У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні». Хронікі рэпрэсій 10 верасня

Гэта праекты «WLM», «Беларусы Одессы /Отряд имени Ильи Литвина», «Belarus Tomorrow», «Орг BY». Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» па рашэнні МУС і КДБ.  «Новы Час» з дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабраў чарговыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

1_1097_1.png

Паводле ведамстваў, дачыненне да «WLM» мае Папушой Захар, Тамко Мікалай, Маўраў Міхаіл, да «Беларусы Одессы /Отряд имени Ильи Литвина» — Рамяшкоў Барыс, да «Belarus Tomorrow» — Дзікавіцкі Аляксей, Новікаў Дзмітрый, Марыніч Павел, Свярдлоў Павел, да «Орг BY» — Касінскі Аляксандр, Запольскі-Доўнар Анатоль, Броўка Віталь, Супрановіч Віталь. Што цікава, Telegram-канал пад назвай «Орг BY» зараз не існуе. У 2020 годзе арганізатары канцэртаў з розных гарадоў запачаткавалі чат, дзе абмяркоўвалі працоўныя моманты.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1763 дні, Дзяніс Івашын — 1643 дні.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі: 

  • старонкі ў Instagram «freedombelarus», «freedom_belarus», ethno.art.bу», «v_autumn», «valiencij», «yurec017», «spb_belarus», «zmithor», «siargey.pisarchyk», «viachaslaw3», «leafnaive», «dotsenko_gi», «fitnesspicnic», «anahornaja», «belaya_hatka»;
  • старонкі ў Facebook «Жыве Беларусь. Жыве вечна», «Iwanow Iwan»;
  • старонка ў Threads «Tribuna.cоm Беларусь».
  • сайт і старонкі ў сацсетках праекту «Belarus Tomorrow»;
  • TikTok-старонкі «Gomelnovosti3», «Grodnonovosti4», «Minskoblastnovosti5», «Наталья Гладких».

У Наваполацкай калоніі ПК-1 палітвязняў прымушаюць вырабляць скрынкі для мінaмётных снарадаў

Пра гэта паведамляе ініцыятыва dissidentBY. Акрамя гэтага, за апошнія некалькі гадоў агульная колькасць зняволеных у ПК-1 вырасла з 800 да 1200 чалавек, з-за чаго ў калоніі ёсць вялікія праблемы з доступам к вадзе і іншым неабходным рэчам. На сённяшні дзень праваабаронцам вядома, што ў Наваполацку знаходзяцца як мінімум 83 палітвязня. 

Гэта не першы зафіксаваны выпадак, калі менавіта ў ПК-1 палітычных зняволеных накіроўваюць на працу, якая непасрэдна звязаная з вайсковымі патрэбамі. Але гэта і не адзіны такі прыклад: 

- раней у ПК-9 (Горкі) і ПК-17 (Шклоў) зняволеных прымушалі займацца вырабам паддонаў і скрыняў для снарадаў (у тым ліку РСЗА «Град»), прызначаных для расійскай арміі, а таксама адзення для ваенных;

- у жаночай калоніі ПК-4 (Гомель) палітзняволеныя шыюць форму для супрацоўнікаў сілавых і спецыяльных ведамстваў.

Па законе ўсе асуджаныя абавязаныя працаваць, адмовіцца нельга: за гэта пагражае штрафны ізалятар або новы крымінальны артыкул (арт. 411 КК РБ). Палітвязні знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы, бо адміністрацыя мэтанакіравана адпраўляе іх на самыя шкодныя і цяжкія працы, за якія ў лепшым выпадку палітзняволеным плацяць 20 рублеў (каля 5 еўра) на месяц. 

Палітзняволены Андрэй Паднябенны павесіўся ў ШІЗА магілёўскай калоніі

Пра гэта ў сацсетак паведаміла ягоная маці.

Нагадаем, 8 верасня стала вядома, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны. Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках яго маці. Андрэя двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам яму прызначылі 16 гадоў і 8 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. За кратамі яго ўтрымлівалі амаль чатыры гады. 

Гэта ўжо дзявятая смерць палітвязня за кратамі, і другая — грамадзяніна Расіі.

З нагоды смерці палітвязня Андрэя Паднябеннага праваабаронцы Беларусі выступілі з супольнай заявай.

«Улады Беларусі павінны ўсвядоміць, што падобныя выпадкі смерцяў палітычных зняволеных толькі пацвярджаюць выказаныя праваабаронцамі ацэнкі адносна захавання правоў чалавека і страты Беларуссю прыкмет прававой дзяржавы.

Недастатковая ўвага да гэтых праблем і адсутнасць канкрэтных дзеянняў для іх вырашэння толькі паглыбляюць крызіс у галіне правоў чалавека ў краіне і пагаршаюць яе міжнародную рэпутацыю. Кожная новая смерць палітвязня ў беларускіх турмах толькі падкрэслівае неабходнасць неадкладных і канкрэтных захадаў з боку ўладаў для выпраўлення сітуацыі. А таксама неабходнасць максімальна магчымых дыпламатычных намаганняў з боку міжнароднай супольнасці, накіраваных на вызваленне людзей».