У Ерэване — пратэсты, узводзяцца барыкады

Пратэстоўцы перакрылі цэнтральны праспект і рыхтуюцца правесці там ноч. Яны патрабуюць адстаўкі Нікола Пашыняна

2596757.jpg

У сталіцы Арменіі Ерэване пратэстоўцы супраць прэм'ера Нікола Пашыняна перакрылі цэнтральны праспект Баграмяна, дзе размешчаныя ўрадавыя будынкі.

«Мы перакрываем вуліцу барыкадамі, каб прымусіць парламент правесці пасяджэнне і прагаласаваць за зняцце з пасады прэм'ера Нікола Пашыняна», — заявіў прадстаўнік апазіцыі Вазген Манукян.

Ён адзначыў, што пратэстоўцы рыхтуюцца правесці ноч на праспекце Баграмяна.


Нагадаем, сёння, 25 лютага, Генштаб Арменіі запатрабаваў адстаўкі прэм'ер-міністра краіны Нікола Пашыняна. Гэта стала рэакцыяй на звальненне першага намесніка начальніка Генштаба Тырана Хачатрана. Яго пазбавілі пасады па прапанове Пашыняна пасля таго, як ён раскрытыкаваў словы прэм'ера наконт неэфектыўнасці расійскіх ракетных комплексаў «Іскандэр».

Генштаб заявіў, што Хачатран быў звольнены «па недальнабачных і неабгрунтаваных прычынах» на аснове «асабістых і амбіцыйных пачуццяў» і што Пашынян і яго ўрад больш не здольныя прымаць «адэкватныя рашэнні». Заяву Генштаба падпісалі 40 высокапастаўленых вайскоўцаў, у тым ліку начальнік ведамства Анік Гаспаран.

Пашынян назваў заяву Генштаба спробай дзяржаўнага перавароту. Ён прапанаваў прэзідэнту Арменіі Армену Саркісяну звольніць начальніка Генштаба, але прэзідэнт пакуль не падпісаў адпаведны ўказ.

Таксама Пашынян заклікаў сваіх прыхільнікаў сабрацца ў цэнтры Ерэвана на плошчы Рэспублікі. Прэм'ер і сам выйшаў на вуліцу.

Акрамя прыхільнікаў Пашыняна, у цэнтр Ерэвана выйшлі і яго праціўнікі.

Пратэстоўцы перакрылі цэнтральны праспект і заявілі, што рыхтуюцца правесці там ноч.

Паводле meduza.iokorrespondent.net