Да двух гадоў «хіміі» — першыя прысуды па «справе карагодаў»

Cуд Ленінскага раёна Брэста 25 лютага вынес першыя прысуды па крымінальнай «справе карагодаў». Усяго па ёй будуць судзіць каля паўсотні пратэстоўцаў — гэта адна з самых масавых «палітычных спраў» у Беларусі. 

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце

Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце

Пасля «Маршу герояў» 13 верасня ў Брэсце супраць пратэстоўцаў, якія спявалі і танчылі ў карагодах, узбудзілі крымінальную справа па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Фігурантамі крымінальнай так званай «справы карагодаў» сталі дзясяткі людзей, колькасць абвінавачаных дасягае паўсотні — гэта адна з самых масавых «палітычных спраў» у Беларусі. Сёння суддзя Святаслаў Каліна асудзіў першую дзясятку — да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Суддзя палічыў віну па ч.1 арт. 342 КК усіх дзесяці абвінавачаных цалкам даказанай. Святаслаў Каліна прызначыў наступныя пакаранні, якія амаль не адрозніваюцца ад тых, што патрабавала дзяржабвінавачванне:

Ярашук Яраслаў, палітзняволеная Марына Глазава —– 1,5 года абмежавання волі без накіравання («хатняя хімія»);

Варановіч Вадзім, Жараў Максім —– 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»);

Калпачык Яўген, Віктар Дзенісенка, Якубук Аляксей, Літвін Віталь, Федарэнка Мікалай — 1,5 года з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»);

Сірэцан Марына — 1 год абмежавання волі без накіравання («хатняя хімія»).

Паводле абвінавачвання, кожны з 10 падсудных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Пацярпелым бокам у справе выступае КУТП «Тралейбусны парк» і ААТ «Брэсцкі аўтобусны парк». 

sud_brest_90.jpg


Што з астатнімі фігурантамі справы?

У судзе Ленінскага раёна Брэста 15 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Шурын. На лаве падсудных таксама дзесяць чалавек. Гэта ўжо другая «партыя» абвінавачаных. Ужо адбылося некалькі судовых пасяджэнняў па гэтай справе.

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што двух берасцейцаў па «справе карагодаў» 9 лютага пасля выкліку ў Следчы камітэт змясцілі ў СІЗА. Гаворка ідзе пра Рамана Яхіна і Арсенія Сіняка. На дадзены момант гэта адзіныя затрыманыя абвінавачаныя па гэтай справе. Марыну Глазаву, якую ўтрымлівалі ў СІЗА два месяцы, перавялі пад хатні арышт. У дачыненні да астатніх абвінавачаных выбраны меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Таксама завершана папярэдняе следства па «трэцяй» партыі. У гэты раз абвінавачаных адзінаццаць чалавек: 63-гадовая актывістка Алена Гнаук, Алена і Вікторыя Лысковічы, Юрый Чубрык, Даніла Чамаданаў, Віктар Лобка, Васіль Чарнецкі, Кіріл Луда, Радзіон Кандрацюк, Уладзіслаў Навіцкі, Людміла Луцкая. Хутка над імі таксама адбудуцца суды.