У Гродне затрымалі кіраўніка Саюза палякаў Анжаліку Борыс. Дапоўнена
У Гродне затрымалі старшыню не прызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс. Пра гэта яна паспела паведаміць у сваім Facebook.
«Еду ў Ленінскі РАУС», — напісала жанчына. З чым звязана яе затрыманне — не паведамляецца.
Магчыма, яно звязана з праверкай польскай школы імя Стэфана Баторыя ў Гродне — гэта адукацыйны цэнтр, дзе дзеці вывучаюць польскія мову і літаратуру, традыцыі і гісторыю Польшчы.
Раней Анжаліка Борыс паведаміла, што ў школу 16 сакавіка прыйшлі прадстаўнікі пракуратуры. Іх цікавілі розныя аспекты функцыянавання польскага адукацыйнага цэнтра, а таксама асабістыя звесткі настаўнікаў і метадыстаў, навучальныя праграмы, карты і падручнікі, якія выкарыстоўваюцца для вывучэння гісторыі Польшчы.
Супрацоўнікі пракуратуры таксама пагутарылі з самой Анжалікай Борыс. Пыталіся, ці адзначаюцца ў гэтым адукацыйным цэнтры нацыянальныя польскія святы і ці запрашаюць на мерапрыемствы польскіх дыпламатаў або прадстаўнікоў мясцовай улады.
Пракурорскія праверкі, паводле інфармацыі Анжалікі Борыс, праходзілі ў падобных адукацыйных цэнтрах таксама ў Брэсце і Баранавічах.
Нагадаем, 28 лютага гэтага года ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце, якая адносіцца да Брэсцкага форуму польскіх лакальных ініцыятыў, правялі мерапрыемствы з нагоды Дня памяці «выклятых жаўнераў». Мерапрыемства наведаў консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці Ежы Цімафеюк.
9 сакавіка ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Дыпламату ўручылі ноту пратэсту з-за ўдзелу консула ў Брэсце ў мерапрыемстве, прысвечаным «Дню выклятых жаўнераў». Там адзначылі, што ўдзелам у гэтым мерапрыемстве польскі прадстаўнік парушыў нормы міжнароднага права. Консулу было прапанавана пакінуць тэрыторыю Беларусі.
У адказ Польшча прызнала персонай нон-грата дыпламата з амбасады Беларусі ў Варшаве.
Таксама тэрыторыю Беларусі пакінулі кіраўнік і консул Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне.
10 сакавіка пракуратура Брэста ўзбудзіла крымінальную справу па факце гераізацыі ваенных злачынцаў.
Дапоўнена: УУС Гродзенскага аблвыканкама пракаментаваў затрыманне Анжалікі people.onliner.by:
«Грамадзянка Барыс дастаўлена ў Ленінскае РУУС. Пачаты адміністрацыйны працэс. Падставай для пачатку адміністрацыйнага працэсу паслужылі пэўныя дзеянні, учыненыя некалькі дзён таму. Яны ўтрымліваюць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 24.23 КаАП РБ "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў"».
Паводле tut.by, onliner.by