Ваенны складнік гарантый бяспекі для Украіны амаль гатовы
Еўропа, верагодна, знайшла спосаб скарыстаць замарожаныя актывы Расіі для дапамогі Украіне. І амаль скончыла распрацоўку ваеннага складніку бяспекі Украіны пасля вайны. Тым часам у Трампа заканчваецца цярпенне ў дачыненні да Расіі, расказваюць яго бліжэйшыя паплечнікі. Ідуць 1310-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулы дзень ва Украіне зафіксавана 160 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 25 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 штурмаў расіян ў раёнах Палтаўкі, Ніканораўкі, Радзінскага, Чырвонага Лімана, Новаэканамічнага, Лісаўкі, Зверава, Котліна, Удачнага і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 25 разоў паблізу Новаміхайлаўкі, Грэкаўкі, Калодзежаў, Шандрыгалава, Навасёлаўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак паблізу населеных пунктаў Васкрасенка, Студзеньскае, Вароне, Цярновае і Навагрыгораўка.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 10 атак недалёка ад Александрына-Шультынага, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі і Яблонаўкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Купянскім кірунках адбылося па 6 атак на кожным.
* * *
Ваенныя РФ працягваюць знясільваючыя атакі на Пакроўскім кірунку і рыхтуюцца да штурмаў на Херсонскім, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Украінскія войскі прасунуліся на Ліманскім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 24 верасня, паказваюць, што ўкраінскія войскі прасунуліся на поўнач ад Торскага (на ўсход ад Лімана).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 24 верасня, сведчаць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўдзень ад Навасёлаўкі (на ўсход ад Сіверска).
Расійскія войскі прасунуліся ў тактычным раёне Канстанцінаўка-Дружкаўка. Геалакацыйныя кадры ад 24 верасня паказваюць, што яны прасунуліся да ўсходніх ускраін Канстанцінаўкі.
Украінскія войскі прасунуліся ў тактычным раёне Дабраполля: расійскі ваенны блогер заявіў, што расійскія войскі адышлі ад Запаведнага (паўднёвы ўсход ад Дабраполля).
На Пакроўскім кірунку прасунуліся як расійскія, так і ўкраінскія войскі. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 23 і 24 верасня, паказваюць, што ўкраінскія сілы прасунуліся на ўсход ад Казацкага (на ўсход ад Пакроўска) і ва ўсходнюю частку Новапаўлаўкі (на поўдзень ад Пакроўска). Расійскія войскі, верагодна, ужо не ўтрымліваюць пазіцыі ў Новапаўлаўцы.
Расійскія ж войскі прасунуліся ў заходняй частцы Удачнага (паўднёвы захад ад Пакроўска).
Геалакацыйныя кадры ад 23 верасня паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы захад Стэпнагорска (на захад ад Арэхава) у Запарожскай вобласці.
Прадстаўнік украінскіх сіл абароны на поўдні палкоўнік Уладзіслаў Валошын паведаміў, што расійскія войскі перагрупоўваюцца на левабярэжжы Херсонскай вобласці паміж ракой Конка, акупаванымі Алешкамі і Антонаўскім аўтамабільным мостам (усё на ўсход ад Херсона) для наступу ў кірунку Антонаўскага аўтамабільнага моста.
Пры гэтым мясцовы херсонскі Telegram-канал паведаміў, што расійскія войскі выкарыстоўвалі пастаўленыя Паўночнай Карэяй касетныя боепрыпасы для абстрэлу Цэнтральнага і Карабельнага раёнаў Херсона.
* * *
З вечара 24 верасня расіяне атакавалі Украіну 176 ударнымі БПЛА тыпу «Shahed», «Гербера» і беспілотнікамі іншых тыпаў. 150 дронаў удалося абясшкодзіць. На момант напісання матэрыялу атака працягвалася — з поўначы ва Украіну зайшлі новыя групы ўдарных дронаў.
Дроны РФ атакавалі камунальнае прадпрыемства ў Харкаўскай вобласці. У пажары загінуў чалавек.
У ноч на 25 верасня расіяне атакавалі дронамі аб'екты інфраструктуры ў Кіраваградскай вобласці. З-за выбухаў часткова адключана электразабеспячэнне ў трох населеных пунктах.
Армія РФ у ноч на 25 верасня атакавала крытычную інфраструктуру Вініцкай вобласці. Ёсць траплянні ў аб'екты энергетыкі.
Каля 4 гадзін 25 верасня 2025 года на Запарожскім кірунку быў збіты расійскі самалёт Су-34, які здзяйсняў тэрарыстычныя атакі па Запарожжы з ужываннем кіраваных авіябомбаў.
* * *

* * *
Еўрасаюз будзе і далей падтрымліваць Украіну ваеннымі і эканамічнымі рэсурсамі. Еўропа ўжо ўклала 175 мільярдаў у абарону і эканоміку краіны, заявіла ў інтэрв'ю CNNпрэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
«Мы будзем жалезна стаяць на баку Украіны. Гэта таксама азначае прадастаўленне ваенных магчымасцяў, неабходных для абароны краіны», — сказала фон дэр Ляен.
Кіраўніца Еўракамісіі адзначыла, што Украіна змагаецца не толькі за незалежнасць і суверэнітэт, але і за захаванне міжнароднага парадку. «Доказы пераканаўча паказваюць, што Пуцін з'яўляецца агрэсарам. Ён не хоча міру, і менавіта таму міжнародныя правілы павінны выконвацца», — заявіла фон дэр Ляен.
* * *
Урад Германіі цяпер адкрыты для «юрыдычна абгрунтаваных» варыянтаў выкарыстання замарожаных расійскіх сродкаў — 172 млрд еўра замарожаных расійскіх актываў — для падтрымкі ваенных намаганняў Украіны, як гэта прадугледжвае ідэя Еўракамісіі. Пра гэта ў каментары выданню Politico паведаміў Міхаэль Клаус, дарадца канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца па еўрапейскіх справах.
Гаворка ідзе пра прапанову перавесці мільярды еўра расійскіх грошай, якія цяпер захоўваюцца ў бельгійскім дэпазітарыі, Украіне і замяніць канфіскаваныя сродкі аблігацыямі, забяспечанымі Еўрасаюзам. Замяняючы замарожаныя сродкі даўгавымі распіскамі, камісія спадзяецца пазбегнуць абвінавачванняў у незаконнай канфіскацыі маёмасці РФ.
Берлін сёння нават аказвае ціск на іншыя краіны, каб тыя падтрымалі гэты план напярэдадні нефармальнай сустрэчы лідараў ЕС у Капенгагене ў наступную сераду, 1 кастрычніка.
«Гэта таксама стане ключавой тэмай абмеркавання на нефармальным пасяджэнні Еўрапейскага савета. Украінцам патрэбны грошы для працягу закупак зброі, а варыянтаў не так ужо шмат», — адзначыў Клаус.
СМІ назвалі такую змену тактыкі Германіі істотным паваротам у палітыцы краіны, якая першапачаткова была супраць любых наватарскіх ідэй выкарыстання расійскіх грошай.
* * *
Ваенны складнік гарантый бяспекі для Украіны амаль гатовы, заявіў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб у інтэрв'ю Bloomberg.
«Галоўная адказнасць ляжыць на Украіне і ўкраінскай арміі. У яе самая вялікая, баяздольная, вопытная і сучасная армія ў свеце на сённяшні момант. Яе будзе падтрымліваць Еўропа. І — будзе падтрымка з боку Злучаных Штатаў», — заявіў прэзідэнт Фінляндыі.
Стуб дадаў, што ваенная структура ўжо практычна гатовая, далей пачнецца праца над палітычнай структурай. Фінскі лідар адзначыў, што гарантыі бяспекі будуць рэалізаваны пасля заканчэння вайны.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп становіцца неверагодна нецярплівым у адносінах да расіян. Ён упэўнены, што вайна супраць Украіны шкодзіць Расіі, заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс.
«Трамп рэагуе на рэальнасць на зямлі, ён становіцца неверагодна нецярплівым у адносінах да расіян», — сказаў Вэнс. Паводле яго слоў, прэзідэнт ЗША «бачыць лічбы» і перакананы, што вайна шкодзіць Расіі.
«Калі расіяне адмовяцца весці мірныя перамовы па Украіне — гэта будзе вельмі дрэнна для іх краіны», — падкрэсліў Вэнс.
Нагадаем, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагражае Расіі санкцыямі і тарыфамі ўжо некалькі апошніх месяцаў. Амерыканскі лідар нават устанаўліваў для расійскага дыктатара дэдлайны, да якмх Расія павінна была заключыць з Украінай перамір'е. Але пасля заканчэння тэрміну дэдлайнаў Трамп так і не ўводзіў санкцыі і тарыфы.