Топ-10 фільмаў пра Сіцылію
Адзін з найпрыгажэйшых куткоў сьвету заўсёды прыцягваў увагу кінематаграфістаў. Мора, сонца, сям’я і, вядома ж, мафія. Вельмі часта немагчыма ўявіць адно без іншага. Розныя аспекты, якія яднаюцца самым галоўным – любоўю да Сіцыліі. Мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак пра выспу ў Міжземным моры. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Джавані Фальконэ (Giovanni Falcone). 1993

Імклівы, ледзьве не дакумэнтальны фільм, створаны па гарачых і, на жаль, крывавых сьлядах. 1992 год прынес шакавальныя забойствы двух знакамітых барацьбітоў з арганізаванай злачыннасьцю – пракурораў Джавані Фальконэ і Паола Барсэліна. Дзякуючы іх намаганьням былі пасаджаныя тысячы мафіёзі, але ўдар у адказ быў таксама страшэнны.
Галоўную ролю ў фільме выконвае Мікеле Плачыда, вядомы таксама па тэлесэрыялу Спрут, пра камісара Катаніі. Стужка багата насычаная імёнамі сіцылійскіх палітыкаў, злачынцаў, бізнэсоўцаў. Аўтары імкнуліся закінуць гледачоў у самае пекла барацьбы з мафіяй. Складаны, але неабходны для прагляду фільм.
Дарэчы ў наш час галоўны аэрапорт Сіцыліі ў Палерма мае назву ў гонар Фальконэ і Барсэліна.
Нумар 9. Пра майго бацьку (About My Father). 2023

Калі Робэрту Дэ Ніра паказвалі сцэнар, ён верагодна падумаў: «Зноў сіцыліец, колькі можна!». Але, дзякаваць Богу, падпісаўся на гэты праэкт. Сьвежы фільм маладой рэжысэркі Лоры Тэруза прапануе гледачам такі ж сьвежы погляд на клясычную гісторыю, у якой нявеста ці жаніх знаёміць сваю сям’ю з абраным чалавекам і яго сям’ёй.
У дадзеным выпадку стужка трымаецца на харызме Робэрта Дэ Ніра, які воконвае ролю грамадзяніна ЗША, што некалькі гадоў таму пакінуў сваю Сіцылію ў пошуках лепшай долі. Яго ўжо вельмі дарослы сын у выкананьні Сэбасьцьяна Маніскалка (зьвярніце ўвагу на яго імя ў фільме – яно засталося такім самым!) атрымлівае запрашэньне ад сваёй нявесты правесьці выходныя на шыкоўнай віле яе бацькоў.
Нявеста ставіць адну ўмову: бацька яе абранага мусіць паехаць таксама. Не сумнявайцеся, вас чакаюць вельмі сьмешныя моманты пры несупадзеньнях герояў у сацыяльным статусе і нацыянальных асаблівасьцях. Лёгкі і прыемны фільм.
Нумар 8. Клян сіцылійцаў (Le clan des siciliens). 1969

Крымінальная драма, у якой сышліся французскія зоркі кіно: акрамя Жана Габэна, у галоўных ролях задзейнічаныя Алэн Дэлон і Ліна Вэнтура. Вядома, зь іх траіх толькі адзін мог бы выканаць ролю кіраўніка сіцылійскага мафіёзнага кляну. І як выканаць! Жан Габэн паказвае на ўласным прыкладзе, што ўвогуле азначае быць акторам. Яго шырыня таленту зьзяе нават, калі ён маўчыць і не рухаецца.
Адзін позірк, адна сэкунда на экране – і гледачы атрымліваюць менавіта тое пасланьне, якое было задуманае рэжысэрам. Музыка Эніа Марыконэ дадае важкасьці фільму.
Сюжэт жа гэтай карціны разгортваецца вакол старанна расплянаванага рабаваньня.
Нумар 7. Прызнаньне камісара паліцыі пракурору рэспублікі (Confessione di un commissario di polizia al procuratore della repubblica). 1971

Выдатная праца рэжысэра Даміяна Даміяні, якая пабачыла сьвет у жорсткія часы сапраўднай вулічнай вайны на Сіцыліі. Забойствы цягнулі за сабою новыя і новыя крывавыя расправы. Паліцыя імкнулася рассьледваць злачынствы, але ў пэўных кабінэтах сядзелі людзі, якім гэта было непатрэбна. Больш за тое, яны спрыялі безнаказанасьці босаў арганізаванай злачыннасьці.
На сцэну выходзіць новы малады пракурор у выкананьні Франка Нэра, які сутыкаецца з камісарам паліцыі, які ўжо пабачыў усё. Той разумее амаль безперспэктыўнасьць асабістага супраціву мафіі, але спрабуе маленькія крокі. Ролю камісара бліскуча выканаў амэрыканскі актор Марцін Болсам.
І аднаму і другому прыйдзецца ўбачыць шмат новага на вуліцах і афіцыйных кабінэтах Палерма.
Нумар 6. Кабірыя (Cabiria). 1914

Сто адзінаццаць гадоў таму быў зьняты цудоўны, вельмі доўгі фільм пра гісторыю Сіцыліі. Ня варта баяцца таго факту, што стужка выйшла яшчэ да Першай сусьветнай вайны – гадзіны пралятуць хутка і з цікавасьцю.
Праца Джавані Пастронэ апісвае старажытны час, калі за Сіцылію адбывалася вайна паміж Рымам і Карфагенам. Гэта была Другая пунічная вайна, і аўтар на прыкладзе адной шляхетнай паненкі паказвае жахі і веліч мясцовага народу. Напачатку фільма вельмі рэалістычна зьнятае вывяржэньне вулкана Этна, які ў той час фактычна сьцер з твару зямлі горад Катанію. Лёс дзяўчынкі Кабірыі, якая апынулася напачатку ў руках ворагаў, трымае ў трымценьні да самага фіналу.
Нумар 5. Стромбалі, зямля Бога (Stromboli Terra di Dio). 1950

Вялікі італьянскі рэжысэр Рабэрта Расэліні зьняў сваю жонку Інгрыд Бэргман у цяжкім, складаным, нават скандальным фільме пра маленькую выспачку, што знаходзіцца ля сіцылійскага горада Мэсіна. Гэтая поўная жарсьці і невыноснай тугі стужка апавядае пра жанчыну, што паходзіць амаль з Беларусі, а дакладней з берагоў Балтыкі. Па вайне яна апынаецца ў лягеры для перасунутых асобаў, і каб застацца на Захадзе, згаджаецца на шлюб з першым сустрэчным.
Той распавядае ёй пра ўласны дом у Міжземным моры і апісвае бліскучую будучыню. Аднак калі маладая пара прыяжджае на месца, гераіня Інгрыд Бэргман сутыкаецца з балючай рэчаіснасьцю: «дом» яе мужа – гэта амаль разваленая хібара на скалістай маленькай выспе, пасярэдзіне якой – вулкан, які вельмі часта вывяргае на жыхароў лаву і град камянёў.
Жанчына не знаходзіць паразуменьня з нешматлікімі насельнікамі Стромбалі, і задумваецца пра пабег.
Нумар 4. Баарыя (Baarìa). 2009

Прызнаньне ў каханьні да Сіцыліі і да роднага горада ад рэжысэра Джузэпэ Тарнаторэ. Баарыя – гэта сіцылійская назва горада, які сёньня на мапах пазначаны, як Багерыя. Гэты фільм яднае ў сабе апісаньне жыцьця і выжываньня некалькіх пакаленьняў адной сям'і. Гісторыя каханьня на фоне жорсткіх палітычных рознагалосьсяў.
І, як ня дзіўна, аглядаючыся на дзесяцігодзьдзі таму, прыходзіш да высновы, што апроч новых марак машынаў ці модных сукенак, мала, зусім мала што зьмянілася ў такіх месцах. Цалкам можна ўявіць і сёньня, як хлопчык вядзе па цэнтральнай вуліцы карову і цэдзіць малако для жыхароў, якія клічуць яго тут і там.
Нумар 3. Новы кінатэатар «Парадыза» (Nuovo Cinema Paradiso). 1988

Джузэпэ Тарнаторэ стварыў кранальную гісторыю, у якой маленькі хлопчык у маленькім сіцылійскім гарадку Багерыя так любіць кіно, што напрашваецца ў дапамогу сталаму чалавеку, які круціць запаветныя стужкі ў кінатэатры. Прыгожая гісторыя аб шчырым сяброўстве, якое нараджаецца ў хлопчыка і мужчыны.
Пасьля вайны ў Багерыі не засталося ніякай іншай радасьці, акрамя як схадзіць у кінатэатар. Апроч прагляду, жыхары пасьпяваюць пражываць там і ўсё жыцьцё — дамаўляцца аб працы, ладзіць спатканьні, забойствы і ўсё астатняе.
Кадры стужкі прапітаныя шчырымі пачуцьцямі рэжысэра да роднага горада. Тарнаторэ нарадзіўся ў Багерыі, і сам фільм можа быць апісаны як у значнай ступені аўтабіяграфічны.
Нумар 2. Хросны Бацька ІІ (The Godfather: Part II). 1974

Лепшы фільм года па вэрсіі амэрыканскай кінаакадэміі, у якім атрымалася спалучыць двух тытанаў акторскага майстэрства – Аль Пачына і Робэрта Дэ Ніра. У кадры яны так і не сустрэнуцца разам, бо першы грае сына другога, чые раньнія гады мы ўбачым ў рэтраспэктыве. Дэ Ніра адмыслова для фільма вывучыў сіцылійскую мову, каб максімальна дакладна перадаць асблівасьці свайго героя – легендарнага Віта Карлеонэ.
Можна спрачацца, якая з першых двух частак Хроснага бацькі лепш, але мы аддамо перавагу фільму 1972 года. І больш падрабязна пра гэта глядзіце на пару радкоў ніжэй.
Нумар 1. Хросны Бацька (The Godfather). 1972

Найлепшы фільм у гісторыі па вэрсіі аўтара кінападборак на «Новым Часе», а таксама на думку тысячаў і тысячаў іншых закаханых у кіно. Фрэнсіс Форд Копала мог сапраўды сканчваць кар’еру ўжо пасьля гэтай стужкі – і застацца ў пантэоне самых выбітных рэжысэраў.
Гісторыя сям’і Карлеонэ – Віта, які са спужанага сіцылійскага хлопчыка, у якога былі забітыя бацькі, стаў галавой самай значнай мафіёзнай сям’і Амэрыкі, а таксама яго дзяцей, перадусім – Майкла Карлеонэ.
У фільме па-майстэрску адлюстраваны бязьлітасны, але пераканаўчы сьвет арганізаванай злачыннасьці. Сцэнар, напісаны сумесна Копалай і аўтарам рамана Марыё Пьюза, зьяўляецца сапраўдным творам мастацтва, у якім лёгка спалучаюцца тэмы сям'і, вернасьці, улады і здрады.
Кожны герой стужкі валодае незабыўнай індывідуальнасьцю. Нават гангстэр, што зьявіцца на некалькі сцэнаў будзе мець сваю адметнасьць. Акторскі склад, быць можа, стаўся самым моцным ансамблем у гісторыі кіно. Марлон Брандо, Аль Пачына, Джэймс Каан, Роборт Дзювал, Даян Кітан, Джон Казале – кожнае з гэтых імёнаў выклікае піетэт.
Культавы пачатак фільма, у якім Віта Карлеонэ сядзіць у сваім фатэлі ў цёмным пакоі, трымае на каленях котку і выслухоўвае просьбы гасьцей вясельля сваёй дачкі – адзін з прыкладаў вытанчанай аператарскай працы, што будзе суправаджаць гледачоў напрацягу ўсёй карціны.
Адна з самых пазнавальных музычных працаў у кіно – гэта саўндтрэк, які напісаў Ніна Рота. Пачуеце раз – і будзеце прайграваць у памяці ўсё жыцьцё.
Прыемнага прагляду!