Гамельчукі смажылі ў лесе шашлыкі — іх затрымаў АМАП
Сем жыхароў Гомеля зладзілі ў лесе пікнік: на вогнішчы смажылі шашлыкі. «Гэта было глыбока ў лесе, амаль ноччу, каля 23 гадзін. Раптам прыехаў сіні бус і міліцэйская "Газель" і нас усіх затрымалі», — расказала «Свабодзе» жыхарка Гомеля Святлана.
«Быў суботні вечар. Сяброўка прапанавала мне далучыцца да кампаніі, якая сабралася ў лесе, паліла вогнішча і смажыла шашлыкі. Было гэта каля 22 гадзін. Мы з сяброўкай паехалі. Ледзьве іх знайшлі, бо гэта было глыбока ў лесе і з дарогі агню не было відаць. Пасядзелі мы хвілін сорак, ажно пад’язджаюць два аўтамабілі — сіні бус з АМАПам і машына міліцыі. Пачаліся пытанні да нас: «Што вы тут робіце? Пʼяце алкаголь у грамадзкім месцы? Нельга паліць агонь!» Хіба лес — гэта грамадзкае месца? Ператрэслі ўсе нашы торбы, рэчы — шукалі, відаць, сімволіку, але ў нас нічога такога не было», — зазначыла жыхарка Гомеля.
Іх затрымалі і павезлі ў Савецкі РАУС Гомеля. Там міліцыянты
дапытвалі людзей, што яны рабілі ў лесе. Затым Святлану і яшчэ адну дзяўчыну
павезлі ў наркалогію, каб праверыць на алкаголь.
«Я не піла алкаголю, і ў мяне паказала нуль праміле. Лекар
абураўся на АМАП: "Для чаго вы прывезлі сярод ночы нам цвярозага чалавека? Па
ёй жа відаць, што яна цвярозая". Затым нас павезлі назад у РАУС. Там мяне
апытвалі і правялі "прафілактычную гутарку", каб я не парушала грамадскага
парадку. Міліцыянт паказваў сваю абазнанасць пра мяне. Я нядаўна адбыла 15
сутак, "прыцягнутых за вушы", — нібыта я стаяла недзе з бел-чырвона-белым
сцягам, хоць мяне на здымку не было відаць. І міліцыянт пачаў гаварыць, што
ведае пра мяне ўсё: дзе я катаюся на ровары, куды я хаджу. Пытаўся, чаму
менавіта там я катаюся на ровары, чаму я была ноччу ў лесе, і казаў, каб я так
не рабіла больш. У нас што — каменданцкі час? Гэта і маразм, і цырк на дроце, і
сваволя», — ахарактарызавала Святлана.
Усіх затрыманых ноччу адпусцілі з РАУС. З некаторымі
правялі «прафілактычныя гутаркі», іншых папярэдзілі пра «недапушчальнасць ўжывання алкаголю ў грамадскім месцы».