Забітага Генадзя Шутава прызналі вінаватым, а сведку забойства прысудзілі 10 гадоў калоніі
25 лютага ў Брэсце абласны суд прызнаў Аляксандра Кардзюкова вінаватым у супраціўленні асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, а таксама ў спробе забойства. Яму прысудзілі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Свабода».
Гэта столькі, колькі і прасіў пракурор. Сам Кардзюкоў сваёй віны не прызнаў.
Разам з Аляксандрам Кардзюковым вінаватым у непадпарадкаванні службовай асобе «без прызначэння пакарання» прызналі загінулага ў жніўні 2020 года Генадзя Шутава. Яго на працэсе прадстаўляла дачка Анастасія, яна прасіла суд прызнаць бацьку невінаватым. Крымінальную справу па факце гібелі Генадзя Шутава так і не распачалі.
Суд прайшоў у адкрытым рэжыме, закрытай была толькі частка пасяджання на другі дзень, дзе агучваліся матэрыялы з «сакрэтнага тому» справы.
Пацярпелымі на працэсе выступілі двое вайскоўцаў мар’інагорскага спецназу (вайсковая часткі № 89417 Сіл спецыяльных аперацый) — прапаршчык Арсеній Галіцын і капітан Раман Гаўрылаў. Паводле матэрыялаў справы і прызнанняў самога Гаўрылава, менавіта яго стрэл з пісталета Макарава стаў смяротным для Генадзя Шутава.
Увечары 11 жніўня вайскоўцы-спецназаўцы ў цывільным не толькі мелі пры сабе баявую зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей. Яны падпарадкоўваліся камандзіру АМАПа.
Што стала вядома падчас суду
- На судзе назвалі сапраўднае імя забойцы Генадзя Шутава.
- Расказалі пра падрабязнасці ўдзелу вайсковага спецназу ў разгоне пратэстаў.
- Вайскоўцы ў цывільным не толькі мелі пры сабе зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей.
- Вайсковец, які забіў Шутава, падпарадкоўваўся камандзіру АМАПа, які быў добра знаёмы з самім Шутавым.
- Працэс быў адкрыты, нягледзячы на хадайніцтвы пракурора і спецназаўцаў.
- Адзіны цывільны сведка забойства Шутава не пацвярджае слоў вайскоўцаў.
Аляксандр Кардзюкоў нарадзіўся ў Кобрыне ў 1979 годзе.
Жанаты, разам з жонкай гадуе непаўналетняе дзіця. У 2010 годзе быў асуджаны за
хуліганства, адбыў пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ. Да
2011 года
працаваў у аўтобусным парку Брэста, пасля першага суду займаўся
падпрацоўкамі, збіраўся зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам.