Уладзімір Зяленскі: поўная дэакупацыя Украіны — гэта пытанне часу

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што пытанне вяртання да межаў Расіі і Украіны 2022 года не мае сэнсу, а Украіна сама вінаватая ў тым, што на яе напала Расія. У той жа час прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што дэакупацыя яго зямлі — гэта пытанне часу, і назваў дзве прычыны, чаму яна не адбываецца проста цяпер. Ідуць 1313-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулага дня ва Украіне зафіксавана 173 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 59 штурмаў расіян ў раёнах Уладзіміраўкі, Ніканораўкі, Чырвонага Лімана, Сухецкага, Новаэканамічнага, Мікалаеўкі, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удачнага, Дачнага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку ў раёнах Студзеньскага, Паддубнага, Навасёлаўкі, Сасноўкі, Маліеўка, Новамікалаеўкі і і ншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 15 разоў, спрабуючы прарваць абарону ў раёнах Шандрыгалава, Калодзежаў і Торскага.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак у раёнах Александрына-Шультынага, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Яблонаўкі і Русінага Яра.

На Гуляйпольскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 9 расійскіх атак у раёне Палтаўкі.

На Купянскім, Сіверскім і Арэхаўскім кірунках адбылося па ўэсць атак на кожным.

Па пяць атак расіян на кожным было адбіта на Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Паўднёва-Слабажанскім кірунках.

* * *

Расійская Федэрацыя ў ноч на нядзелю, 28 верасня, ажыццявіла камбінаваны абстрэл розных гарадоў Украіны.

Запарожжа двойчы за ноч трапіла пад удары. Першая атака была пасля гадзіны ночы, і тады ў выніку абстрэлу былі пашкоджаны аўтазапраўка і прыватны дом. Пад раніцу горад атакавалі ракетамі. У выніку пашкоджаны шматпавярховы дом і адна з навучальных устаноў. Па апошніх даных, у Запарожжы пацярпеў 21 чалавек, двое з іх у цяжкім стане. Колькасць пацярпелых расце.

У Кіеве зафіксавана трапленне і падзенне абломкаў у Святошынскім, Дарніцкім, Дняпроўскім, Галасееўскім, Абалонскім і Саломенскім раёнах. У выніку абстрэлаў пашкоджаны жылыя дамы, Інстытут кардыялогіі, у Саломенскім раёне гарыць бальніца. Загінулі 4 чалавекі, у тым ліку 12-гадовая дзяўчынка. Колькасць ахвяр расце з разборам завалаў.

У Кіеўскай вобласці ў выніку атакі расійскіх «Шахедаў», успыхнулі пажары і пашкоджаны жылыя дамы ў 4 раёнах.

У ноч на 28 верасня расійскія войскі атакавалі Адэскую вобласць ударнымі дронамі. У выніку ўдару разбураны цэх і склад гатовай прадукцыі віннага завода. Рабочую змену з 50 работнікаў эвакуявалі.

Расійскія войскі нанеслі чарговы ўдар дронамі па Сумах. Удар прыйшоўся па аўтастаянцы, згарэлі сем грузавікоў, абышлося без пацярпелых.

З-за масіраванага ракетнага ўдару РФ па Украіне Польшча падняла ў паветра авіяцыю і прывяла ў стан высокай баявой гатоўнасці сілы СПА.

* * *

555034437_1150492147263862_439661403327711732_n.jpg

* * *

Расія ніколі не мела і не мае намеру нападаць на краіны-члены NATO і Еўрасаю, заявіў кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў падчас агульнапалітычнай дыскусіі на Генасамблеі ААН.

Лаўроў сказаў, што Масква нібыта неаднаразова прапаноўвала дзяржавам, якія ўваходзяць у Паўночнаатлантычны альянс, «паважаць свае абавязацельствы і дамовіцца пра юрыдычна абавязковыя гарантыі бяспекі».

«Нашы прапановы былі праігнараваны і ігнаруюцца да гэтага часу. Да таго ж усё часцей гучаць пагрозы прымянення сілы супраць Расіі, якую абвінавачваюць у тым, што яна ледзь не плануе напасці на краіны NATO і Еўрасаюза. Расія не мела і не мае падобных намераў», — сказаў Лаўроў.

Таксама расійскі міністр заявіў, што любая агрэсія супраць Расіі атрымае «рашучы адпор».

У той жа час Лаўроў прама абвінаваціў Украіну ў тым, што Расія з 2014 года захоплівае яе тэрыторыі. Паводле слоў расійскага міністра, гэта нібыта адбываецца таму, што ўкраінскі бок «не выконвае свае дамоўленасці» з РФ. Таксама ён заявіў, што «ні пра якія межы (Украіны – заўв.) 2022 года не ідзе гаворка».

«Што тычыцца межаў 2022 года, на мой погляд, ужо ніхто на іх не разлічвае. Таму што разлічваць на вяртанне да гэтых меж было б палітычнай слепатой і поўным неразуменнем таго, што адбываецца», — сказаў ён.

Ён таксама назваў забеспячэнне інтарэсаў Расіі і правоў расіян на ўкраінскай тэрыторыі асновай для перамоваў па гарантыях бяспекі для Украіны.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што поўная дэакупацыя Украіны — «гэта пытанне часу». Пачаць працэс дэакупацыі цяпер Украіна не можа ўсяго па дзвюх прычынах: з-за недахопу рэсурсаў і запаволеных паставак узбраення. Аднак рана ці позна гэта адбудзецца, упэўнены кіраўнік Украіны.

«Важна, каб усе разумелі: наша тэрыторыя і незалежнасць — гэта пытанне справядлівага міру. Украіна не прайграла. Расія не дасягнула сваёй мэты — разбурэння і знішчэння нашай дзяржавы, і я ўпэўнены, што і не дасягне», — паведаміў Зяленскі.

Аднак, паводле яго слоў, існуюць пэўныя перашкоды для таго, каб Украіна магла вызваліць часова акупаваныя тэрыторыі. Гэта — унутраныя рэсурсы і пастаўкі ўзбраення. «Цяпер у нас дастаткова сіл утрымліваць фронт і не дапусціць далейшай акупацыі. Яшчэ ёсць праблема — запаволеныя пастаўкі і недахоп фінансавання, у прыватнасці на перахопнікі дронаў. Украінскія кампаніі ўжо наладзілі вытворчасць, але без дастатковага фінансавання мы не зможам у поўным аб'ёме рэалізаваць неабходныя крокі», — паведаміў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, задача ваенна-палітычнага кіраўніцтва цяпер — узмацніць Украіну максімальнай падтрымкай, у тым ліку перадачай узбраення Украіне.

* * *

NATO афіцыйна паведаміла пра пашырэнне сваёй місіі ў Балтыйскім моры ў адказ на ўварванне беспілотнікаў у Данію, якія былі зафіксаваныя над ваеннымі аб'ектамі краіны, піша Reuters.

Паўночнаатлантычны альянс мае намер «узмацніць увагу і кантроль» з выкарыстаннем новых шматфункцыянальных сродкаў у рэгіёне Балтыйскага мора, уключаючы платформы для разведкі, назірання і рэкагнасцыроўкі, а таксама як мінімум адзін зенітны фрэгат.

Прадстаўнік NATO адмовіўся ўдакладняць, якія краіны накіроўваюць дадатковае абсталяванне. Аднак новыя сродкі ўзмоцняць місію NATO «Балтыйская варта», пачатую ў студзені пасля серыі інцыдэнтаў з пашкоджаннямі падводных кабеляў, тэлекамунікацыйных ліній і газаправодаў на дне Балтыйскага мора. Для абароны крытычнай інфраструктуры краіны Альянсу накіравалі фрэгаты, патрульныя самалёты і марскія дроны.

* * *

Знешняе электразабеспячэнне акупаванай Расіяй Запарожскай АЭС адключана ўжо больш за тры дні, што з'яўляецца рэкордным адключэннем, якое выклікала асцярогі адносна бяспекі станцыі, піша The Guardian са спасылкай на МАГАТЭ і ўкраінскіх чыноўнікаў.

Аварыйныя генератары выкарыстоўваюцца для сілкавання сістэм ахалоджвання і бяспекі пасля таго, як апошняя лінія электраперадачы да станцыі была адключана з расійскага боку ў 16:56 у аўторак 23 верасня.

Заходнія эксперты і ўкраінскія чыноўнікі асцерагаюцца, што Крэмль стварае крызіс, каб умацаваць свой кантроль над станцыяй, якая з'яўляецца найбуйнейшай у Еўропе, і што Расія прымае рызыкоўныя меры, каб запусціць прынамсі адзін рэактар, нягледзячы на ваенныя ўмовы.

Стрэс-тэсты, праведзеныя еўрапейскімі рэгулятарнымі органамі пасля катастрофы на японскай АЭС «Фукусіма» ў 2011 годзе, паказалі, што атамная электрастанцыя павінна быць здольная працаваць без знешняга электразабеспячэння на працягу 72 гадзін. Па словах украінскіх крыніц, перавышэнне гэтага тэрміну не выпрабоўвалася.

МАГАТЭ патрабуе дэакупаваць Запарожскую АЭС. На мінулым тыдні адпаведную рэзалюцыю падтрымалі 62 дзяржавы-члены агенцтва.