«Сем гадоў — адзін адказ». Яскравы прыклад эканомікі па-лукашэнкаўску

Паездка Лукашэнкі на гарбарны завод у Гатава аказалася цікавейшай, чым можна было меркаваць.

animals_widewallpaper_nature_decay_rotting_bull_skull_73414.jpg


Акрамя чаканай прамовы, што гарбарная вытворчасць — гэта наша ўсё («найважнейшая галіна эканомікі, і загубіць яе нельга», прыватызаваць таксама), было і шмат цікавага. Напэўна, лепш прадэманстраваць эканамічную мадэль у цэлым проста немагчыма, каментуе «Салідарнасць».

У прыватнасці, Лукашэнка вырашыў нагадаць пра сваё распараджэнні разабрацца з пустуючымі тэрыторыямі і непрыдатнымі будынкамі, якое даў яшчэ ў 2014 годзе падчас мінулага наведвання завода.

— Чаму не было вырашана гэтае пытанне? — спытаў Лукашэнка.

Чыноўнікі тут жа адрапартавалі, што яшчэ не прыдумалі, што рабіць з усім гэтым — ці то зносіць, ці то пашыраць вытворчасць, ці то мадэрнізаваць. І гэта за 7 (!) гадоў!

А цяпер адгадайце, што зрабіў Лукашэнка?

Правільна: «запатрабаваў разабрацца з гэтым пытаннем і навесці парадак на гэтай тэрыторыі, каб землі не знікалі». Пагадзіцеся, магутна?

Ну, і некалькі слоў пра перспектывы прадпрыемства пад чулым кіраўніцтвам нашых «крэпкіх гаспадарнікаў».

Некалькі гадоў таму на заводзе была, па традыцыі, праведзена маштабная мадэрнізацыя, але, як далажылі кіраўніку, чаканыя «вынікі дасягнутыя не былі». «Старшыня канцэрна “Беллегпрам” Таццяна Лугіна прызнала, што галіна працуе недастаткова эфектыўна», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

А яшчэ «развіццю завода перашкаджаюць “завіслыя на шыі” 8 млн. рублёў запазычанасці перад мясакамбінатамі за пастаўленую сыравіну».

— Ні адно з даручэнняў не выканана. Вось яна, галіна, — на адным прадпрыемстве. Тут можна перапрацаваць усе шкуры ў Беларусі. Вы гэта зрабілі? Не, — абурыўся Лукашэнка і папярэдзіў: — Я прыеду праз год, і не дай бог, гэтая песня захаваецца.

І тут можна толькі пазайздросціць яго аптымізму: і з нагоды прадпрыемствы і з нагоды ўласных перспектыў.