«Дыскутаваць ўсе гатовыя, прымаць рашэнні — не»: чаму Захад асцярожнічае з рэжымам Лукашэнкі

Санкцыі супраць Лукашэнкі, дапамога грамадзянскай супольнасці і ахвярам рэпрэсій — усяго гэтага мала, упэўненыя крытыкі палітыкі Захаду ў дачыненні да Беларусі.

983b3ab6c3b3ef8289f1e481584a01b5.jpg


Наколькі палітыка ЕС адэкватная сітуацыі ў нашай краіне, разбіралася DW.

«Я часам жартую: калі б пасля кожнага семінара, прысвечанага Беларусі, пад санкцыі трапляў хаця б адзін прадстаўнік наменклатуры, у рэжыму ўжо не засталося б слуг», — кажа дырэктар даследчай праграмы па ўсходнім суседстве ЕС і па Расіі Фінскага інстытута міжнародных адносін (FIIA) Аркадзь Мошэс.

Ён далёка не ў захапленні ад палітыкі Захаду ў дачыненні да афіцыйнага Мінска.

На думку Мошаса, для Беларусі сёння робіцца значна менш, чым у 2010 годзе (тады пасля выбараў прэзідэнта мелі месца масавыя рэпрэсіі з боку ўлад супраць нязгодных з афіцыйнымі вынікамі галасавання. — Рэд.), хаця ўзровень супрацьстаяння ўлад і грамадства цяпер значна вышэйшы.

Наколькі апраўданая такая крытыка і ці адэкватны адказ Захаду на палітычны крызіс у Беларусі, які выліўся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года?


Рэакцыя ЕС на сітуацыю ў Беларусі: адказ па чатырох кірунках

З тым, што Еўрасаюз недастаткова актыўна рэагуе на сітуацыю ў Беларусі, у Брусэлі нязгодныя. У адказ на запыт DW афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы Еўрапейскага Саюза Петэр Стана ў пісьмовай форме паведаміў, што на несумленныя і несправядлівыя выбары ў Беларусі, а таксама на жорсткае падаўленне пратэстаў супраць іх афіцыйных вынікаў ЕС прарэагаваў па чатырох кірунках.

Па-першае, былі ўведзеныя санкцыі — агулам супраць 7 кампаній і 84 фізічных асоб (уключаючы Лукашэнку і яго асяроддзе), якія маюць дачыненне да рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў, апазіцыянераў і журналістаў, а таксама да фальсіфікацый вынікаў галасавання. Санкцыі ўключаюць у сябе забарону для тых, на каго яны накладзеныя, на ўезд у ЕС, а таксама замарозку іх актываў у еўрапейскіх банках.

«Па-другое, ЕС заклікаў беларускія ўлады да пошуку мірнага і дэмакратычнага вырашэння крызісу шляхам інклюзіўнага нацыянальнага дыялогу з шырокім грамадскім прадстаўніцтвам, у асаблівасці з Каардынацыйнай радай. Па-трэцяе, мы адданыя ўмацаванню ўзаемадзеяння з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю», — падкрэслівае Стана.

Нарэшце, па-чацвёртае, кіраўніцтва ЕС, прааналізаваўшы адносіны паміж Брусэлем і Мінскам, вызначыла тыя сферы, у якіх супрацоўніцтва з уладамі павінна быць прыпынена або зведзена да мінімуму, а з грамадзянскай супольнасцю — пашырана.

Кажучы пра эфектыўнасць дзеяння санкцый, Стана згадаў выказванне міністра прамысловасці Беларусі Пятра Пархомчыка, які прызнаў, што дзве фірмы з краін-членаў ЕС прыпынілі пастаўкі іх беларускім партнёрам.

Акрамя таго, як напісаў Стана, санкцыі ўплываюць на рашэнні кампаній з дзяржаў, якія не ўваходзяць у ЕС, аб вядзенні бізнесу ў Беларусі і служаць прыкладам для пераймання. «ЗША, Вялікабрытанія і Канада ўвялі свае ўласныя санкцыі (супраць Беларусі. — Рэд.), а шэраг краін Заходніх Балкан і членаў Еўрапейскай эканамічнай зоны далучыліся да нашых санкцый», — пералічыў Петэр Стана.


Стаўленне Захаду да пратэстаў у Беларусі

У рэакцыі Захаду на падзеі ў Беларусі можна вылучыць тры этапы, якія адрозніваюцца розным узроўнем інтэнсіўнасці ўдзелу, паказвае доктар сацыялогіі, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні (BAW) у Варшаве Андрэй Вардамацкі.

Паводле яго слоў, на першым этапе пратэсты ў краіне здаваліся настолькі магутнымі, дынамічнымі і непазбежна вядучымі да перамогі пратэстоўцаў, што ў заходніх сталіцах паўстала адчуванне: інтэнсіўна рэагаваць не трэба, усё вырашыцца само сабой.

0e98be0e98013910ff999.jpg


«Другі этап можна вобразна ахарактарызаваць так: абпаліўшыся на данбаскім вуглі, на Захадзе нават не сталі дзьмуць на беларускі тарфянік», — працягвае прафесар Вардамацкі, удакладняючы, што ёсць цэлая група палітыкаў, якія актыўна ўзаемадзейнічалі з Беларуссю з гэтай нагоды.

Трэці этап, дадае кіраўнік BAW, стаў вымалёўвацца нядаўна і адзначаны тым, што «Захад у беларускім пытанні набірае якасць суб’ектнасці і пачынаецца спрэчка з Расіяй, ці так ужо адназначна Беларусь з’яўляецца сферай інтарэсаў толькі Крамля».

Прыкладамі гэтага, на думку Вардамацкага з’яўляюцца пазбаўленне Мінска права правядзення Чэмпіянату свету па хакеі, а таксама спробы дэананімізацыі беларускіх сілавікоў, якія маюць дачыненне да рэпрэсій супраць пратэстоўцаў, і прымянення ў дачыненні да іх універсальнай юрысдыкцыі для прыцягнення да адказнасці за зробленае. І такі працэс, сацыёлаг прагназуе, будзе развівацца.


Захад вырашае, што рабіць з Беларуссю

Аркадзь Мошэс з FIIA настроены больш скептычна: «На Захадзе вядзецца дыскусія пра тое, што рабіць з Беларуссю, але рашэнні, якія ў выніку прымаюцца, нельга назваць нават палавіністымі. Яны слабыя».

У Еўропе досыць вялікая колькасць людзей, якія павінны былі б дзейнічаць, па-ранейшаму запалоханыя тым, што з Расіі можа рушыць вельмі жорсткі адказ — аж да выкарыстання сілы і акупацыі Беларусі, наракае Мошэс.

Рыгор Астапеня, дырэктар па даследаваннях мінскага Цэнтра новых ідэй, таксама лічыць, што Захад не стаў актыўна на бок пратэстоўцаў у Беларусі:

«Гэта абсалютна відавочна. Санкцыі ўводзіліся са спазненнем. І калі цяпер мы паглядзім на санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, то ўбачым, што яны вельмі абмежаваныя. Калі мы параўнаем іх з санкцыямі, уведзенымі ў 2011 годзе, то ўбачым, што тыя былі прынятыя нашмат хутчэй і аказаліся больш маштабнымі, чым цяперашнія».

Паводле выразу Астапені, Захад недастаткова хуткі, напорысты і настойлівы.

Дэпутат Еўрапарламента з фракцыі сацыял-дэмакратаў немец Норберт Нойзер (Norbert Neuser) у інтэрв’ю DW прызнаў, што ён і яго калегі хацелі б, каб ЕС узгадніў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі хутчэй і каб яны закранулі вялікую групу людзей. Напрыклад, каб такія абмежаванні закранулі прадстаўнікоў сярэдняга звяна выбаркамаў і сілавых структур.


Патрэбны стратэгічны адказ, як ЕС паводзіць сябе з краінамі-суседзямі

Чаму ж Захад позніцца і дзейнічае нерашуча, калі верыць яго крытыкам? «Я думаю, гэта звязана з асцярогамі заходніх палітыкаў з нагоды таго, што Масква можа скарыстацца ў сваіх мэтах паслабленнем беларускай палітычнай сістэмы і што Беларусь стане менш суверэннай дзяржавай», — тлумачыць Астапеня.

Акрамя гэтага ён звярнуў увагу і на агульнасусветны кантэкст — сітуацыю з каранавірусам і праблемы, выкліканыя пандэміяй: «Усе дзяржавы заклапочаныя тым, як перазапусціць іх эканоміку. На гэтым фоне такія рэчы, як парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, становяцца менш важнымі».

Аркадзь Мошэс, у сваю чаргу, адзначае, што Захад у выпадку крызісу ў Беларусі не валодае дастатковай рашучасцю і рэсурсамі: «Дыскутаваць усе гатовыя, прымаць рашэнні і ўцягвацца ў геапалітычнае супрацьстаянне — не».

Мошэс мяркуе, што тут не дапаможа нават прамая апеляцыя да Брусэля лідараў новай апазіцыі, якія апынуліся цяпер у Еўропе: «Гэтыя людзі ўжо, мабыць, добра разумеюць, што калі яны так прама паставяць пытанне, Еўропа сыдзе ад адказу і ісці на жорсткае геапалітычнае супрацьстаянне з Расіяй не пагодзіцца».

Святлана Ціханоўская і Урсула фон дэр Ляен

Святлана Ціханоўская і Урсула фон дэр Ляен


Між тым еўрадэпутат ад СДПГ Норберт Нойзер лічыць, што ў кароткатэрміновай перспектыве Еўрасаюз паступіў правільна: «У сярэднетэрміновай перспектыве, гэта значыць сёння, узнікае пытанне, якія яшчэ сродкі можна выкарыстоўваць для абароны насельніцтва Беларусі ад пастаяннага гвалту і рэпрэсій і як падтрымаць грамадства ў яго намаганнях па дэмакратычных пераўтварэннях».

А ў доўгатэрміновай перспектыве, на думку Нойзера, ЕС «мае патрэбу ва усеабдымным стратэгічным адказе на тое, як ён узаемадзейнічае з краінамі-суседзямі, з якімі яго звязваюць агульныя праблемы (пандэмія, бяспека атамных электрастанцый, такіх, як новая БелАЭС), але якія не прытрымліваюцца сваіх абавязацельстваў па выкананні прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона, асноўных правоў і свабод чалавека».

Якім будзе такі стратэгічны адказ — цяпер, падобна, ніхто не скажа. Пакуль жа санкцыі, удакладняе Петэр Стана, з’яўляюцца прэвентыўным інструментам Еўрасаюза і стымулам для тых, супраць каго яны накіраваныя, да змены іх паводзін.

Пры гэтым, паводле яго слоў, рэстрыктыўныя меры нельга разглядаць у адрыве ад іншых інструментаў ЕС — яны з’яўляюцца часткай інтэграванага цэласнага палітычнага падыходу ў дачыненні да Беларусі, «так што іх уплыў у бліжэйшыя месяцы толькі ўзмоцніцца».