Не вельмі заўважнае, але важнае

Вясна — на парозе. Ужо на наступны тыдзень абяцаюць цвёрды «плюс» па тэмпературы на вуліцы. Па кроплі — але надыходзіць час абуджэння.

icicle_1954827_1280.jpg

Прыкладна тое самае можна сказаць пра сітуацыю ў краіне. Адной з важных падзей тыдня стала сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы. З таго, што перадаюць пра гэтую сустрэчу ў СМІ нават журналісты «крамлёўскага пула», бачна — гэтая сустрэча скончылася безвынікова. Пуцін і Лукашэнка, як зазвычай, паразмаўлялі. Лукашэнка паспрабаваў зноў «прадаць» Пуціну «інтэграцыйныя карты» (прычым, заблытаўся, колькі іх існуе, — раней пісалі пра максімум 31 карту, ён казаў пра 33). Пуцін на гэты конт не казаў нічога, — то-бок, «прагіб не залічаны».
Нічога не было сказана пра расійскі крэдыт у 3 мільярды долараў, які нібыта павінны былі абмяркоўваць два кіраўніка. Нічога не паведамлялася і пра абмеркаванне выканання абяцанняў Лукашэнкі — пра беларускую канстытуцыйную рэформу і адыход ад улады беларускага пакуль што кіраўніка.
Узнікае ўражанне, што Пуцін вырашыў узяць паўзу. Паводле трапнага выслоўя спецыяльнага карэспандэнта расійскага «Камерсанта» Андрэя Калеснікава, «не адбылося нічога такога, з-за чаго беларускаму народу варта было б радавацца ці непакоіцца». Сапраўды так: з аднаго боку, Пуцін не дэклараваў безумоўнай падтрымкі Лукашэнку, з іншага — не «павёўся» і на прамовы пра «інтэграцыйныя карты». Карацей, Крэмль сапраўды думае, што рабіць з Лукашэнкам.
Другая падзея, што выклікала пэўны рэзананс, — заява Святланы Ціханоўскай у інтэрв’ю замежным СМІ. Яна выказалася пра тое, што еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і яго набліжаных недастатковыя і нібыта Лукашэнка з іх смяецца.
Не варта асабліва «наязджаць» на лідарку Беларусі, што знаходзіцца за мяжой. Проста яна не бачыць таго, што адбываецца менавіта ўнутры краіны. А насамрэч санкцыі дзейнічаюць, хоць і апасродкавана. Кампаніі, якія працуюць з «набліжанымі да Лукашэнкі» бізнесамі, імкнуцца дыстанцыявацца ад сваіх «партнёраў» ужо цяпер. Справа ў тым, што калі супраць кампаній падсанкцыйнага бізнесоўца ўсё ж увядуць абмежаванні, то немагчымасць выканання кантрактаў з гэтай прычыны пацягне буйныя штрафы. Таму заходнія кампаніі страхуюцца.
Брытанская кампанія KAB Seating пацвердзіла, што не будзе пастаўляць сядзенні свайму партнёру — Мінскаму трактарнаму заводу да таго часу, пакуль у Беларусі не зменіцца бягучая палітычная сітуацыя. KAB Seating — сусветны лідар у вытворчасці працоўных сядзенняў для розных тыпаў транспартных сродкаў і ўваходзіць у міжнародную групу камерцыйных аўтамабіляў (CVG).
У Маладзечне на заводзе «Амкадор» «набліжанага да цела» Аляксандра Шакуціна ўжо дакладна няма паставак з завода фінскай кампаніі Kesla. Іх дэталі патрабуюцца для кабін лесапрамысловага комплексу, які пастаўляецца ў Карэлію. Завод пакуль працуе на запасах камплектуючых, але яны хутка скончацца. І паўстане праблема: альбо шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў вялікіх і складаных вузлоў — а гэта няпроста, — альбо пераарыентавацца на вытворчасць чагосьці іншага.
У дзень, калі Лукашэнка сустракаўся з Пуціным, у Бруселі сабралася Рада міністраў замежных спраў краін ЕС. Сярод іншага абмяркоўвалася магчымасць прыняцця чацвёртага пакета санкцый у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі. У новым спісе, які рыхтуецца для зацвярджэння, 165 імёнаў — у дадатак да тых 90 фізічных і юрыдычных асоб, якія ўжо ўнесеныя ў абмежавальныя спісы. Але, як мы бачым па рэакцыі з Беларусі, важныя, насамрэч, не імёны, а прадпрыемствы, бізнес. Можа быць, таму чацвёрты пакет санкцый зацягнуўся з прыняццем.
Больш рашуча дзейнічаюць ЗША. У сувязі з прысудам журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай (яны атрымалі два гады калоніі фактычна за тое, што выконвалі сваю працу), Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць 43 грамадзян Беларусі. Як паведамілі на сайце Дзярждэпа, гаворка ідзе пра «высокапастаўленых афіцыйных асоб у сферы юстыцыі, кіраўнікоў праваахоўных органаў і шараговых супрацоўнікаў, якія затрымлівалі і ўжывалі гвалт да мірных дэманстрантаў, суддзяў і пракурораў, якія ўдзельнічалі ў прызначэнні турэмных тэрмінаў мірным пратэстоўцам і журналістам, а таксама кіраўнікоў у сферы адукацыі, якія пагражалі студэнтам за ўдзел у мірных пратэстах». А ўсяго ў санкцыйным спісе ўжо 109 чалавек.
Так, карная сістэма Беларусі працягвае працаваць. На мінулым тыдні пачаліся яшчэ два гучныя працэсы — гэта працэс па справе «Белгазпрамбанка», удзельнікам якога з’яўляецца прэтэндэнт на прэзідэнта Віктар Бабарыка, і працэс «Сарокіна — Барысевіч». Апошні нагадвае працэс «Андрэевай — Чульцовай», бо журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч судзяць за тое ж самае — за адданасць прафесіі, за тое, што зняпраўдзіла хлуслівыя звесткі ўлады пра Рамана Бандарэнку: нібыта той быў п’яны ў час канфлікту, а забойства яго не «палітычнае», а «побытавае».
Відавочна, абодва гэтыя працэсы — сапраўды палітычныя. Няма сумневаў, што ў такім выпадку, як і ў выпадку Андрэевай і Чульцовай, суд вынесе такі вырак, які запатрабуе пракурор. Нездарма ж суд над Сарокіным і Барысевіч зрабілі закрытым.
Але, падаецца, сітуацыя ў адной асобна ўзятай краіне пераходзіць мяжу цярпення астатняга свету. У хуткім часе Рада ААН па правах чалавека падыме пытанне пра стварэнне механізму для расследавання парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. А гэта значыць, што тыя, хто выносяць цяпер палітычныя прысуды, самі стануць фігурантамі расследавання, прычым, больш аўтарытэтнага і з больш цікавымі наступствамі. Яшчэ ніхто не адбіраў у ААН права ствараць Міжнародны крымінальны трыбунал для судовага пераследу асоб, адказных за генацыд і іншыя сур’ёзныя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права. Такія трыбуналы апошнім часам былі створаныя па генацыдзе ў Руандзе і па падзеях у Югаславіі, што нам больш вядома.
Такім чынам, тыя, хто цяпер шчыруе на полі палітычна матываваных прысудаў, самі могуць атрымаць «квіток у Гаагу».