Міністр абароны Нідэрландаў: да 2030 года Расія плануе быць гатовай да сутыкнення з NATO
NATO папярэджвае Крэмль: яны бачаць усё, і гатовыя рэагаваць на правакацыі і падрыхтоўку Расіяй новай вайны ў Еўропе. Аднак Крэмль робіць выгляд, што не разумее, пра што яму кажуць. У той жа час поспехі Расіі на вайне ва Украіне ацэньваюцца скептычна. Ідуць 1311-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Напрацягу мінулага дня ва Украіне зафіксавана 200 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 веерасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 67 штурмавых дзеянняў расіян паблізу Уладзіміраўкі, Радзінскага, Ніканораўкі, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Сухецкага, Пакроўска, Мірнаграда, Зверава, Котліна, Удачнага, Арэхавага, Дачнага, Філіі і іншых
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 42 атакі ў раёнах Іванаўкі, Ялты, Мірнага, Студзеньскага, Талстога, Васкрасенкі, Сасноўкі, Паддубнага, Навасёлаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ правяла 20 атак у раёнах Новаміхайлаўкі, Грэкаўкі, Шандрыгалава, Зарэчнага, Калодзежаў, Торскага і іншых.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак паблізу Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Русінага Яра, Шчарбінаўкі, Кацярынаўкі, Яблонаўкі і Палтаўкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося дзевяць баявых сутыкненняў.
* * *
Армія РФ не кантралюе ніводзін раён Купянска, але дыверсійная і разведвальная актыўнасць у горадзе застаецца высокай. Расійскія загараджальныя войскі прымушаюць салдат перапраўляцца праз раку Аскол пад пагрозай расстрэлу, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Расійскі ваенны блогер абверг паведамленні пра тое, што расійскія войскі «практычна захапілі» Купянск, і заявіў, што расійскія войскі даюць Міністэрству абароны Расіі ілжывыя справаздачы.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 25 верасня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўночны ўсход Ямпаля (паўднёвы ўсход ад Лімана).
Геалакацыйныя кадры ад 25 верасня сведчаць, што ўкраінскія аператары беспілотнікаў нанеслі ўдар па расійскім размеркавальным цэнтры бензіну на поўнач ад акупаванага Севераданецка Луганскай вобласці.
Геалакацыйныя кадры ад 24 верасня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на паўночны захад Шахава (на ўсход ад Дабраполля).
Украінскія сілы прасунуліся ў цэнтральную частку Студзеньскага (на ўсход ад Вялікаміхайлаўкі), паказваюць геалакацыйныя кадры ад 20 і 24 верасня.
* * *
У ноч на 26 верасня Расія атакавала Украіну 154-ма ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed, «Гербера» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 128 БПЛА.
У ноч на 26 верасня расіяне атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі Адэскую вобласць. У выніку абстрэлу пашкоджаны трансфарматары аднаго з аб'ектаў транспартнай інфраструктуры. Пацярпелых сярод грамадзянскіх няма. Укрзалізніца паведаміла пра адмену некаторых прыгарадных цягнікоў.
26 верасня расіяне масіравана атакавалі Херсон: на працягу гадзіны па горадзе прыляцела каля паўтара дзясятка авіябомбаў. Пашкоджаны адміністрацыйны будынак і дзевяць прыватных дамоў. Два чалавекі траўмаваныя.
У ноч на 26 верасня нанесены ўдары па некалькіх грамадах Днепрапятроўскай вобласці. Пашкоджаныя некалькі прыватных дамоў, людзі не пацярпелі.
Расійскія ваенныя ўдарылі па жылым сектары горада Сумы, пашкоджаны дамы. Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без пацярпелых.
У ноч на 26 верасня беспілотнікі атакавалі Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод, размешчаны ў Краснадарскім краі Расіі. У выніку ўдару на адной з тэхналагічных установак успыхнуў пажар. Афіпскі НПЗ спецыялізуецца на вытворчасці бензіну і дызельнага паліва. Гадавы аб'ём перапрацоўкі нафты на Афіпскім заводзе складае каля 6,25 мільёна тон, што робіць яго адным з ключавых паліўных вузлоў для арміі РФ.
* * *

* * *
Расія павінна спыніць сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны. Яна працягвае бессэнсоўныя забойствы, амаль нічога не захапіўшы, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
«Я сачу за тым, што робіць Расія, і я вельмі незадаволены тым, што робіць Расія і што робіць Пуцін. Мне гэта зусім не падабаецца. Ён забівае людзей без якой-небудзь прычыны. І яны паказваюць сябе вельмі дрэнна, улічваючы, што паставілі ўсё на кон. Іх эканоміка ляціць у пекла… Яны бамбяць усё запар і захопліваюць вельмі мала тэрыторыі, калі ўвогуле захопліваюць. Насамрэч нават губляюць. Таму, думаю, гэта вельмі дрэнна для рэпутацыі Расіі», — заявіў амерыканскі лідар.
Трамп падкрэсліў, што лічыць ганьбай забойства вялікай колькасці людзей без неабходнасці. Паводле яго слоў, на мінулым тыдні «было забіта 7818 чалавек, у асноўным ваенных». «Насамрэч расіян больш, чым украінцаў. Але гэта такое пустое расходаванне чалавечага жыцця. Таму ён павінен спыніцца, Пуцін павінен спыніцца», — падкрэсліў Трамп.
Ён дадаў, што Расія патраціла мільёны на бомбы і ракеты, але «практычна не захапіла ніякай тэрыторыі».
* * *
Еўрапейскія дыпламаты ў прыватным парадку папярэдзілі Крэмль, што NATO гатова адказаць на парушэнні сваёй паветранай прасторы расійскімі самалётамі, у тым ліку і збіваючы іх.
Паводле звестак Bloomberg, кіраўнікі пасольстваў Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі на «напружанай сустрэчы ў Маскве» выказалі занепакоенасць у сувязі з парушэннем трыма расійскімі знішчальнікамі паветранай прасторы Эстоніі 19 верасня. Еўрапейскія дыпламаты папярэдзілі Расію, што гатовыя прыняць рашучыя меры ў адказ на далейшыя парушэнні, і канстатавалі, што інцыдэнт супраць Эстоніі быў наўмысным.
Прадстаўнік РФ, паводле інфармацыі агенцтва, заявіў еўрапейскім дыпламатам, што апошнія інцыдэнты з парушэннем паветранай прасторы ў Еўропе «былі адказам на ўкраінскія атакі на Крым», якія нібыта «былі б немагчымыя без падтрымкі NATO».
У той жа час прэс-сакратарка расійскага МЗС Марыя Захарава назвала гэтую публікацыю Bloomberg выдумкай, і заявіла, што «не разумее, пра што гэта», а далей назвала такія ўцечкі СМІ «нагнятаннем».
* * *
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на нарадзе міністраў замежных спраў G20 заявіў, што NATO і Еўрасаюз «рукамі Украіны» абвясцілі Расіі «сапраўдную вайну», і непасрэдна ўдзельнічаюць у ёй. Ва ўласцівай яму манеры Лаўроў заявіў, што «крызіс» ва Украіне «справакаваны калектыўным Захадам».
* * *
Расія актыўна рыхтуецца да магчымага ўзброенага канфлікту з NATO, які, паводле ацэнак экспертаў, можа пачацца да 2030 года, заявіў міністр абароны Нідэрландаў Рубен Брэкельманс падчас Еўрапейскага форуму абаронных інавацый у Гаазе.
Брэкельманс адзначыў, што Масква пераходзіць на «ваенныя рэйкі» — нарошчвае вытворчасць зброі і мабілізуе больш людзей, чым трэба для вайны супраць Украіны. Міністр паведаміў, што ў бліжэйшыя гады аб'ёмы расійскай вытворчасці зброі «толькі будуць расці».
Міністр падкрэсліў, што да 2030 года Расія плануе быць гатовай да маштабнага сутыкнення з NATO. Пра гэта сведчыць наяўнасць ва Уладзіміра Пуціна дакладных намераў, рэсурсаў і стымулаў працягваць сваю агрэсіўную палітыку.
Брэкельманс падкрэсліў важнасць больш рашучай падтрымкі Украіны з боку партнёраў, бо бяспека Украіны і іншых еўрапейскіх краін цесна ўзаемазвязаная. Ён дадаў, што Альянс павінен дакладна даць Расіі зразумець: любая атака на краіну NATO атрымае рашучы адказ. Гэта, паводле яго слоў, «адзіны спосаб захаваць свабоду і бяспеку ў Еўропе».