Сілавікі палююць на шматдзетных маці? Іна Дабратвор не вярнулася з допыту

У журналіста Дабратвора праходзіць ператрус, жонка не вярнулася з допыту. Паведамляецца, што ў мужа і жонкі пяцёра дзяцей.

Ільля і Іна Дабратвор. Фота: Facebook

Ільля і Іна Дабратвор. Фота: Facebook


У Мінску затрымалі Іну Дабратвор, жонку журналіста Іллі Дабратвора, паведамляюць праваабаронцы. Каля гадзіны таму Ілля напісаў, што ў доме праводзіцца ператрус.

Учора да журналіста, якога восенню затрымлівалі за асвятленне пратэстаў у Мінску, прыехалі сілавікі. Яны шукалі яго нібыта па адміністрацыйнай справе, але Дабратвора не было дома, піша REFORM.by.

Сёння каля 12:35 Іна Дабратвор напісала блізкім: «Прыйшлі двое, са мной жадае пагаварыць намеснік начальніка Доўнар». Яе забралі, нягледзячы на тое, што дома без нагляду дарослых заставаліся дзеці. Каля 17:00 блізкім, якія патэлефанавалі ў Заводскае РУУС Мінска, паведамілі, што Іна хутка пойдзе дадому.

Да гэтага часу жанчына не вярнулася.

Нагадаем, сёння прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што заведзеная крымінальная справа на 38-гадовую жыхарку аграгарадка Ждановічы за «за актыўную пратэстную дзейнасць». Жанчына таксама з’яўляецца маці пяцёх дзяцей.

Як раней паведамляў пазбаўленай рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна», 18 сакавіка да сям'і Сяргея Ганкевіча і Вольгі Залатар, якія жывуць у Ждановічах, прыехалі сілавікі і правялі ў доме ператрус. Сяргей у гэты час быў на працы, дома знаходзіліся Вольга і іх дзесяцігадовая дачка. Вольгу забралі.