Па рэцэптах 1937-га: «справы медыкаў»
Медыкі ці не найбольш актыўна сярод усіх прафесій удзельнічаюць у сёлетніх пратэстах. Можа, таму, што яны як ніхто бачылі наступствы таго гвалту, які ўжыла ўлада да народа. У выніку кагосьці звольнілі, хтосьці не раз пабываў на сутках, а нехта з’ехаў з Беларусі.
![img_0384_logo_1.jpg img_0384_logo_1.jpg](/img/v1/images/img_0384_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Самая гучная справа: 19 лютага пачаўся суд над Арцёмам Сарокіным, лекарам-анастэзіёлагам бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, які разам з журналісткай парталу Tut.by Кацярынай Барысевіч абвінавачваецца ў разгалошванні медыцынскай таямніцы, што пацягнула за сабой нібыта цяжкія наступствы. Падстава — публікацыя пра тое, што ў крыві забітага жыхара «Плошчы Перамен» у Мінску Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. У той час як Аляксандр Лукашэнка заяўляў адваротнае: «Заключэнне прадставіў Следчы камітэт. Ён быў п’яным».
І ўсё гэта нягледзячы на наяўнасць дакументаў з вынікамі экспертызы асведчання. Прычым сваякі Бандарэнкі прэтэнзій да лекара і журналісткі не маюць. Але паводле Генпракуратуры, якая накіравала крымінальную справу ў суд, «распаўсюджванне інфармацыі, у тым ліку непраўдзівай, неабмежаванаму колу асоб і яе супрацьпастаўленне афіцыйным каментарыям дзяржорганаў выклікалі грамадскі рэзананс і стварылі атмасферу недаверу да кампетэнтных служб. Гэта негатыўна паўплывала на стан правапарадку і пацягнула за сабой цяжкія наступствы — прывяло да павышэння напружанасці ў грамадстве, падбухторыла грамадзян да правядзення незаконных масавых мерапрыемстваў, іншых супрацьпраўных дзеянняў».
То-бок, быццам бы публікацыя асведчання на алкаголь, а не шакуючая смерць грамадзяніна стала чыннікам абурэння грамадства. Цікава, што крымінальная справа па забойстве Рамана Бандарэнкі была распачатая за два дні да суда, які зрабілі закрытым.
Пасля затрымання Сарокіна ўсчалася хваля акцый салідарнасці з ім. Медыкі шэрагу клінік станавіліся ў калідорах уздоўж сцен, трымаючы ўзнятымі і прыхіленымі да сцен рукамі аркушы з лічбай «0,00%» (праміле). Калегі лекара казалі пра яго як пра прафесіянала, які працуе з 2013 года не толькі ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, але і ў раённых шпіталях Чэрвеня ды Мар’інай Горкі. Ён працаваў, курсіруючы паміж гэтымі гарадамі і сталіцай.
У Сарокіна — трое дзяцей. Дапамагчы сям’і лекара можна, пералічыўшы грошы на картку «Беларусбанка», якая належыць яго маці (HALINA SAROKINA — 4255 1901 9240 8840, 11/22).
«Чэмпіён» па сутках
Адкрыты ліст медыкаў супраць гвалту сілавікоў і фальсіфікацыі выбараў падпісалі каля 4500 працаўнікоў галіны аховы здароўя. Колькасць лекараў, затрыманых па сумнавядомым артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, вялізная. Паводле інфармацыі Фонда медыцынскай салідарнасці, усяго пад разнастайныя формы паслявыбарчых рэпрэсій падпалі больш за 200 медыкаў і медычных сёстраў.
«Рэкардсменам» па арыштных адседках стаў лекар-неўролаг з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі Руслан Бадамшын. Пасля выбараў яго затрымлівалі ўжо чатыры разы. Першы раз — 10 жніўня. Кажа, што пашанцавала: ён патрапіў у жодзінскі ізалятар, дзе зняволеных не катавалі так, як на Акрэсціна. Другі раз лекар быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак арышту ў пачатку лістапада на акцыі салідарнасці медыкаў з адлічанымі студэнтамі медуніверсітэта. Яшчэ 15 сутак ён атрымаў пры канцы лістапада падчас дваровага Маршу суседзяў. Апошняе затрыманне з прысудам зноў тых самых 15 сутак адбылося у сярэдзіне студзеня — нібыта за пікет каля 11-й дзіцячай паліклінікі ў Мінску.
Лекар распавядае, што, каб даказаць невінаватасць, вырашыў сабраць відэазапісы камер вонкавага назірання. Звярнуўся да галоўнага лекара паліклінікі Аксаны Лавейкінай: «Яна адмовіла мне, нягледзячы на адвакацкі запыт і тое, што я з’яўляюся яе калегам, якога незаконна асудзілі». У судзе адвакат Бадамшына прадставіў відэазапіс з аднаго з дамоў у наваколлі, на якім бачна, што затрымліваюць лекара зусім не там, як сведчылі супрацоўнікі міліцыі.
Шэраг лекараў пазбавіліся працы. У тым ліку з сусветным імем, як Аляксандр Мрочак, цяпер ужо былы дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія». Ён падтрымаў вулічныя пратэсты сваіх калег-падначаленых супраць гвалту сілавікоў. Міністэрства аховы здароўя патлумачыла звальненне працоўнымі падставамі: «Ад кіраўніка і калектыву сёння патрабуецца безумоўнае датрыманне фінансавай, працоўнай і выканаўчай дысцыпліны». Паводле слоў міністра Дзмітрыя Піневіча, ён выдатна ведае станоўчыя якасці і патэнцыйныя магчымасці кожнага кіраўніка рэспубліканскага ўзроўню, а таму адбываецца ратацыя і замена кіроўных кадраў.
Сам Аляксандр Мрочак распавёў «Новаму Часу», што падчас нефармальнай сустрэчы з кіраўніцтвам Мінаховы здароўя напярэдадні звальнення яму выказалі прэтэнзію, што ён не кантраляваў сітуцыю ў калектыве РНПЦ «Кардыялогія» і такім чынам спрычыніўся да ўдзелу ў апазіцыйных пратэстах, замест таго, каб падтрымаць дзейную ўладу.
Але і гэтым справа не скончылася. Праз нейкі час быў спалены дом вядомага медыка. На месцы здарэння была пакінута лялька, праколатая скальпелем і запэцканая чырвонай фарбай, з цыдулкай, на якой было напісана, што «дом — толькі пачатак».
Яшчэ адной гучнай адстаўкай стаў сыход са сваёй пасады галоўнага пазаштатнага інфекцыяніста Мінска Мікіты Салаўя. Гэта адбылося пасля таго, як ён асмеліўся даць адказ ад імя медыкаў спікерцы Савета Рэспублікі, былой кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай. Качанава на нарадзе з кіраўнікамі медыцынскіх устаноў раскрытыкавала акцыі пратэстаў: «Калі хто-небудзь хоча выказаць сваё меркаванне, калі ласка, мы гатовыя да дыялогу. Але не ў фармаце гэтых выхадаў і пратэстаў!» Мікіта Салавей, які пазней далучыўся да Каардынацыйнай рады на чале са Святланай Ціханоўскай, заявіў:
«Мы не для таго з сакавіка сядзелі днямі і начамі ў клініках, аказваючы дапамогу пацыентам з COVID-19, не вылазілі з СІЗаў, вызвалялі кавідныя ложкі для аказання, нарэшце, нармальнай спецыялізаванай дапамогі, каб потым на іх лячыць сотні пацыентаў, якія атрымалі такія траўмы ад вашых паслугачоў, якія большасць лекараў бачылі апошні раз толькі на малюнках у падручніках па ваенна-палявой хірургіі»;
«У гэты раз фальсіфікацыі 80% не пракацілі. Вырашылі, як заўсёды, плюнуць людзям у твар. Рабы прызвычаіліся. Вытруцца і на наступны дзень забудуць. Не забыліся. І не забудзем. І новыя выбары абавязкова неўзабаве будуць. Без сініх пальцаў».
«Адлічаныя нашы самыя годныя студэнты, з добрай паспяховасцю, ініцыятыўныя, якія імкнуцца змяніць будучыню краіны да лепшага. Адно радуе. Вельмі хутка гэтыя студэнты вернуцца ў свае ВНУ. Чаго не скажаш пра кіраўніцтва ўніверсітэтаў, якое ганебна запляміла сябе ўдзелам у рэпрэсіях. Яму давязецца шукаць сабе іншую працу».
Дзясяткі медыкаў з’ехалі з краіны. Але выглядае на тое, што ўлады болей турбуе не кадравая праблема, а задача ўтаймаваць лекарскія пратэсты. Між тым, паводле Рэспубліканскага банка вакансій Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у нашай краіне цяпер не стае болей як 4 тысяч дактароў і амаль 3 тысяч медсясцёр.
«Распавядалі са слязьмі на вачах»
Гісторыя Кацярыны Мержынскас, якая лекавала пратэстоўцаў па-за шпіталямі і з’ехала з Беларусі ў верасні пасля ціску з боку сілавых структур, досыць тыповая. Лекарка распавяла «Новаму Часу», што ў першыя дні пратэстаў, з 9 жніўня, пасля працы ў шпіталі яна выходзіла на вуліцы Мінска разам з іншымі калегамі аказваць дапамогу параненым пратэстоўцам. Многія з іх баяліся звяртацца ў бальніцы. Бо раненне ад той самай гумовай кулі — гэта ўжо крымінальная траўма, пра якую медыцынская ўстанова павінна паведаміць у праваахоўныя органы.
Паводле слоў Кацярыны Мержынскас, лекары былі падрыхтаваныя да наплыву пацярпелых, таму што ў клінікі загадзя паступілі распараджэнні аб узмацненні гатоўнасці ў ноч з 9 на 10 жніўня. Але яны не былі гатовыя да таго, што сілавікі будуць дзейнічаць з такой жорсткасцю. Самыя цяжкія пашкоджанні былі ў тых, хто апынуўся ў шпіталях пасля Акрэсціна: «Людзі, якія гадамі працавалі ў рэанімацыі, у "хуткай", у траўматалогіі, якія бачылі шмат чаго, што можа шакаваць, распавядалі пра ўсё са слязьмі на вачах. Іх рукі дрыжалі. Гэта былі сур’ёзныя пашкоджанні ўнутраных органаў, унутраныя крывацёкі, разрывы паласных органаў. Таксама разрывы прамой кішкі у мужчын. Самі разумецце, у выніку чаго».
Мержынскас кажа, што сілавікі адмыслова палявалі на медыкаў, якія аказвалі дапамогу пацярпелым пратэстоўцам на вуліцах: «Хаця мы дапамагалі не толькі пратэстоўцам, але і траўмаваным супрацоўнікам міліцыі. Ніхто не дыскрымінаваў людзей па такой прыкмеце». Пасля затрымання некалькіх «хуткіх» адбылася нарада з былым міністрам аховы здароўя Каранікам, які заявіў, што медыкаў затрымліваюць таму, што ў іх торбах былі медыкаменты, на якія не было аптэчных чэкаў: «Маўляў, вы ўзялі іх у шпіталях, крадзеж дзяржмаёмасці. Гэта лухта. Я не абавязана справаздачыцца чэкам за кожны бінт ці таблетку анальгіну, якая ляжыць у мяне ў заплечніку. Можа, у мяне папросту мігрэнь».
Пасля расповедаў пра дапамогу пацярпелым пратэстоўцам у СМІ да Кацярыны Мержынскас прыйшлі сілавікі: «Спачатку мне тэлефанавалі з мэтай высветліць — хто, каму, калі і як дапамагаў. Я адмовілася выдаваць чыесьці асабістыя дадзеныя. Іх цікавілі мужчыны з траўмай прамой кішкі — нібыта каб пачаць расследаванне і прыцягнуць да адказнасці тых, хто такое чыніў. Затым яны прыехалі да мяне на працу ў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Дапытвалі ў кабінеце дырэктара». Дарэчы, дырэктар гэтай установы — Алег Руммо, знаны лекар, чалец Савета Рэспублікі, — быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на выбарах.
Праз некалькі дзён сілавікі зноў завіталі на працу да лекаркі, яна адмовілася размаўляць без адваката. Тады яе забралі на гутарку ў МУС: «Там палкоўнік Свірыд Максім Аляксандравіч спрабаваў мне даказаць, што пратэстоўцы — зло. Паказваў фотаздымкі разабранай ходнікавай пліткі і ссунутых сметніц, каб я зразумела якія яны вандалы і агрэсіўныя. Пасля гэтай гутаркі адвакат мне сказаў, што калі мяне дапытваў галоўны опер у краіне, то трэба з’язджаць — і максімальна хутка. Тое самае параіў і знаёмы адстаўны маёр КДБ».
Пры канцы верасня разам з мужам лекарка выехала ў Кіеў. Там яна цяпер працуе пакуль што не па прафесіі.
Можна прагназаваць, што беларускія медыкі працягнуць з’язджаць. Тым болей, што суседняя Польшча пры канцы мінулага года спрасціла правілы працаўладкавання лекараў з Беларусі. На гэтае рашэнне ўжо адрэагаваў Лукашэнка, заявіўшы, што лекары, якія з'ехалі, не змогуць вярнуцца працаваць назад у Беларусь. Таксама можна спрагназаваць і тое, што лекарскія пратэсты не сціхнуць. Так, некалькі лекараў, уключаных першапачаткова ў спіс дэлегатаў нядаўняга Усебеларускага народнага сходу, адмовіліся браць у ім удзел.
Між тым, у грамадстве рэзануе ўсё больш і этычная тэма адносін лекараў і сілавікоў. Нават нарадзіўся анекдот. Акрыяў АМАПавец пасля аперацыі — а геніталіяў няма: «Доктар, я ж казаў, што ў мяне грыжа!» Лекар у адказ: «Так і я казаў, што папросту з працы вяртаўся!».