На мінчука склалі пратакол за пікетаванне «шляхам раздачы цукерак»
25 сакавіка Іван разам з сябрам ішоў па вуліцы Веры Харужай у Мінску. У заплечніку ў іх былі дзве ўпакоўкі цукерак ад «Камунаркі». У нейкі момант, успамінае Іван, да іх падышлі супрацоўнікі сілавых структур, папрасілі прайсці «для разбору з нагоды крадзяжу мабільнага тэлефона» і даставілі ў РУУС, распавядае TUT.BY.
Там на іх склалі два пратаколы: адзін — за непадпарадкаванне, другі — «за пікетаванне шляхам раздачы цукерак у БЧБ-абгортцы». У выніку Іван шэсць сутак правёў на Акрэсціна, але лічыць, што яму ўсё роўна вельмі моцна пашанцавала.
Паводле слоў Івана, усё адбылося каля гандлёвага цэнтра «Cілуэт» на вуліцы Веры Харужай у Мінску. У той дзень, 25 сакавіка,
ён разам з сябрам ішоў у ГЦ, але той быў ужо зачынены. У заплечніку ў
аднаго ляжалі дзве ўпакоўкі ледзянцоў са смакам барбарысу ад «Камунаркі».
— Мой сябар пачаставаў нейкую сваю знаёмую гэтымі цукеркамі.
Пасля гэтага да нас падышлі супрацоўнікі ў форме, сказалі: «Добры дзень,
прайдзёмце», — і адвезлі ў РУУС нібыта для разбору па нагоды крадзяжу мабільнага
тэлефона. Разам з намі рандомна затрымалі яшчэ аднаго хлопца. Хто ён — не ведаю,
завуць Жэням. Мы прайшлі ў спецтранспарт, нас адвезлі ў РУУС, завялі ў
паўпадвальнае памяшканне, дзе на той момант знаходзіліся восем чалавек. У тым
ліку дзяўчына, якую затрымалі за белыя шкарпэткі з чырвонай паласой.
Іван распавядае, што ў РУУС на іх з сябрам склалі па два
адміністрацыйныя пратаколы. Адзін — па арт. 24.23 КаАП «за пікетаванне
шляхам раздачы цукерак у БЧБ-абгортцы», другі — па арт. 24.3 КаАП — за
тое, што яны нібыта спрабавалі ўцячы, чым аказалі непадпарадкаванне супрацоўнікам
пры выкананні службовых абавязкаў.
У руках у Івана былі вось гэтыя цукеркі. Малады чалавек
кажа, што купіў іх, не задумваючыся, што такое каляровае спалучэнне можа
прыцягнуць увагу.
На наступны дзень, 26 сакавіка, распавядае Іван, над ім прайшоў суд, які адправіў абодва пратаколы на дапрацоўку, але з ІЧУ на Акрэсціна яго не адпусцілі.
Да моманту, калі міналі 72 гадзіны пасля затрымання, на
маладых людзей склалі новыя пратаколы — ужо па арт. 19.1 КаАП. За тое, што
яны «з хуліганскіх меркаванняў у РУУС зладзілі скандал».
Сябар Івана сваю віну прызнаў і адправіўся на 13 сутак у Жодзіна. Іван адмаўляў, што такое было, у выніку суд прызначыў яму трое сутак арышту, якія да моманту разбору ўжо скончыліся. У суме малады чалавек правёў на Акрэсціна шэсць дзён.
— Я расказаў усё як было, што ніякага скандалу мы не
ладзілі. І час у пратаколе не супадаў з тым, што казаў на судзе сведка. Не
ведаю, шанцаванне гэта ці не, што мяне проста так затрымалі, але, з іншага
боку, не далі 30 сутак, як маглі б, а толькі трое. Проста хацеў бы падзяліцца
сваёй гісторыяй, каб людзі не гублялі веру ў сябе, — кажа Іван.