Літва спадзяецца заблакаваць пастаўкі электраэнергіі з БелАЭС у Еўропу пры дапамозе ЕС
У Літвы ёсць ўсебаковая падтрымка Еўрапейскай камісіі ў справе блакавання трапляння на рынак ЕС электраэнергіі з Беларускай АЭС, заявіла літоўскае Мінэнерга са спасылкай на еўракамісара па энергетыцы Кадры Сімсан.
«Патрабуецца новая трохбаковая методыка, якая блакуе беларускую электраэнэргію, і Літва спадзяецца на дапамогу ЕК у забеспячэнні поўнай блакады БелАЭС», — заявіў міністр энэргетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс пасля выдаленай сустрэчы з Сімпсан, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».
Ён прадаставіў чальцу ЕК інфармацыю, што беларускай электраэнергіяй, якая фізічна паступае ў Літву праз перамычку ЛЭП з Беларуссю, гандлююць на Рыжскай біржы. Такім чынам Літва спажывае яе і плаціць за беларускую электраэнергію.
«Гэта стварае пагрозу праекту сінхранізацыі ліній электраперадачы балтыйскіх краін, стварае залежнасць ад імпарту з трэціх краін і такім чынам перашкаджае дасягненню мэтаў “зялёнай” энергетыкі Еўрасаюза», — падкрэсліў Крэйвіс.
Міністр заклікаў ЕК прыняць тэрміновыя і эфектыўныя меры для рэалізацыі высноў Савета кіраўнікоў ЕС па пагрозах БелАЭС для Еўрасаюза.
Беларусь заканчвае будаўніцтва АЭС побач з Астраўцом ў Гродзенскай вобласці па расійскім праекце «ВВЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС з’яўляецца група ASE дзяржкарпарацыі «Расатам».
Фізічны пуск першага энергаблока станцыі адбыўся 20 жніўня мінулага года, яго ўвод у прамысловую эксплуатацыю запланаваны на першы квартал 2021 года. Увод у эксплуатацыю другога блока чакаецца ў першым паўгоддзі 2022 года.
Літва выступае найбольш жорсткім крытыкам будаўніцтва БелАЭС.