Гід з музея Вялікай Айчыннай правёў экскурсію для курсантаў, а потым яны яго затрымалі за значок з «Пагоняй»
29-гадовы Юрый Куўшынаў ужо пяць гадоў працуе ў музеі Вялікай Айчыннай вайны малодшым навуковым супрацоўнікам, а таксама экскурсаводам. Нараканняў адносна яго працы няма, групы, якім ён паказвае музей, задаволеныя, кіраўніцтва — таксама.
21 сакавіка Юрыя затрымалі ў цэнтры Мінска і асудзілі на
пятнаццаць сутак арышту. Як так сталася? Бо ў той дзень нават не было ніякіх вулічных
акцый, піша «Наша Ніва».
«Арышт настолькі бязглузды, што няма слоў. У мяне на
заплечніку ёсць значок з "Пагоняй" на фоне бел-чырвона-белага сцяга і з лічбамі
23.34. Я яго нашу яшчэ з восені, пасля першага арышту. Хадзіў з ім увесь час: і
міліцыя, і патрулі на вуліцах, у метро бачылі, але ніводнай заўвагі не было, —
расказвае Юрый. — А ў нядзелю, 21 сакавіка, я праводзіў экскурсію ў музеі для
курсантаў з брыгады спецназа 3214».
Факультэт унутраных войск Вайсковай акадэміі знаходзіцца
на базе брыгады спецназа 3214.
«Яны былі ўсе ў звычайнай вопратцы, бо выхадны, то-бок не
пры выкананні. Гэта была звычайная аглядная экскурсія, я ім яшчэ падрабязна
расказаў пра бел-чырвона-белы сцяг. Здаецца, слухалі вельмі ўважліва. І вось
пасля гэтага я вяртаюся дадому, пабачыў гэтых самых курсантаў, якія, як і я,
вярталіся ва Уручча.
Падымаюся на пераход на Кастрычніцкую з Купалаўскай і
адчуваю, як хтосьці тузае за заплечнік. Паварочваюся, бачу гэтых самых
курсантаў і іх кіраўніка. Ён і пачынае размову, маўляў, што за значок,
паказвай тэлефон.
Я ад такой нахабнасці ажно разгубіўся. Вядома, нічога не
стаў паказваць і папрасіў вярнуць значок. Яны на эскалатары абступілі мяне,
галоўны выклікаў патруль АМАПа, і мяне павезлі ў Ленінскае РУУС.
Я ў масцы быў, і, вядома, спачатку яны мяне не пазналі. Калі
я зняў маску, амаль усе адразу ў падлогу ўтаропіліся, галоўны іх адразу маску
нацягнуў. Я пытаюся: «Ну як, экскурсія спадабалася?» Ён адказвае: «Так,
спадабалася». І вочы адводзіць: «Я делаю свою работу, вы сами всё понимаете».
У пастарунку з затрыманымі вырашыў пагутарыць мясцовы
ідэолаг, які спрабаваў вучыць кваліфікаванага гісторыка Куўшынава гісторыі,
расказваючы, хто карыстаўся бел-чырвона-белым сцягам у часы Другой сусветнай.
«Мне задавалі пытанні, я на іх шчыра адказваў. Але нарэзку
зрабілі такую, што проста ванітуе», — гаворыць хлопец.
Юрый ужо ў другі раз трапляе на суткі. Першы раз гэта было
падчас маршу 8 лістапада. Ён тады пасядзеў на Акрэсціна, у Жодзіна і Магілёве.
І на гэты раз яму давялося адчуць прыгажосць розных турмаў.
«Умовы гэтым разам параўнальна з мінулым былі вельмі
кепскімі, шчыра кажучы. На Акрэсціна хлорку ў карцар залілі, на Жодзіне пасля
25 сакавіка расцяжкі і ўдары пачаліся.
Пазабіралі матрацы з падушкамі, у 8-меснай камеры нас
13 чалавек знаходзілася. Спалі на падлозе. Вентыляцыі не было. Як атрымалі
перадачы, праз два дні забралі усе кнігі, часопісы, асадкі, алоўкі. Соль з
прыправамі нават. Уначы будзіць праверкамі адмыслова сталі», — кажа Юрый. Усё гэта
фактычна слова ў слова супадае з турэмным досведам кіраўніка БСДП Ігара Барысава.