Допыт Алеся Бяляцкага не адбыўся, бо следчыя не валодаюць беларускай мовай
Сёння на допыт у Цэнтральны апарат Следчага камітэта выклікалі ў якасці сведкі старшыню праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага.
Але допыт не адбыўся. Алесь Бяляцкі запатрабаваў допыт і пратакол допыту па-беларуску. У выніку следчыя дзеянні былі перанесеныя на пятніцу, 9 красавіка, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на «Вясну».
Выклікаюць на допыты таксама праваабаронцаў у Светлагорску і Мазыры. Фактычна за сакавік-красавік праз допыты і затрыманні ў справе «Вясны» прайшлі некалькі дзясяткаў праваабаронцаў, валанцёраў і журналістаў у многіх гарадах Беларусі.
Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».