Святлана Ціханоўская: Усе, хто атрымаў палітычныя прысуды, будуць рэабілітаваныя і названыя героямі
«Трагедыя, якая назаўсёды застанецца ў гісторыі Беларусі, — тое, што вярнуць забітых герояў не пад сілу нікому». Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале выказалася пра «суды» над тымі, хто выжыў.
Святлана Ціханоўская сказала: «Усё, што трэба ведаць пра "суды" ў Беларусі — забітага чалавека пасмяротна прызнаюць вінаватым у тым, што яго забілі. Капітан Гаўрылаў прызнаўся, што ён застрэліў Генадзя Шутава, але "судзяць" не вайскоўца.
Увесну Лукашэнка ўжо заяўляў, што тыя, хто памёр ад каранавіруса, самі вінаватыя ва ўласнай смерці. Цяпер яго "суды" называюць вінаватымі тых, каго застрэлілі яго сілавікі.
Сведка забойства Шутава — Аляксандр Кардзюкоў — сёння атрымаў 10 гадоў узмоцненага рэжыму толькі за тое, што ён выжыў і перашкодзіў рэжыму схаваць праўду. Таму ў новай Беларусі ўсе, хто выносіў палітычна матываваныя прысуды, пройдуць праз сумленныя суды. Усе, хто атрымаў палітычна матываваныя прысуды, будуць рэабілітаваныя і названыя героямі. Гэта ў нашых сілах.
Але трагедыя, якая назаўжды застанецца ў гісторыі Беларусі, — тое, што вярнуць забітых герояў не пад сілу нікому».