Лекара Руслана Бадамшына затрымалі ў пяты раз

Раніцай 24 сакавіка па дарозе на працу зноў затрымалі лекара Руслана Бадамшына. Паводле слоў яго жонкі Таццяны, напярэдадні да іх дадому прыходзіў участковы, выклікаў «на размову» ў РУУС. Сёння ў раёне 7.30 Руслан выйшаў з хаты і праз некалькі хвілін пазваніў у дамафон, паведаміў, што яго затрымалі.

03_badamshin_ruslan_20210121_zam_tutby_phsl.jpg


Паводле папярэдняй інфармацыі, «за хуліганства» — так Таццяне Бадамшынай патлумачылі ў гарадскім аддзяленні міліцыі Першамайскага раёна Мінска, паведамляе TUT.BY.

Са жніўня 2020 года Руслана Бадамшына затрымлівалі чатыры разы. Апошні — 14 студзеня, калі ён хварэў на COVID-19 і вяртаўся з паліклінікі. Тады суддзя Максім Трусевіч прызначыў яму 15 сутак арышту, але з адтэрміноўкай на месяц. Двое сутак Руслан правёў у ІЧУ. Каб адбыць арышт, яго забралі проста на працоўным месцы — гэта адбылося 5 сакавіка.

Паводле слоў Таццяны, ён павінен быў выйсці 18 сакавіка, але адпусцілі мужа толькі да вечара 19-га.

— У студзені, калі Руслана затрымалі, да поўных двух сутак ён не даседзеў 30 хвілін. Але яму «залічылі» толькі 20 гадзін і адпусцілі на дзень пазней.

Пасля таго, як Руслан адбыў апошні адміністрацыйны арышт, кожны дзень да яго дадому прыходзілі невядомыя людзі, але сям'я не адчыняла дзверы, таму што не ведала, хто гэта быў, кажа жонка лекара.

— Учора, калі я адчыніла дзверы, мужчына, які да нас прыйшоў, прадставіўся ўчастковым і сказаў, што хоча запрасіць Руслана на гутарку і падпісаць нейкую паперу, што муж не будзе ўдзельнічаць у Дні Волі. Таксама напярэдадні вечарам да Руслана прыходзілі на працу.

Сёння ў раёне 7 раніцы, успамінае Таццяна, на тэлефон дзіцяці патэлефанавалі з невядомага нумара. Прыкладна ў 7.30 Руслан выйшаў на працу — і яго адразу ж затрымалі.

— Ён пазваніў у дамафон, сказаў: «Таня, мяне забралі на лесвічнай пляцоўцы, вязуць у апорны пункт». Туды паехаў бацька Руслана, у гэты час мужа ўжо садзілі ў машыну. Прывезлі на Уручскую, 8 (па гэтым адрасе знаходзіцца ГАМ Першамайскага раёна Мінска) — нібыта на гутарку. Мы тэлефанавалі, пыталіся, калі скончыцца гутарка. Нам казалі, што ўсё можа зацягнуцца. Калі атрымалася зайсці ў будынак, дзяжурны нам сказаў, што Руслан затрыманы, у дачыненні да яго пачаты адміністрацыйны працэс, таму што «выявіўся факт хуліганства». Цяпер Руслана вязуць у Першамайскі РУУС.

У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама паабяцалі ўдакладніць інфармацыю аб затрыманні Руслана Бадамшына і даць каментар пазней.

Руслан Бадамшын — неўролаг, у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ён працуе на пасадзе лекара функцыянальнай дыягностыкі, спецыялізуецца на спадчынных і набытых нейрамышачных захворваннях, у тым ліку працуе з пацыентамі з СМА. Ад жніўня 2020 года ён правёў пад арыштам 48 дзён.