Дональд Трамп можа зняць абмежаванні на ўдары амерыканскай дальнабойнай зброяй па Расіі
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп нібыта гатовы зняць абмежаванні на выкарыстанне Кіевам дальнабойнай амерыканскай зброі для ўдараў па тэрыторыі Расіі і думае, ці прадаць Украіне ракеты Tomahawk. Крэмль у адказ вуснамі Лукашэнкі абяцае ўдары па ўрадавым квартале Кіева. Зрэшты, такія ўдары ён наносіў і раней. Ідуць 1312-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 186 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі траціну ад усіх атак — 62 штурмавыя дзеянні расіян ў раёнах Новаэканамічнага, Ніканораўкі, Уладзіміраўкі, Чырвонага Лімана, Радзінскага, Лісаўкі, Зверава, Котліна, Удачнага, Арэхавага, Дачнага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 27 атак паблізу Паддубнага, Навасёлаўкі, Андрыеўкі-Кляўцова, Студзеньскага, Сасноўкі, Камышавахі і іншых.
На Тарэцкім кірунку адбылася 21 атака ў раёнах Александрына-Шультынага, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Клебан-Быка, Русінага Яра, Сафіеўкі і Палтаўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы 20 разоў спрабавалі прасунуцца наперад каля Грэкаўкі, Новага Міру, Карпаўкі, Калодзежаз, Шандрыгалава, Зарэчнага, Торскага і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 10 баявых сутыкненняў. На Сіверскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі дзевяць наступальных дзеянняў расіян.
* * *
У ноч на 27 верасня аналітычны праект DeepState паведаміў пра прасоўванне расійскіх войскаў каля пяці населеных пунктаў: Ямпаля (Данецкая вобласць), Бярозавага і Каліноўскага (Днепрапятроўская вобласць), Ольгаўскага і Новаіванаўкі (Запарожская вобласць). За які перыяд адбылося прасоўванне, не ўдакладняецца.
* * *
У ноч на 27 верасня Расія атакавала Украіну 115 БПЛА, з іх 97 прызнаны Паветранымі сіламі Украіны як збітыя або падаўленыя.
У ноч на 27 верасня расійскія войскі атакавалі ўдарнымі дронамі аб'ект крытычнай інфраструктуры ў Вініцкай вобласці. Першая намесніца начальніка Вініцкай АВА Наталля Забалотная паведаміла, што да раніцы пажар быў ліквідаваны, а «рух цягнікоў адноўлены». Ніхто з людзей не пацярпеў.
Расійская армія ўвечары 26 верасня нанесла ўдар па аб'екце грамадзянскай інфраструктуры ў Запарожжы. У выніку атакі без святла засталіся амаль 9 тысяч чалавек.
Раніцай 27 верасня на тэрыторыі расійскай Чувашскай Рэспублікі зафіксавалі траплянне «беспілотных лятальных апаратаў з боку Украіны» па нафтаперапамповачнай станцыі. Праца аб'екта прыпынена, паведаміў кіраўнік рэгіёна Алег Мікалаеў у Telegram.
* * *

* * *
Расійская Федэрацыя правярае супрацьпаветраную абарону NATO і збірае інфармацыю, каб пазней выкарыстаць яе ў патэнцыйнай вайне з Альянсам, лічаць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Еўрапейскія дзяржавы змагаюцца з неідэнтыфікаванай, верагодна расійскай, дзейнасцю дронаў у прыгранічных раёнах і паблізу інфраструктуры. Беспілотнікі былі заўважаны ў Германіі каля нямецка-дацкай мяжы, над ваеннай базай Мурмелон-ле-Гран у дэпартаменце Марна (Францыя), у Даніі каля аэрапорта Ольбарга, які таксама выкарыстоўваюць дацкія ваенныя. Улады Швецыі пацвердзілі некалькі выпадкаў з'яўлення дронаў паблізу ваенна-марской базы ў Карлскруна.
Еўрапейскія чыноўнікі ў парушэнні еўрапейскай паветранай прасторы не абвінавачвалі непасрэдна Расію. У той жа час, на думку экспертаў, нядаўні рост актыўнасці дронаў на фоне працягу Расіяй паветраных уварванняў і дэманстрацыі сілы супраць краін NATO дае падставы лічыць Маскву датычнай да інцыдэнтаў з невядомымі дронамі.
«ISW працягвае ацэньваць, што Расія праводзіць кампанію з мэтай праверкі проціпаветранай абароны NATO і палітычнай волі ў рамках больш шырокіх намаганняў па зборы аператыўнай інфармацыі, якую пазней можа прымяніць у патэнцыйным будучым канфлікце супраць Альянсу», — гаворыцца ў справаздачы.
* * *
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у аўторак заявіў, што гатовы зняць абмежаванні на выкарыстанне Кіевам дальнабойнай амерыканскай зброі для ўдараў па тэрыторыі Расіі, піша The Wall Street Journal.
Паводле даных WSJ, падчас сустрэчы на палях Генасамблеі ААН Зяленскі папрасіў Трампа даць больш ракет далёкага дзеяння і дазвол на выкарыстанне такой зброі для ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расіі. Трамп адказаў, што не супраць гэтай ідэі, але не ўзяў канкрэтных абавязацельстваў па адмене забароны на такія атакі.
У той жа час выданне Axios піша, што Трамп пакуль адмаўляецца перадаць Украіне дальнабойныя ракеты Tomahawk. Адзначаецца, што гэта была адзіная сістэма ўзбраення ў спісе, якую Трамп не пагадзіўся прадаць краінам NATO ад імя Украіны.
Украіна на працягу апошняга года некалькі разоў уздымала пытанне аб пастаўках ракет Tomahawk. Яны фігуравалі і сярод узбраення, якое Кіеў запытаў некалькі месяцаў таму.
Застаецца невядомым, наколькі катэгарычнае рашэнне Трампа, паколькі ў гутарцы з Зяленскім ён абяцаў «працаваць над гэтым пытаннем». Украінскі лідар разлічвае, што гэтае пытанне будзе вырашана, адзначае выданне.
* * *
Расія сістэматычна абмяжоўвае доступ Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) да ўкраінскіх ваеннапалонных, а ў тыя рэдкія моманты, калі наведванні дазваляліся, дэманструе толькі тых палонных, якія знаходзяцца ў адносна добрым стане, хаваючы хворых, пакалечаных і ахвяр жорсткага абыходжання. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы членаў незалежнай экспертнай місіі Маскоўскага механізму АБСЕ.
Па словах членаў місіі, МКЧК не мае свабоднага і бесперашкоднага доступу да месцаў утрымання ўкраінскіх ваеннапалонных у Расіі і на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Прафесар Эрве Асенсіа адзначыў, што супрацоўніцтва з расійскім бокам з'яўляецца «вельмі складаным». Хоць пэўныя візіты прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа і адбываліся, яны былі нешматлікімі, не ахоплівалі ўсе месцы ўтрымання і праводзіліся без поўнага доступу да ўсіх палонных. Прадстаўнікам МКЧК часта не дазваляюць мець зносіны з палоннымі сам-насам, што з'яўляецца грубым парушэннем міжнародных норм, паколькі робіць немагчымым атрыманне праўдзівай інфармацыі пра ўмовы ўтрымання.
У выніковай справаздачы экспертнай місіі АБСЕ адзначаецца, што задакументаваная практыка абыходжання РФ з украінскімі ваеннапалоннымі, якая ўключае пакаранні смерцю, сістэматычныя катаванні, пазбаўленне права на справядлівы суд і ўтрыманне ў нечалавечых умовах, сведчыць пра ваенныя злачынствы, а ў асобных выпадках — злачынствы супраць чалавечнасці.
* * *
Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка згадаў магчымасць «удару па Банкавай» пасля сваёй сустрэчы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, піша РБК-Украіна.
Прапагандыст папрасіў Лукашэнку пракаментаваць нібыта пагрозы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ўдарыць па Крамлю. «Казаць і заяўляць можна ўсё. А калі Крэмль ударыць па Банкавай, што там застанецца? Таму Уладзіміру Аляксандравічу (Зяленскаму) трэба супакоіцца», — заявіў беларускі дыктатар.
Лукашэнка зноў агучыў свае фантазіі па мірных перамовах з удзелам Беларусі.
«Думаю, настаў час, калі мы павінны ўступіць у кансультацыі. Я напачатку "СВА" казаў: нам, кіраўнікам трох славянскіх дзяржаў, трэба сесці і дамовіцца пра заканчэнне гэтай незразумелай вайны. Не дамовімся — будзе дрэнна ўсім», — сказаў ён.
Варта адзначыць, што ва ўкраінскіх СМІ словы Лукашэнкі былі ўспрынятыя так, быццам менавіта ён пагражае ўдарам па Украіне. У прыватнасці, матэрыял у РБК-Украіна меў загаловак: «Лукашэнка пагражае Зяленскаму ўдарам па Банкавай пасля сустрэчы з Пуціным».