Маці пяцёх дзяцей затрымалі «за актыўную пратэсную дзейнасць». Распачата крымінальная справа
На затрыманую 18 сакавіка 38-гадовую жыхарку аграгарадка Ждановічы завялі крымінальную справу, паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама ў телеграм-канале. Жанчына з'яўляецца маці пяцёх дзяцей. У паведамленні міліцыі сказана, што яна арганізоўвала пратэсныя акцыі ў пасёлку.
У міліцыі заявілі, што жанчына была адміністратарам мясцовага дваровага чата і з лета мінулага года арганізатарам несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, так званых чаяванняў, шпацыраў, канцэртаў.
«Неаднаразова ў Ждановіцкі аддзел міліцыі і на лінію "102" паступалі скаргі мясцовых жыхароў пра тое, што ўдзельнікі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў перашкаджаюць камфорту і адпачынку. Кожны раз, ледзь заўважыўшы супрацоўнікаў міліцыі, "акцыянеры" прыбіралі ўсю пратэстную сімволіку і распавядалі, што проста сабраліся "пагутарыць" альбо "папіць гарбаты", аднак пасля сыходу праваахоўнікаў у мясцовых чатах актыўна посціліся фота, дзе ўдзельнікі "п'юць гарбату" у асяроддзі пратэстнай сімволікі, якой, дарэчы, быў "упрыгожаны" і двор мужа і жонкі, а таксама адно з вокнаў дома», - сказана ў паведамленні.
Паводле звестак міліцыі, жанчына раней неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, але суд прымаў рашэнне аб прызначэнні пакарання, не звязанага з арыштам, таму што яна з мужам выхоўвае пецярых дзяцей.
У міліцыі паведамілі, што 18 сакавіка жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасць», у дачыненні да яе распачалі крымінальную справу. Артыкул, па якім узбуджана справа, у паведамленні не назвалі.
«Падчас агляду ў доме знойдзена і канфіскавана пратэстная сімволіка і носьбіты інфармацыі. За правядзенне пікетавання - вывешвання палотнаў з незарэгістраванай сімволікай у акне - да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты яе муж, як уладальнік дома. Дзеці ў цяперашні час знаходзяцца пад наглядам бабулі. Таксама кампетэнтнымі органамі будзе дадзена ацэнка выканання мужам і жонкай абавязкаў па выхаванні дзяцей», - паведамілі ў міліцыі.
Як раней паведамляў пазбаўленай рэгістрацыі праваабарончы цэнтр "Вясна", 18 сакавіка да сям'і Сяргея Ганкевіча і Вольгі Залатар, якія жывуць у Ждановічах, прыехалі сілавікі і правялі ў доме ператрус. Сяргей у гэты час быў на працы, дома знаходзіліся Вольга і іх дзесяцігадовая дачка. Вольгу забралі.
Мужчыну выклікалі ў РАУС, у пратаколе па арт. 24.23 КаАП было напісана, што ён вывесіў у акне бел-чырвона-белы сцяг і правёў такім чынам пікет. 19 сакавіка яго судзілі ў судзе Мінскага раёна.
tut.by