У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга затрымалі «гандляра зброяй Лукашэнкі»?

Бізнесоўца і ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі Аляксандра Зінгмана кангалеская паліцыя арыштавала ў аэрапорце гораду Лубумбашы.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Крыніца, блізкая да адміністрацыі прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (ДРК) Фелікса Чысекедзі, пацвердзіла факт арышту Зінгмана, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на мясцовы сайт Daily Maverick.

Затрыманне адбылося пасля таго, як Зінгман прыляцеў з Кіншасы, дзе сустракаўся з былым прэзідэнтам краіны Жазэфам Кабілам. Там яго дапыталі пра бізнес у ДРК. Афіцыйна Зінгман займаецца пастаўкамі прамысловай і сельгастэхнікі ў Афрыку.

«Зінгман раней згадваўся ў паведамленнях СМІ ў сувязі з угодамі са зброяй у Замбіі і Зімбабвэ, што ён адмаўляў», — піша Daily Maverick. Выданне дадае, што ён звязаны з Лукашэнкам.

У Зінгмана падвойнае грамадзянства ЗША і Беларусі (хаця Беларусь не дапускае падвойнага грамадзянства), і яго арышт прывёў да актыўнай дыпламатычнай дзейнасці. Па словах кангалескіх крыніц, урады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Зімбабвэ аказвалі ціск з мэтай яго вызвалення. Аднак пакуль Зінгмана не вызвалілі.

Іншая крыніца ў ДРК сцвярджае, што Зінгман прапаноўваў прадаць зброю былому прэзідэнту Кабілу, адносіны якога з яго пераемнікам лічацца напружанымі.