Улады Польшчы не пакінуць без дапамогі палякаў, якія аказаліся ў цяжкай сітуацыі ў Беларусі
Урад Польшчы не пакіне без дапамогі палякаў, якія жывуць у Беларусі і аказаліся цяпер у гэтай краіне ў цяжкай сітуацыі праз дзеянні мясцовых улад. Пра гэта заявіў 7 красавіка ў эфіры «Польскага радыё» кіраўнік канцылярыі польскага прэм’ера Міхал Дворчык.
«Шакуе тое, што дыктатар з-за ўсходняй мяжы помсціць уласным грамадзянам, пераследуе уласных грамадзян толькі таму, што яны належаць да іншай нацыянальнасці — у гэтым выпадку гаворка ідзе пра польскую нацыянальнасць», — цытуе Дворчыка «Радыё Свабода».
Дворчык зазначыў: «Можна сказаць, што нашых суайчыннікаў пераследуюць толькі за тое, што яны палякі. Пракуроры, прадстаўнікі аддзелаў ідэалогіі наведалі большасць польскіх школ, а таксама месцаў, дзе ў суботу і нядзелю выкладаюць польскую мову. Польскія актывісты зазнаюць рознага роду рэпрэсіі», — заявіў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра.
«Мае месца цкаванне і ўзмацняюцца рэпрэсіі супраць польскай меншасці ў Беларусі. Беларускія ўлады ставяцца да палякаў як да этнічнай групы, супраць якой яны хочуць выклікаць негатыўныя эмоцыі ў іншых грамадзян Беларусі. Спадзяюся, гэта не ўдасца», — падкрэсліў Дворчык.
Паводле яго, польскія ўлады стараюцца дапамагаць палякам у Беларусі настолькі, наколькі гэта магчыма, гэта адзін з прыярытэтаў урада Матэўша Маравецкага. «Мы дакладна не пакінем іх без дапамогі», — заявіў кіраўнік канцылярыі польскага прэм’ера.
23 сакавіка міліцыя затрымала ў Гродне старшыню непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс. Затым Генеральная пракуратура завяла на яе і іншых асоб крымінальную справу паводле артыкула «Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб».
У сувязі з гэтым МЗС Польшчы заявіў, што такія дзеянні беларускіх улад супярэчаць міжнародным абавязкам Беларусі ў пытаннях абароны нацыянальных меншасцей і двухбаковым польска-беларускім дамовам па абароне польскай меншасці.