22-гадовую дзяўчыну затрымалі ў шосты раз. Ёй далі 15 сутак
Раней па пяці адміністрацыйных пратаколах Кацярыне Атрахімёнак ужо давялося адседзець у суме 55 сутак, паведамляюць праваабаронцы.
Учора стала вядома, што каля 16:00 у інтэрнат да Кацярыны Атрахімёнак прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, каб адвезці у Кастрычніцкі РУУС для «прафілактычнай гутаркі». Менавіта такім спосабам Кацярыну затрымалі і перад УНС, а пасля асудзілі на 15 сутак нібыта за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі.
На гэты раз сітуацыя паўтарылася і на яе зноў склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП, паводле якога Кацярына «адмовілася прайсці з супрацоўнікамі ў РУУС, упіралася і хапала сяржанта міліцыі Собалева за рукі». Сваю віну дзяўчына не прызнала і сцвярджала, што добраахвотна пагадзілася прайсці з міліцыянтамі.
Сёння справу Атрахімёнак разглядала суддзя Вольга Няборская. У выніку яна арыштавала дзяўчыну на чарговыя 15 сутак.