні Стоўн і паказаць яе ў выглядзе махляркі, якая падманвае салідных паннаў на ўзьбярэжжы.
Зрэшты, а што калі яе сувязь з памерлымі сапраўды існуе?
Нумар 8. Я, Даніэл Блэйк (I, Daniel Blake). 2016

Стужка рэжысэра Кена Лоўча перамагла на Канскім кінафэсьце. Яна пра чалавечнасьць і пра абыякавасьць. У наш час паралельныя плыні рэдка перасякаюцца. Але дзеля іх і варта жыць. Дэніэл Блэйк – гэта 59-гадовы цесьляр, які апрытомнеў ад сардэчнага прыступу, і змагаецца з бюракратычнай машынай Брытаніі пасьля таго, як яго прызналі непрыдатным да працы. Разам з гэтым ён не мае права на ніякія ільготы.
Гэтая стужка – напамін пра тое, што дабрачыннасьць пачынаецца не з шырокіх жэстаў, а з таго, каб убачыць і дапамагчы чалавеку побач.
Нумар 7. Прысяжны нумар два (Juror #2). 2024

Клінт Іствуд, якому праз тыдзень споўніцца 95 (!) летась прэзентаваў пакуль што апошнюю сваю працу. Адкуль бярэцца натхненьне, энэргія і жаданьне ў гэтага чалавека – немагчыма сказаць дакладна. У Беларусі, на жаль, людзі ўдвая маладзейшыя часта ўжо адчуваюць, што жыцьцё скончанае, і яго трэба неяк дацягнуць да фіналу.
Мой улюбёны рэжысэр усіх часоў зьняў дастаткова спакойны, упэўнены фільм пра суд, забойства, душэўныя перажываньні. На экране – захапляльная гісторыя, у якой чалавек павінны зрабіць страшэнны выбар – ці то выдаць сябе, ці то сваімі дзеяньнямі кінуць за краты невінаватага.
Нумар 6. Сьцягі нашых бацькоў (Flags of Our Fathers). 2006

Напрацягу месяца ў 2006 годзе выйшлі ў пракат дзьве стужкі Клінта Іствуда, якія апавядаюць пра адну і тую ж падзею. Справа вядзецца пра вайсковую аперацыю ля японскай Іва Дзімы ў пачатку 1945 года. Тыя баі перагарнулі ход вайны на ўсходнім фроньце. Клінт Іствуд стварыў два раўназначна магутных фільма – адзін з пункту гледжаньня амэрыканцаў, а другі – вачыма японцаў.
Гэтая стужка знаёміць глядачоў з легендарнай гісторыяй аднаго здымку, які бачыў, верагодны кожны. Вайскоўцы ўздымаюць сьцяг. У гэтым здымку бясконца шмат патрыятычнага гераізму, але што па-за знакамітай рэліквіяй вайны? Голас па-за кадрам, які належыць Іствуду, кажа, што кожны марскі пяхотнік з ахвотай пакінуў бы сваю вайсковую частку, калі б атрымаў магчымасьць вярнуцца дадому.
Нумар 5. Бойня (Carnage). 2011

Тэатральная пастанова на вялікім экране – менавіта так можна апісаць камэрны фільм вялікага Рамана Паланскі. 4 чалавекі, дзьве пары бацькоў, вырашаюць абмеркаваць нядаўні інцыдэнт у школе іх дзяцей. Прыстойны выгляд, шляхетнае віно і, на першы погляд, фармальная сустрэча перарастае ў сапраўдную бойню.
Не, вы вядома не падумайце, гэта не крывавы хорар, але словы могуць рэзаць гэтак жа востра, як зброя. Шыкоўны акторскі склад, у якім Кейт Уінслет, Джодзі Фостэр, Крыстоф Вальц і Джон Сі Райлі.
Пасядзіце ціхенька ў куточку, бо адчуваньне пры праглядзе будзе вельмі падобным, і паназірайце: гэта мы з вамі, яны з тымі ў любой сітуацыі.
Нумар 4. Забойцы кветкавага месяца (Killers of the Flower Moon). 2023

Марцін Скарсэзэ здымае так, што з першых кадраў разумееш, што цябе чакае шыкоўная гісторыя. Адзінае чаго нельга сказаць адразу – да якой ступені крутым будзе фільм. Майстэрства Скарсэзэ, а яму зараз 82 гады, можна параўнаць зь іншым выбітным рэжысэрам сучаснасьці, 95-гадовым Клінтам Іствудам.
Стужка пераносіць гледачоў у 1920-я гады, у час, калі індзейцаў ужо не адстрэльвалі, але трымалі ў рэзэрвацыях. Асобным плямёнам шанцавала асабліва, калі на іх тэрыторыі знаходзілася радовішча нафты, як, напрыклад асэйджы. Менавіта іх драматычную і крывавую гісторыю распавядае Марцін Скарсэзэ праз герояў белых людзей, што ўключыліся ў складанае перапляценьне матывацый і ўчынкаў дзеля таго, каб завалодаць чорным золатам.
Страшэнны і дальнабачны герой Робэрта Дэ Ніра разам з недалёкім пляменьнікам у выкананьні Леанарда Дзі Капрыё напрацягу ўсяго фільма будуць прычынаю загадкавых для некаторых, але цалкам зразумелых для іншых, серыяй забойстваў індзейцаў. Як вядома, пасьля сьмерці чалавека нехта іншы ўспадкоўвае яго маёмасьць. І для героя Дэ Ніра нехта іншы доўно зразумелы – і для дасягненьня задуманага неабходна ісьці да канца.
Фільм Марціна Скарсэзэ манумэнтальны. Гэта прыклад таго, як зрабіць кіно, якое будзе прысутнічаць у «залатой калекцыі» сусьветнага кінамастацтва.
Нумар 3. Падмена (Changeling). 2008

Шэдэўр, зьняты шаноўным Клінтам Іствудам, — гэта фільм, які пераклікаецца з рэхамі мінулай эпохі. Рэжысэр па-майстэрску пераносіць сваіх гледачоў у Лос-Анджэлес 1928 года. Стужка заснаваная на сапраўднай гісторыі жанчыны пра яе нястомныя пошукі зьніклага сына.
У фільме вы будзеце захопленыя гульнёй Анджэліны Джалі, яе кранальнасьць, а ў іншых момантах рашучасьць гераіні, скіроўвае нас да лепшай ролі акторкі. Клінт Іствуд, як сапраўдны рэспубліканец, не баіцца жорстка і па справе абвінавачваць дзяржаўныя органы ў інстытуцыйных правалах.
Джон Малкавіч у фільме грае ролю другога пляну – пратэстанцкага пастара, які спрабуе выцягнуць галоўную гераіню з пекла адчаю. Іствуду атрымліваецца пераканаўча давесьці небясьпечную ролю мэдыя ў справе пабудовы грамадзкага меркаваньня. Карупцыя ў дзяржаўных органах, у тым ліку паліцыі – хвароба, якую ўсё ніяк не ампутуюць.
Нумар 2. Ірляндзец (The Irishman). 2019

Гэтай стужкай Марцін Скарсэзэ нібы падвёў пяцідзесяцігадовы перыяд уласнай творчасьці пра мафію. Дзякуючы Нэтфлікс, яму атрымалася знайсьці фінансаваньне свайго масштабнага праэкту, у якім выкарыстоўваліся найноўшыя здабыткі ў вытворчасьці фільмаў. У сувязі з гэтым стала магчымым фантастычнае пераўвасабленьне амаль без накладаньня грыму галоўных герояў ад трыццацігадовых мужчынаў да састарэлых дзядуляў.
У адным фільме сыйшліся Робэрт Дэ Ніра, Аль Пачына і Джо Пешы. Сюжэт закручаны вакол прафсаюзнай дзейнасьці героя Аль Пачына. Ён перакручвае працоўнае аб’яднаньне пад свае крымінальныя патрэбы. Дэ Ніра грае кілера, якога наймаюць, каб вырашыць справу дакладна.
Выдатныя дыялёгі і бліскучае выкананьне мастадонтаў кіно пераўтварае гэты нядаўні фільм у сапраўдную клясыку.
Нумар 1. Гран Тарына (Gran Torino). 2008

Гэты моцная і непахісная заяўка на бессьмяротнасьць кіно, якое стварае Клінт Іствуд. Ён дасьледуе чалавека праз яго ўзаемадзеяньне з навакольным. У гэтай працы рэжысэр дасьледуе пытаньні ўзросту, расы, адкупленьня. Бліскучы фільм бліскучага майстра.
Іствуд грае нядаўна аўдавелага ветэрана Карэйскай вайны, які змагаецца з культурнымі зьменамі ў сваім раёне, дзе традыцыйныя амэрыканскія каштоўнасьці зьнікаюць, а бандыцкі гвалт каляровых меншасьцяў узмацняецца.
Мы ўбачым як зьмяняецца герой Клінта, шмат у чым насуперак уласным перакананьням. Іствуд грае да такой ступені пераканаўча, што зьдзіўляешся, у якім тонусе знаходзіцца паважанага веку (і гэта 15 гадоў таму!) чалавек.
Што такое Гран Тарына? Гэта клясычная мадэль Форда, якая стаіць у гаражы героя Клінта Іствуда і чакае свайго часу, каб выбрацца ў сьвет.
Прыемнага прагляду!