«Я веру ў перамогу беларусаў, таму што ў нас немагчыма адняць салідарнасць»

Партрэты гэтай дзяўчыны абляцелі многія беларускія і замежныя СМІ — з вянком на галаве і плакатам «на злобу дня» ў руках, Юлія Міхайлава выходзіла на шматлікія акцыі і не баялася выказвацца за перамены. Актыўнасць вылілася дзяўчыне ў чатыры адміністрацыйныя арышты і немагчымасць нармальна працаваць. Але ў Юлі не згасае ўпэўненасць у перамозе, як і яе ўсмешка, якая аднойчы прысароміла суддзю.

img_5286_logo.jpg

«Паверыла, што нешта можа памяняцца»


З Юліяй мы сустракаемся на чацвёрты дзень пасля яе выхаду з Акрэсціна. Да гэтага дзяўчына паспела пабыць на волі паміж затрыманнямі і таго менш — усяго два дні. Такое з ёй, дарэчы, здаралася ўжо двойчы. Агулам за час пратэстаў Юля сядзела на сутках чатыры разы, яна правяла ў зняволенні 57 дзён.
Мая суразмоўца — не з тых, у каго «расплюшчыліся вочы» летам-восенню 2020-га. Яе гісторыя пратэсту пачалася з Плошчы-2006 — тады Юля была яшчэ падлеткам і насіла ежу ў намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Мінска, тады названай дэманстрантамі Пляцам Каліноўскага.
— Тады я пачала разважаць, чаму некаторыя людзі супраць гэтай сістэмы. У нечым я была з імі нязгодная, мне здавалася, магчыма, яны недзе занадта нагаворваюць. Але, як паказалі вынікі мінулага года, яны мелі рацыю, — усміхаецца дзяўчына.

img_5266_logo.jpg

З тых часоў яна ўдзельнічала ў шматлікіх акцыях апазіцыі, а любімыя Юліны святы — Раство і Дзень Волі. Упершыню пад рэпрэсіі яна трапіла 10 гадоў таму: паехала з паплечнікамі ў Дрыбін на суд да Змітра Дашкевіча і ў выніку сама аказалася на сутках у дрыбінскім ІЧУ.
Пасля выбараў 2010 года Юля адчула моцнае расчараванне, якое доўжылася фактычна да лета 2020-га.
— Я ўбачыла, што сталі заяўляць пра сябе людзі непалітычныя — Бабарыка, Цапкала. Хаця ўсё пачалося, напэўна, з каранавіруса — ён паўплываў на тое, што беларусы сталі аб’ядноўвацца. Тады народ адчуў, што ён нешта можа.
Юлія Міхайлава вырашыла пайсці ў назіральнікі на выбарах. Каб зарэгістравацца, ёй трэба было сабраць 10 подпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры. Юля гаворыць, што лёгка магла б сабраць іх па суседзях, але для яе было прынцыпова важным паразмаўляць з рознымі людзьмі і паглядзець на іх настроі.
Яна назірала на ўчастках, дзе галасавалі жыхары вёсак Шчомысліца і Прылуцкая Слабада Мінскага раёна. Там галасы выбаршчыкаў палічылі сумленна: на кожным з участкаў каля 60% набрала Святлана Ціханоўская.
— Я бачыла, як маладыя хлопцы і дзяўчаты вялі сваіх бабуль, каб яны прагаласавалі. Таксама я была на выяздным галасаванні. Некаторыя бабулі казалі нам: «Адвярніцеся, я зараз складу “гармонікам” — мне так унучка сказала». Тады я паверыла, што нешта можа памяняцца.
Але неўзабаве агучылі афіцыныя вынікі галасавання, і Юля разам з сябрамі штодня стала ездзіць у горад на акцыі пратэсту.

У камеры называлі адна адну сёстрамі

Першы раз Юлю затрымалі 14 верасня каля Чырвонага касцёла, дзе штодня збіраліся на акцыі жанчыны.
— Тады я ўжо маральна была гатовая: у адзін дзень забралі адну дзяўчынку, на наступны — другую… Было цікава, бо «не сядзеў — не беларус», — узгадвае суразмоўца.
Тады Юлі прысудзілі 12 сутак арышту. Іх яна адбывала спачатку ў ІЧУ і ЦІПе на Акрэсціна, потым паехала на чацвёра сутак у Жодзіна і яшчэ на чацвёра — у Сцяпянку.

img_5291_1_logo.jpg

Пасля вызвалення яна пабыла на свабодзе два дні — і яе зноў затрымалі.
— Другі раз я была зусім не гатовая да арышту. Я адвезла перадачу для жанчыны, з якой сядзела ў Сцяпянцы, бо ёй ніхто нічога не перадаваў, яна была не «палітычная». Потым мы сустрэліся з дзяўчатамі каля касцёла, купілі ружы і пайшлі гуляць. Мы не адчувалі нейкай небяспекі, бо што такога ў дзяўчатах з кветкамі? Але неўзабаве пачула голас адной дзяўчыны: «Блін, зноў!» Я паварочваюся і бачу — «аліўкі» стаяць.
Пасля першага затрымання Юля паабяцала сабе, што будзе хутка бегаць. Дзяўчаты кінуліся на ўцёкі. Юля пабегла спускацца па лесцівы ў гандлёвы цэнтр «Сталіца».
— Мне здаецца, такая радасць апошні раз у мяне была ў дзяцінстве, калі ты адчыніў дзверы — і ўратаваўся. Але я адчуваю, як мяне хапаюць за паліто і выцягваюць. У мяне яшчэ ружа ўпала, і на лесвіцы так прыгожа пялёсткі ляжалі, — смяецца Юля.
Пры затрыманні яна не страціла пачуцця гумару: сама ісці адмовілася, і ў выніку сілавік яе панёс на руках. Разумеючы, што вырывацца не мае сэнсу, Юля закінула адну нагу за другую, абняла сілавіка за шыю і закамандавала несці яе да машыны.
Як і ў першы раз, Юлю завезлі ў Маскоўскі РУУС. Судзіла яе тая ж суддзя Вольга Малашанка, толькі на гэты раз яна выпісала Юліі ўжо не 12, а 15 сутак. Разам з Юляй на суткі «заехала» і яе сястра, арышт яны адбывалі разам.
— Адседзець другі раз мне было маральна складана, — прызнаецца дзяўчына. — Дзяўчаты, якія сядзелі са мной, казалі: «Мы перажываем, што нам далі суткі, а тут чалавек ужо другі раз — і нічога».

img_5279_1_logo.jpg

Юля расказвае, што тады дзяўчат упершыню павезлі ў Баранавічы. У адной камеры (Юля кажа — «пакоі») іх было 17 чалавек, і яны паміж сабой называлі сябе сёстрамі.
Цёплымі ў гэтым зняволенні былі хіба што адносіны паміж арыштанткамі. У камеры ж панавалі жудасны холад і вільгаць, па «кармушцы» і сценах сцякалі кроплі кандэнсату.  
— Сястра зняла і павесіла на ноч майку, а раніцай яна ўся была вільготная — яна не магла яе апрануць.

img_5278_1_logo.jpg


Дзяўчаты запатрабавалі паляпшэння ўмоў, але замест гэтага прыйшла праверка і стала яшчэ горш: забралі кіпяцільнікі, забаранілі сядзець на ложках з матрацам — яго трэба было скручваць.
У такой абстаноўцы вельмі важна было падтрымліваць адно аднаго, і ў беларусаў салідарнасці не адняць, — зазначае Юлія.
Нягледзячы на часам не самае прыязнае стаўленне аховы да арыштантак, яна не трымае на іх зла.
— Некаторыя казалі, што імі трэба пагарджаць. Але калі ты там сядзіш, не хочацца пастаянна адчуваць нянавісць, ты і так знаходзішся ў дастаткова цяжкіх абставінах. Таму стараліся нават з імі знаходзіць агульную мову.
Хаця атрымлівалася гэта не заўжды. Паводле назіранняў Юліі, самыя жорсткія супрацоўнікі — у ЦІПе на Акрэсціна. Яна нават выказвае здагадку, што іх адмыслова падбіраюць для такой працы.
— Яны нібыта з задавальненнем робяць табе гадасці. Калі ў іншых месцах людзі саромеліся, спрабавалі сказаць, што гэта не яны, ім загадалі, то ў ЦІПе гэта не так. Нармальных людзей туды не бяруць.

img_5292_logo.jpg

За патрабаванне чаю і прагулак — карцар

Трэці раз Юлю Міхайлаву затрымалі 15 лістапада на «Плошчы Перамен», дзе адбылася зачыстка народнага мемарыяла Рамана Бандарэнкі.
— Для мяне гэта стала самым моцным расчараваннем адносна рэжыму, бо прыйсці на месца, дзе вы забілі хлопца, і пачаць забіраць людзей — гэта немагчыма. Да нас падышоў Балаба (камандзір мінскага АМАПа. — НЧ) і сказаў прайсці ў службовы транспарт. Гаварыў, што нашы дадзеныя проста перапішуць у РУУС і нас адпусцяць.
У выніку нікога, канешне ж, не адпусцілі і Юля атрымала чарговыя 15 сутак, якія яе павезлі адбываць у Магілёў.
— Там — «савок», — апісвае свае ўражанні дзяўчына. — Яны баяцца зрабіць нешта добрае, над імі татальны кантроль.

img_5284_logo.jpg

У Магілёве Юлю пасадзілі ў карцар. Паводле яе слоў, арыштанткам давалі ўсяго па два сантыметры чаю, вадкасці было вельмі мала, не было прагулак. А многія дзяўчаты пры гэтым хварэлі на каранавірус. Тады яны напісалі на паперы «Патрабуем чаю і прагулак» і прышпілілі гэтае патрабаванне да ложка. Праверка, калі ўбачыла гэта, толькі пасмяялася.
— Тады я ўзяла белы аркуш паперы і намалявала на ім чырвоную паласу — і падклеіла. Праз два дні зноў прыйшла праверка, убачыла і сказала, што мне канец. Яны спыталі: «Ты хоць разумееш, за што?» Я сказала, што не разумею і ўвогуле не разумею, чаму я тут сяджу. Тады мяне прыгразілі адправіць на Акрэсціна, але ў выніку адправілі ў карцар.
Яго Юля апісвае як «аднамесны нумар», дзе не было «жахліва». Яна нават узрадавалася магчымасці пабыць адной, бо ўжо стамілася ад пастаяннага знаходжання з іншымі людзьмі.

Пагражалі згвалтаваць і вырваць пласкагубцамі пазногці

— Чацвёрты раз мне даўся лягчэй за ўсё, — гаворыць суразмоўца.
Забралі яе 31 студзеня ў цэнтры Мінска: яна з сяброўкай набыла ў Чырвоным касцёле лампадку і ішла з ёй. У той дзень па тэлеграм-чатах праляцела прапанова гуляць уздоўж праспекта Незалежнасці ў медыцынскіх масках і з пакетамі з крамы «Суседзі» ў руках. У Юлі з сяброўкай не было ні таго, ні другога, але іх затрымалі. Як і шмат іншых абсалютна выпадковых людзей.

img_5300_1_logo.jpg

Дзяўчат адвезлі ў ЦІП. Праз 72 гадзіны пасля затрымання яны сталі патрабаваць, каб іх адпусцілі. Але спачатку іх перавялі ў камеру, дзе ўжо сядзелі тры жанчыны з нізкім сацыяльным статусам, а ўвечары загадалі выходзіць.
— Мая сяброўка — юрыст. І яна сказала, што зараз паверыць у закон. Мы выходзім з ЦІПа на вуліцу. Я іду першая і бачу белы бус, з якога вылазяць двое мужчын у балаклавах і з дубінкамі. Я паварочваюся — а мая сяброўка ідзе яшчэ такая шчаслівая, і мне хочацца крыкнуць: «Стой, не ідзі сюды, вяртайся!»
Але іх усё ж завялі ў бус і павезлі ў Ленінскае РУУС, дзе дзяўчаты сядзелі 5 гадзін, пасля чаго іх зноў даставілі на Акрэсціна, толькі ўжо ў ІЧУ.
Яшчэ да гэтага неяк дзяўчат вывелі на праверку і паставілі да сцяны, загадаўшы пакласці на яе рукі. У Юлі быў бел-чырвона-белы манікюр.
— Там быў чалавек, які прадставіўся намеснікам начальніка ЦІПа Сазановічам, і яшчэ адзін супрацоўнік, які паглядзеў на мае пазногці і сказаў, што зараз вырве іх пласкагубцамі.

img_5274_logo.jpg

Другі непрыемны выпадак здарыўся, калі Юля памыла бялізну і павесіла сушыць. Так атрымалася, што яна была белых і чырвоных колераў.
— З батарэі ў камеры капала, і пад ёй стаяла каробачка. У нас было 30-40 хвілін, каб паспаць, пакуль вада набярэцца, потым пайсці яе выліць, паставіць каробачку на месца і зноў легчы спаць. Мы так па чарзе хадзілі. Я спала ля батарэі, няўдала павярнулася, і ў мяне намокла кофта. Я пабудзіла сваю дзяўчынку, пераапранулася ў сухое, мы сядзім сонныя, і тут адкрываецца «вочка» — і мы чуем: «Калі вы зараз не прыбярэце свае майткі, раніцай я іх вам скармлю».
Праз двое сутак знаходжання ў ІЧУ адбыўся суд. Па двух артыкулах — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне — Юлі далі 15 сутак. На яе сяброўку яшчэ склалі пратакол за хуліганства.
Дзяўчат пасля суда зноў перавялі ў ЦІП, дзе ў камеры на чатырох чалавек было восем, і спаць давялося на падлозе. Матрацаў у «палітычных» не было. Двойчы ім не перадалі перадачы.
За спробу адстаяць свае правы ў адзін з дзён дзяўчат ажно на дзве гадзіны вывелі на вуліцу. За гэты час у іх камеры падлогу залілі хлоркай.
— Але ў гэтым быў і свой плюс, бо ў нас поўзалі макрыцы, а пасля гэтага яны зніклі, — зазначае Юля.

img_5267_1_logo.jpg

У камеры не хапала кіслароду, і дзяўчаты прывязалі да акна вяроўку, якой можна было рэгуляваць шчыліну і паступленне паветра. Але аднойчы ў шчыліне застраў лядзяш, акно зачыніць не ўдавалася, таму было холадна. Зняволеныя спрабавалі выправіць сітуацыю. Гэта ўбачыў адзін з супрацоўнікаў — калі Юлія правільна запомніла яго імя, Яўген Урублеўскі. Паводле яе слоў, ён у нецэнзурнай форме прыгразіў дзяўчатам згвалтаваннем, калі яны не зачыняць акно. Пасля гэты ж чалавек груба абыходзіўся з журналісткай Любоўю Лунёвай, і праз гэта на яго напісалі скаргу.
— Потым ужо ўсё было спакойна, адзінае, калі мы папрасілі туалетную паперу ў яго змену, ён сказаў, што не прынясе, бо апошні раз, калі ён прыносіў паперу, мы напісалі на яго скаргу.

«Мы вартыя лепшай будучыні»

Хоць Юля і захоўвае аптымізм, арышты не прайшлі для яе бясследна. Яна таксама перахварэла на каранавірус, акрамя фізічнага стану пагоршыўся і псіхалагічны. Але яна перакананая, што зняволенне не спрыяе таму, каб людзі падалі духам і адступаліся ад сваіх поглядаў. Наадварот, гэта толькі яшчэ больш злуе і надае імпэту рабіць усё, каб такой несправядлівасці больш не было.
— Я чалавек веруючы, і я веру, што Бог стварыў людзей для таго, каб яны любілі, атрымлівалі асалоду ад жыцця. І калі я бачу нейкія моманты несправядлівасці, мне не хочацца, каб так было, — тлумачыць яна сваю пазіцыю.
Выпрабаванні, праз якія прайшла Юлія Міхайлава за апошнія паўгода, надалі ёй мэтанакіраванасці. Таксама яна ўбачыла, на якія подласці могуць быць здольныя людзі дзеля захавання свайго дабрабыту. А яшчэ — палюбіла самоту і цішыню.

img_5271_2_logo.jpg

Самым цяжкім за гэты час для яе было ўсведамляць, што супрацоўнікі сістэмы — жывыя людзі, у якіх ёсць сем’і і тыя, каго яны любяць; прымаць тое, што людзі могуць паступацца сваімі прынцыпамі дзеля працы.
За апошнія месяцы Юля плакала некалькі разоў — але гэта былі слёзы радасці ад салідарнасці, якую яна бачыла. Напрыклад, калі яна выходзіла пасля сутак, для яе ладзілі вечарынкі, спявалі песні, дарылі падарункі. Але часцей за ўсё на твары дзяўчыны грае ўсмешка — нават у такіх невясёлых сітуацыях, як суд.
— Я ішла на суд (пасля затрымання на «Плошчы Перамен». — НЧ) і разумела, што гэта будзе цырк. Ну што я кепскага зрабіла — свечку паставіла? Я здагадвалася, што суддзя будзе казаць, таму села і проста ўсміхаюся яму. Ён чытае, потым уздымае на мяне вочы і кажа: «Вы маглі б не ўсміхацца? Мне складана весці працэс». Гэта быў суддзя Міхаіл Макарэвіч з Партызанскага суда.

img_5285_logo.jpg


Юля спадзяецца, што на тых, хто творыць беззаконне, будуць заведзеныя крымінальныя справы і яны будуць адказваць за тое, што зрабілі. Хоць цяпер многія стаміліся ад барацьбы, дзяўчына ўпэўненая, што трэба працягваць падбадзёрваць адно аднаго і бачыць мэту, да якой мы ідзём, быць у адзінстве. Калі чалавек у нешта верыць і яго веру не зламіць, — гэта прыводзіць да выніку, гаворыць яна.
Дзяўчына прызнаецца, што таксама адчувае страх. Але нашмат страшней, чым выйсці на пратэст, думаць пра тое, што цяперашняя сітуацыя можа застацца.
— Мяне з самага першага дня пераследуе выслоўе з Бібліі: «Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад Госпада». Нават калі чалавеку нешта зрабіць немагчыма, гэта магчыма Богу. Але я веру ў перамогу беларусаў, таму што ў нас немагчыма адняць салідарнасць. Мы вартыя лепшай будучыні, і мы павінны прайсці праз церні, і тады ўсё будзе цудоўна! — перакананая яна.

img_5290_logo.jpg