БЧБ-зачыстка. Самыя недарэчныя затрыманні і прысуды падчас Дня Волі ў Мінску
«Вясна назірае» склала спіс самых недарэчных затрыманняў сілавікамі і пакаранняў ад мінскіх суддзяў, сабраных падчас назірання за судовымі працэсамі над затрыманымі падчас Дня Волі 25 і 27 сакавіка.
«Вясне» вядома пра 175 затрыманых у гэты дзень ў Мінску. Яшчэ каля 250 чалавек затрымалі 27 сакавіка, калі ў Мінску анансавалі акцыю пратэсту на плошчы Бангалор.
Суды масава каралі затрыманых па арт. 24.23 КаАП нібыта за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», хоць прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава сцвярджала, што «ва ўсіх рэгіёнах краіны не зафіксавана аніводнага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства».
«Дэманстравалі жэсты»
За «паднятую ўверх руку» асудзілі мінімум 50 мінчукоў. Гэта самая распаўсюджаная фармулёўка ў пратаколах і пастановах суда. З 50 чалавек толькі двое атрымалі штрафы ў памеры 2900 і 1740 рублёў. Аднаго мужчыну асудзілі на 10 сутак, яшчэ пяць чалавек адбываюць 13-сутачныя арышты, адну жанчыну асудзілі на 14 сутак. Астатніх затрыманых арыштавалі на 15 сутак.
«На машыне была налепка з "Пагоняй"»
На «суткі» адправілі і выпадковых пасажыраў аўтамабіля, на багажніку якога была налепка з «Пагоняй». Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну каля флармоніі. Сведка-міліцыянт сцвярджаў, што кіроўца машыны сігналіў, пасажыры паказвалі знак «вікторыя», а на багажніку была налепка.
У машыне знаходзіліся пяць чалавек, якіх адразу даставілі ў Першамайскае РУУС. Вядомыя вынікі судоў толькі над трыма жанчынамі: іх пакаралі 12-сутачным арыштам.
«Здымаў супрацоўнікаў міліцыі з маршруткі»
Паездка на маршрутцы скончылася для 61-гадовага Віктара Макарэвіча 15 суткамі. Яго выцягнулі з маршруткі, калі заўважылі, што ён здымае супрацоўнікаў на відэа. Суддзя Аляксандр Сяргей адхіліў хадайніцтва аб далучэнні відэа, якое даказвае, што ён быў у маршрутцы. Хоць паводле пратакола мужчыну вінавацілі ў «пікетаванні ў групе 20 чалавек уздоўж праспекта».
«Спытаў, хто зразае БЧБ-стужкі»
Сяргея Кліменценку затрымалі на дзіцячай пляцоўцы на вачах у яго дзіцяці. 25 сакавіка мужчына заўважыў, што нехта ў яго двары зразае БЧБ-стужачкі. Сяргей пацікавіўся ў людзей, кім яны з'яўляюцца, але замест адказу яму прапанавалі прайсці ў бус.
У выніку на яго склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне. Суддзя Мінскага раённага суда Крапачоў арыштаваў Сяргея на 15 сутак.
«Павесіў на дрэва БЧБ-балонікі»
23-гадовага Максіма Кіцыненку затрымалі за дзевяць БЧБ-балонікаў. Паводле слоў Максіма, ён купіў іх у гонар свята Дня Волі. Пасля прагулкі з балонікамі ён вырашыў павесіць іх на дрэве, пасля чаго пад'ехаў бус і яго затрымалі.
Суддзя Сяргей Шаціла абурыўся і ўдакладніў: «Навошта павесілі балонікі на агляд людзей, якія не падзяляюць гэтае свята?» Сведка-міліцыянт таксама не лічыць 25 сакавіка святам, таму, калі ўбачыў бурную рэакцыю мінакоў на шары, вырашыў затрымаць «зламысніка». У выніку Максіма арыштавалі на 25 сутак.
«Насіла бел-чырвоную брошку пяць год»
Кацярыну Якубенка затрымалі за двухсантыметровую бел-чырвоную брошку, якая вісела пад шалікам. Суддзя Шаціла пацікавіўся, ці разумее жанчына, «што гэтая брошка азначае з прычыны апошніх падзей». Кацярына патлумачыла, што гэта падарунак сяброўкі, які яна носіць ужо пяць гадоў. Суддзя Савецкага суда ацаніў такі падарунак у 1450 рублёў (50 базавых).
«Раздавалі БЧБ-цукеркі»
Каля ГЦ «Сілуэт» 25 сакавіка затрымалі траіх мужчын для высвятлення асоб, бо нібыта да міліцыянтаў паступіла інфармацыя аб крадзяжы тэлефона. Але ў РУУСе на іх склалі пратаколы аб тым, што яны ўсе прынялі ўдзел у пікетаванні, раздаючы БЧБ-цукеркі.
На судзе стала вядома, што Яўгена Касых затрымалі выпадкова, пакуль ён курыў каля крамы.
У дваіх сяброў былі ў кішэнях цукеркі «Камунарка». Менавіта за гэтае «правапарушэнне» на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП, а таксама па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне пры затрыманні. Адразу іх справы адправілі на «дапрацоўку».
Але каб не выпускаць іх пасля 72 гадзін, у Савецкім РУУСе на іх склалі новыя праколы па арт. 19.1 КаАП за дробнае хуліганства. У выніку сяброў асудзілі на 3 і 13 сутак, а мужчыну за тое, што курыў побач, арыштавалі на 15 сутак.
«Пікетавалі БЧБ-шкарпэткамі»
Падчас «хапуна» на Дзень Волі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за «пікет у БЧБ-шкарпэтках» атрымалі адразу тры чалавекі.
У 19:30 25 сакавіка Наталля Сіўцова-Сядушкіна пайшла на курсы кіроўцаў. Але ўжо праз дзве хвіліны яе каля дома затрымалі сілавікі. У пратаколе напісалі, што Наталля «ў групе жанчын пікетавала і была пазначаная сімволікай — БЧБ-шкарпэткамі». Суддзі Марыне Фёдаравай Наталля патлумачыла, што ў гэтых жа шкарпэтках яна была раніцай на судзе і пратэст імі не выказвала.
Шкарпэткі жанчына прынесла з сабой і дала суддзі, якая іх для чагосьці сфатаграфавала. У выніку суддзя Фёдарава адправіла справу «на дапрацоўку».
21-гадовы Дзяніс Сташэўскі таксама вырашыў, што яго затрымалі за БЧБ-шкарпэткі. Увечары 25 сакавіка яго затрымалі каля БНТУ на Акадэміі Навук. Пры даглядзе ў хлопца знайшлі дзве налепкі «пратэснага толку».
У аўтазаку хлопец аддаў сваю барсетку супрацоўнікам, якія перадалі яе ўчастковаму ўжо ў Першамайскім РУУС. Пры вопісе рэчаў аказалася, што ў барсетцы ёсць БЧБ-сцяг, які, як сцвярджае Дзяніс, яму не належыць, таму ён заявіў, што яму яго падкінулі.
Нягледзячы на тое, што Дзяніс прайшоў у аўтамабіль дабраахвотна, у РУУСе на яго склалі пратакол за непадпарадкаванне пры затрыманні. Суддзя Таццяна Ліннік усё ж такі прызнала Сташэўскага вінаватым па двух пратаколах і асудзіла яго на 30 сутак.
Суддзя Савецкага раёна Аляксандр Воўк арыштаваў на 15 сутак 27-гадовую Крысціну Малашэвіч. Дзяўчыну затрымалі 25 сакавіка каля кінатэатра «Кастрычнік» і абвінавацілі ў пікетаванні ў БЧБ-шкарпэтках. Менавіта гэта пазначылі ў пратаколе па ч.1 арт. 24.23 КаАП міліцыянты Савецкага РУУС.
Як пазней стала вядома паводле спісаў Жодзіна, дзяўчына павінна выйсці на дзень пазней, чым напісана ў пастанове суда.
Былі ў «McDonald’s», але арыштавалі за пікетаванне
Пратакол за «ўдзел у масавым мерапрыемстве» можна атрымаць нават у «McDonald’s». Вядомыя такія тры выпадкі.
18-гадовага Ягора Ждановіча затрымалі ў «McDonald’s» на «Пушкінскай», калі ён піў гарбату. У Фрунзенскім РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі ў пікетаванні. Суддзя Юлія Крэпская прызнала віну Ягора цалкам даказанай і арыштавала хлопца на 15 сутак.
28-гадовага Цімафея Вялічку таксама затрымалі 25 сакавіка ў «McDonald’s», але на «Кастрычніцкай». Паводле пратакола, хлопец «прыняў удзел у пікетаванні, выкрыкваў лозунгі і паказваў жэсты». Хоць на самой справе яго затрымалі ўнутры кафэ, аб чым сведчыць чэк. Суддзя Ленінскага раёна Інчына не далучыла чэк да матэрыялаў справы, а Цімафея абвінаваціла ў зацягванні працэсу. У выніку, суддзя Інчына асудзіла Вялічку на 15 сутак.
Кацярына Навалоцкая 27 сакавіка чакала за сталом у «McDonald’s» на «Пушкінскай» свайго хлопца, які рабіў заказ. Міма праязджаў аўтазак, і дзяўчына вырашыла яго сфатаграфаваць. Тут жа падышлі супрацоўнікі і адвезлі яе ў Фрунзенскае РУУС, дзе склалі пратакол за пікетаванне ў групе людзей. Паводле рашэння суддзі Скуратовіч хлопец Кацярыны дачакаецца яе толькі праз 15 сутак.
Кур'ера Menu.by і мужчыну, які фатаграфаў яго затрыманне, таксама прызналі ўдзельнікамі «нябачнага пікету»
27 сакавіка ў раёне станцыі метро «Пушкінская» затрымалі пешага кур'ера Menu.by Аляксандра. Хлопец казаў, што ішоў дастаўляць заказ з «Mcdonald's», але на прыпынку яго забраў АМАП. Згодна з пратаколам, Аляксандр на Прытыцкага «прыняў удзел у мітынгу, не ўзгодненым Мінгарвыканкамам». У выніку суд Фрунзенскага раёна аштрафаваў кур’ера па арт. 24.23 КаАП на 60 базавых велічынь (1740 рублёў).
А Андрэя Гарнашэвіча, які фатаграфаў затрыманне гэтага кур’ера, арыштавалі па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак.
Мінчукоў адправілі на суткі, нягледзячы на хваробу
Аляксандра Сцепаненку затрымалі на лавачцы нават з кавай у руках. У Маскоўскім РУУС на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за пікетаванне на праспекце Незалежнасці. Мужчына некалькі разоў паўтарыў, што яго здароўе не дазваляе сядзець на «сутках», бо ў яго эпілепсія. Але суддзя Сяргей Кацэр асудзіў затрыманага на 30 сутак арышту.
Суддзя Рудэнка адправіў на 15 сутак Мікалая Каваленку з абсцэсам у зубе. У пратаколе па арт. 24.23 КаАП сказана, што мужчына прыняў удзел у пікетаванні. У Кастрычніцкім РУУСе нікога не збянтэжыў востры зубны боль Мікалая, з якім чалавек не можа пікетаваць, ведаючы, што можа аказацца на сутках.
З-за вострага болю хлопец нават не можа спаць. На судзе ён распавёў, што ў камеры холадна, фортка не зачыняецца, а ў камеры на траіх сядзіць 10 чалавек.
25 і 27 сакавіка затрымалі мінімум 12 студэнтаў
На ўсіх склалі пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП, але некаторым дасталіся пратаколы і за непадпарадкаванне. Студэнты атрымалі арышты на 12–30 сутак, а адзін на судзе заявіў, што яго білі ў бусе пасля затрымання.
Аднаго са студэнтаў БНТУ затрымалі на вуліцы Сурганава, калі ён ішоў дадому пасля заняткаў. З сабой у Данііла былі канспекты і падручнікі, а ён у доказ таго, што быў на парах, зачытаў змест лекцый. Суддзі Таццяне Шоцік гэта не здалося дастатковым аргументам, таму яна асудзіла хлопца на 15 сутак.
telegra.ph