Вызваленых палітвязняў дэпартавалі з Беларусі. Хронікі рэпрэсій 11 верасня

 Сёння на волю выйшлі 52 палітвязня. Гэта кропля ў моры тых паўтары тысячы, што пакуютуюць за кратамі, і за якіх па-ранейшаму баліць. Але мы радаваліся за тых, чые прозвішчы сярод вызваленых сёння імкліва разляталіся па тэлеграм-каналах і чатах. І асобная драматычная гісторыя — Учынак Мікалая Статкевіча, які адмовіўся перасякаць мяжу і вярнуўся ў Беларусь. 

photo_2025_09_11_19_36_35.jpg

Літоўскія журналісты распыталі ў кіраўніка партыі «Народная Грамада» на эміграцыі Яўгена Вільскага, як прайшла ягоная размова ў нейтральнай зоне з лідарам гэтай арганізацыі Міколам Статкевічам, які ў знак пратэсту супраць прымусовай дэпартацыі вярнуўся назад у Беларусь. 

Па словах Вільскага, Статкевіч настроены вельмі рашуча, ён разумее сваю ролю і гатовы адыграць яе да канца. Выйсці ён збіраецца толькі тады, калі Беларусь будзе вольная ад улады Лукашэнкі, а цяпер хоча знаходзіцца са сваім народам у любых умовах. 

Фізічна 69-гадовы палітык выглядае знясілена, вельмі худы, але духам бадзёры і ўсміхаецца, яго не зламалі.

Беларусам ён прасіў перадаць, каб трымаліся і змагаліся, піша «Наша Ніва».

Першае відэа з Ларысай Шчыраковай 

«Гэта вельмі жорстка, што я адбыла ўвесь тэрмін тры гады, а цяпер мяне яшчэ выслалі. А ў мяне тут ні дому, ні родных — нічога. Мала таго, што ў мяне памерла мама, калі я была ў зняволенні, дык я зараз не магу трапіць і на яе магілу», — плача журналістка з Гомеля.

Крыніца: telegram

Зміцер Дашкевіч: «Калі сям'і не дазволяць уз'яднацца, я паеду ў Беларусь»

Вызвалены актывіст Зьміцер Дашкевіч падзяліўся сваімі першымі адчуваннямі на волі пасля калоніі.

«Я вельмі люблю сваю сямʼю. Дзеля іх я ўсё гэта вытрымаў. Дзеля іх я вярнуўся». І канешне, у мяне вельмі супярэчлівыя пачуцці, што ёсць воля, а няма сямʼі. Калі ім не дазволяць да мяне прыехаць, уз'яднацца, я паеду ў Беларусь назад«, – сказаў Зміцер Дашкевіч. Ён дадаў, што здароўе ў яго «добра».

Крыніца: telegram

BYSOL абвясціў збор для вызваленых сёння палітвязняў

Пасля многіх гадоў турмы людзей прымусова дэпартуюць з роднай краіны. З падарваным здароўем і без сродкаў да існавання. Без нашай з вамі дапамогі гэтым людзям будзе невыносна складана.

Кожны вызвалены атрымае €1000 праз BYSOL са сродкаў міжнароднага гуманітарнага Фонду, аднак гэтай сумы недастаткова для закрыцця ўсіх пытанняў. Таму адкрыты збор на €50000 для дапамогі палітвязням, якія былі адпушчаныя. Верагодна многія з іх будуць у цяжкім стане і некаторым спатрэбіцца тэрміновая дапамога.

Заяўленая сума амаль сабраная: ужо пералічана данатаў на € 47 288.

Яшчэ 9 чалавек прызнаныя палітвязнямі

Між тым, палітычны пераслед працягваецца. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек — пяцёра асуджаныя за «абразу» і «паклёп» на Лукашэнку.

Трое — Васіль Бачко, Павел Шумскі, Арцём Сямёнаў — асуджаныя да пазбаўлення волі за заклікі да санкцый. Таксама ў спіс трапіла арыштаваная за «паклёп у дачыненні да прэзідэнта» Валянціна Навумава, асуджаныя «за абразу прэзідэнта» Андрэй Мартышоў, Дзяніс Чумакоў і Дзяніс Краўчук. Паводле аналагічнага абвінавачвання асуджаны да пазбаўлення волі Віталь Хальчыцкі.

Праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі гэтых асобаў «палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання».

На сёння праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 1171 чалавека.

Праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі гэтых асобаў «палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання».