
«Ён быў завербаваны КДБ РБ і мэтанакіравана накіроўваўся на тэрыторыю нашай дзяржавы для выканання разведвальных заданняў і арганізацыі іншай супрацьпраўнай дзейнасці», — цытуе паведамленне СБУ REFORM.by.
Агент павінен быў весці збор інфармацыі пра сітуацыю ў памежным рэгіёне, у тым ліку пра стан абароненасці мяжы Украіны, парадак яе аховы, тэхнічнае аснашчэнне, колькасць асабістага складу Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, а таксама падбіраць кампраметуючыя даныя на памежнікаў і мытнікаў. Агент меў намер прыцягнуць да працы супрацоўнікаў Дзяржпамежслужбы. Сярод заданняў затрыманага згадваецца таксама перапраўка зброі і тавараў двайнога прызначэння праз мяжу.
«Атрыманыя контрвыведкай СБУ звесткі сведчаць, што гэтая дзейнасць сярод іншага мела на мэце арганізацыю правакацый і стварэнне інфармацыйных падстаў для абвінавачанняў Украіны ў пастаўках зброі для дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь», — сказана ў паведамленні СБУ.
Грамадзяніну Беларусі прад’яўлена падазрэнне ў злачынстве, прадугледжаным ч. 1 арт 114 («Шпіянаж») КК Украіны.
Гэта не першы шпіёнскі скандал паміж Беларуссю і Украінай. У кастрычніку 2017 года ў Мінску быў затрыманы ўкраінскі журналіст Павел Шаройка. Ён абвінавачваўся ў шпіянажы. Яго прысудзілі да васьмі гадоў зняволення. Да гэтага ў чэрвені 2017 года ва Украіне затрымалі беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыку. Паведамлялася, што ён «у інтарэсах трэцяга боку» збіраў на тэрыторыі дзяржавы звесткі аб антытэрарыстычнай аперацыі ў Данбасе (якія з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай), а атрыманую інфармацыю зашыфраваў і захоўваў на карце памяці мабільнага тэлефона.
У 2019 годзе пасля сустрэчы Лукашэнкі і Зяленскага Шаройка і Палітыка былі вызваленыя і вярнуліся на радзіму.