Што стала з кіраўнікамі дзяржаў, якія здалі свае краіны Крамлю?

Беларускі дзеяч, які працягвае называць сябе прэзідэнтам, шмат задумваецца аб тым, кім ён застанецца ў памяці нашчадкаў. Паглядзелі на гісторыю кіраўнікоў Літвы, Латвіі, Эстоніі і незалежнай рэспублікі Тува. Што здарылася з імі пасля здачы незалежнасці ў 1940 годзе? Іх лёс быў незайздросным.

luka_12.png

Сёньня гэта цяжка ўявіць, але будучыя пакаленьні беларусаў, якія асабіста не перажылі 2020 год, катаваньні на Акрэсьціна, прыніжэньні, страх і вымушанае выгнаньне — многае з гісторыі першых дзесяцігодзьдзяў незалежнага існаваньня Беларусі будуць успрымаць зусім іначай, чым мы. Асабліва калі Лукашэнка не давядзе да канчатковай страты беларускай незалежнасьці і дзяржава Беларусь захаваецца на палітычнай мапе сьвету. Як гэта можа выглядаць? — паразважалі на Сваб*дзе.
Немагчыма спрагназаваць будучыню Беларусі, не разумеючы рэальных мэтаў і матываў Лукашэнкі. Сёньня ўжо ўсім відавочна: ён наўрад ці ўяўляе сваё жыцьцё па-за прэзыдэнцкім палацам. А гэта азначае: ніякіх больш-менш справядлівых выбараў ці мірнага транзыту ўлады пры ягоным рэжыме (калі толькі не адбудуцца надзвычайныя падзеі і не складуцца абставіны непераадольнай сілы) ня будзе. Але і за далягляд уласнага жыцьцёвага шляху 70-гадовы чалавек, які сам сябе надзяліў такой адказнасьцю, ня можа не зазіраць. Верагодна, ён хацеў бы застацца ў гісторыі са станоўчым знакам — як першы прэзыдэнт незалежнай краіны, які выбудоўваў яе падмурак і абараняў ад пагрозаў. Ці магчыма гэта ў ягонай сытуацыі?

Што напішуць пра Лукашэнку ў падручніку гісторыі

Насамрэч, заклапочанасьць дыктатара сваім будучым месцам у гісторыі, тое, як яго будуць успрымаць нашчадкі і што напішуць у падручніках — выконвае ролю значна большую, чым можна меркаваць. Ці наважыўся б Пуцін на рызыкоўную і небясьпечную агрэсію супраць Украіны, калі б ня быў заклапочаны і апантаны ўласнай гістарычнай місіяй? Некалькі гадоў таму, пасьля доўгага перапынку наведаўшыся ў Маскву, я быў надзвычай уражаны тым, як зьмяніўся пры Пуціне выгляд ваколіцаў Крамля. У які б бок ні выправіўся ўздоўж крамлёўскіх сьценаў — абавязкова натрапіш на бронзавы манумэнт якому-небудзь цару-заваёўніку: ці Пятру І, ці Аляксандру І, ці Аляксандру ІІ. Або на цыкляпічнага выгляду статую іхнага далёкага папярэдніка князя Ўладзіміра. Усе гэтыя манумэнты зьявіліся пры Пуціне, ім ухваленыя, санкцыянаваныя, фінансаваныя.
«У яго тры дарадцы — Іван Жахлівы, Пётр І і Кацярына Вялікая», — так, паводле аднаго з удзельнікаў сустрэчы Пуціна з буйным бізнэсам у дзень уварваньня, міністар Лаўроў адказаў на пытаньне, як прымалася рашэньне пра пачатак вайны і чаму пра гэта ніхто нічога ня ведаў. І гэтае сьцьвярджэньне гучыць цалкам праўдападобным. Хто ведае, якія мэтамарфозы адбываюцца ў сьвядомасьці чалавека, які на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў ні ў чым ня ведае адмовы, якому ў кожную хвіліну даступнае любое задавальненьне і які адчувае сябе вяршыцелем лёсаў сьвету. Але тое, што яго ўрэшце пачынаюць вабіць ляўры вялікага заваёўніка і ганаровае месца ў сусьветнай гісторыі, — пэўна.
Лукашэнка — дыктатар дробнага калібру, маштабы падведамнай яму дзяржавы прэтэндаваць на сусьветную гістарычную ролю не дазваляюць. Але і яму роздум пра тое, якімі словамі апішуць нашчадкі ягоную 30-гадовую дыктатуру ў нацыянальнай гісторыі, наўрад ці не ўласьцівы.
Ці ўсьведамляе гэта сам Лукашэнка?
На сёньня можна пэўна сьцьвярджаць: існуюць дзьве галоўныя мэты, якія ён ставіць перад сабой — ня выпусьціць з рук сваю непадзельную аднаасобную ўладу і захаваць незалежнасьць Беларусі. Адна мэта цесна зьвязаная з другой.
Для яго самога зараз надзвычай трывожны і няпэўны час. Парадаксальным чынам менавіта ад Лукашэнкі залежыць лёс беларускай незалежнасьці. Але ў сваю чаргу і ягоны ўласны лёс вельмі цесна зьвязаны з тым, ці захаваецца Беларусь як незалежная дзяржава. Якія б заманлівыя пэрспэктывы ні малявалі перад ім «заклятыя сябры» з Крамля, дамагаючыся «канчатковага аб’яднаньня», ён яўна ня верыць абяцаньням. І мае для гэтага ўсе падставы. Анэксія Беларусі Масквой (у якой бы форме яна ні адбылася) робіць далейшы лёс самога Лукашэнкі даволі цьмяным і няпэўным. А зусім магчыма — і трагічным. Прынамсі, савецкі досьвед сьведчыць менавіта пра гэта.
У гісторыі СССР першай паловы ХХ стагодзьдзя былі прынамсі чатыры прыклады таго, як незалежныя дзяржавы пад ціскам Масквы страчвалі свой сувэрэнітэт і станавіліся часткай савецкай імпэрыі. І на падставе іх можна з большай ці меншай дакладнасьцю меркаваць, якая доля чакае Лукашэнку ў выпадку, калі ён паддасца ціску, пагодзіцца на той ці іншы варыянт здачы беларускай незалежнасьці, альбо і сам ініцыюе такі працэс.
Як вядома, у 1940 годзе Савецкі Саюз анэксаваў тры незалежныя балтыйскія краіны — Літву, Латвію і Эстонію. Перад тым на тэрыторыю ўсіх трох былі ўведзены савецкія войскі. Ва ўсіх трох на момант перад анэксіяй кіравалі аўтарытарныя лідэры. Усе трое не наважыліся на збройны супраціў супраць савецкай агрэсіі і моўчкі пагадзіліся з акупацыяй. І які ж лёс напаткаў прэзыдэнтаў незалежных дзяржаў, якія, паводле вэрсіі Масквы, «добраахвотна ўвайшлі ў склад СССР»?

Карліс Улманіс



ulmanis.jpg


Аўтарытарны прэзыдэнт Латвіі, «народны правадыр» Карліс Улманіс пасьля прад’яўленьня савецкага ўльтыматуму 16 чэрвеня 1940 году вырашыў, што найлепшы варыянт — не супраціўляцца, заставацца на сваім месцы і супрацоўнічаць з акупацыйным рэжымам. Калі стала зразумела, што на высокай пасадзе ён нават у марыянэткавай Латвійскай ССР не застанецца, зьвярнуўся да савецкага ўраду з просьбай пра прэзыдэнцкую пэнсію і выезд у Швайцарыю.
Замест ганаровай адстаўкі 22 ліпеня 1940 году быў прымусова дэпартаваны ў Стаўрапаль. 4 ліпеня 1941 году арыштаваны. 1 жніўня 1942 году перавезены ў Краснаводск (цяпер Туркмэнбашы) у Туркмэніі. Памёр 20 верасьня 1942 году ў турэмным шпіталі Краснаводску. Пазьнейшыя спробы ўладаў ужо незалежнай Латвіі знайсьці магілу Улманіса і вярнуць парэшткі прэзыдэнта на радзіму плёну не прынесьлі.

Антанас Сьмятона

smjatona.jpg


14 чэрвеня 1940 году Крэмль прад’явіў ультыматум Літве: яна павінна была памяняць урад на прасавецкі і дазволіць увод дадатковых савецкіх войскаў. Аўтарытарны прэзыдэнт міжваеннай Літвы, «правадыр народу» Антанас Сьмятона, разумеючы, што гэта канец літоўскай незалежнасьці, быў прыхільнікам ваеннага супраціву Маскве, аднак большасьць ва ўрадзе яго не падтрымала, і ўрэшце Літва без супраціву пагадзілася на ўмовы Сталіна. 15 чэрвеня 1940 году, выяжджаючы з краіны ў эміграцыю, Сьмятона адмовіўся ад паўнамоцтваў прэзыдэнта на карысьць прэм’ера Антанаса Мяркіса. Што чакала б Сьмятону, калі б ён застаўся ў Літве, даволі дакладна можна бачыць з далейшага лёсу Мяркіса. 17 ліпеня 1940 году той быў арыштаваны НКВД і вывезены ў Саратаў. У 1941 годзе Мяркіса і яго сямʼю пасадзілі ў турму. У 1954 годзе вызвалілі з турмы бяз права вяртаньня ў Літву. Мяркіс заставаўся ў ссылцы ва Ўладзімірскай вобласьці, дзе і памёр у 1955 годзе.
Што да Антанаса Сьмятоны, то ён разам зь сямʼёй знайшоў прытулак у ЗША. Трагічна загінуў у выніку пажару ў доме сына ў Кліўлэндзе 9 студзеня 1944 г.

Канстанцін Пятс

pjats.jpg


Як і Улманіс, прэзыдэнт Эстоніі Канстанцін Пятс не аддаў загаду супраціўляцца савецкаму ўварваньню. Пасьля савецкага ўльтыматуму 16 чэрвеня 1940 года і ўводу дадатковых сілаў Чырвонай арміі на эстонскую тэрыторыю ён застаўся ў Эстоніі. Вымушаны быў скласьці прэзыдэнцкія паўнамоцтвы пасьля абвяшчэньня 21 ліпеня 1940 году марыянэткавай Эстонскай ССР. Яшчэ да афіцыйнага далучэньня дзяржавы да СССР (яно адбылося 6 жніўня 1940 г.) Пятса і ягоную сям’ю арыштавалі і дэпартавалі ў Башкірыю, ва Ўфу. У 1942-м зьмясьцілі ў Казанскі турэмны псыхіятрычны шпіталь. Са сьнежня 1952 году Пятса ўтрымлівалі ў псыхіятрычным шпіталі ў пасёлку Бурашава пад Калінінам. Там жа ён і памёр 18 студзеня 1956 году.
У 1990 годзе ягоныя парэшткі знайшлі і перапахавалі на талінскіх могілках Мэтсакальмісту.

Салчак Тока

toka.jpg


Да лёсу тувінскага дыктатара Салчака Токі Аляксандру Лукашэнку варта было б прыгледзецца асабліва пільна. У 1932 годзе гэтаму камуністычнаму дзеячу ў зусім яшчэ маладым узросьце выпала стаць кіраўніком фармальна незалежнай Тувінскай Народнай Рэспублікі — маленькай краіны на поўдні Сыбіры, якая доўгі час уваходзіла ў склад Кітаю і толькі ў 1914 годзе трапіла пад пратэктарат Расейскай імпэрыі. Адданы сталінец, Тока так заўзята пераймаў савецкую практыку палітычных рэпрэсій, што яшчэ да здачы незалежнасьці Берыя ўзнагародзіў яго знакам «Заслужаны работнік НКВД СССР». Як «здраднікаў», «японскіх шпіёнаў» і «контрарэвалюцыянэраў» зьнішчыў усіх сваіх палітычных супернікаў — у тым ліку першага кіраўніка незалежнай Тувы Мангуша Буян-Бадыргы. Выключыў з партыі свайго папярэдніка на пасадзе фактычнага кіраўніка краіны Іргіта Шагдыржапа, у якім бачыў пагрозу для ўласнай аднаасобнай улады.
Усе дванаццаць гадоў на пасадзе кіраўніка незалежнай Тувы Салчак Тока сваёй галоўнай мэтай называў далучэньне краіны да СССР. Мара збылася ў 1944 годзе. Тува ўвайшла ў склад СССР на прыніжальных для яе ўмовах: нават не як саюзная рэспубліка, а толькі як аўтаномная вобласьць РСФСР, без рэфэрэндуму, на падставе ўказу Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР, які «задаволіў просьбу Малога Хурала Тувінскай Народнай Рэспублікі».

Якой была ўдзячнасьць Масквы тувінскаму марыянэткаваму дыктатару, які паслухмяна здаў незалежнасьць радзімы?


Колішні кіраўнік незалежнай дзяржавы стаў першым сакратаром Тувінскага абкаму КПСС — фактычна, кіраўніком аднаго з сотні расейскіх рэгіёнаў. Пра тое, якім было рэальнае стаўленьне да яго з боку Сталіна, сьведчыць красамоўнае апісаньне адзінай вядомай гісторыкам сустрэчы Салчака Токі з савецкім дыктатарам.
Праседзеўшы ў прыёмнай Сталіна тры дні, Салчак Тока ўрэшце дамогся аўдыенцыі. Увайшоў у кабінэт, павітаўся: «Дзень добры, Іосіф Вісарыёнавіч!»
Адказ не прагучаў. Сталін моўчкі стаяў сьпінай да яго, глядзеў у вакно і курыў люльку. На працягу некалькіх хвілін стаяла мёртвая цішыня. Урэшце Сталін павярнуўся да візытэра, акінуў яго незадаволеным позіркам і груба кінуў: «Ты зразумеў?»
— Зразумеў, Іосіф Вісарыёнавіч!
— Ідзі працуй!
Ужо ў прыёмнай усхваляваны і зьбянтэжаны Тока паспрабаваў выказаць сваю незадаволенасьць сакратару: «Я тры дні чакаў, каб пачуць усяго тры словы...» У адказ сакратар прыклаў палец да вуснаў і спытаў: «Квіток на самалёт ёсьць?» Пачуўшы станоўчы адказ, параіў не марудзячы зьнікнуць з Масквы.
Вось такой была першая і апошняя сустрэча Салчака Токі з Іосіфам Сталіным. Сам тувінскі лідэр доўгі час трымаў гэтую гісторыю ў сакрэце. Расказаў яе ўжо на схіле веку, у брэжнеўскі час, у шчырай размове са старшынём райвыканкаму ў родным пасёлку Тоджа.
Зрэшты, Масква ўсё ж аддзячыла Салчаку Току за здачу незалежнасьці. Яго не расстралялі і не арыштавалі пры Сталіну, а пазьней, калі насталі значна больш вэгетарыянскія часы, бестэрмінова пакінулі на пасадзе кіраўніка вобласьці. З такім жа запалам, як пры Сталіну выкрываў і расстрэльваў «ворагаў народу», Тока ў хрушчоўскі час сеяў у Сыбіры кукурузу і ўзьнімаў цаліну, а ў брэжнеўскі — змагаўся за высокія вытворчыя паказчыкі і «непарушнасьць ленінскага курсу». У выніку атрымалася, што кіраваў ён Тувой на працягу 41 году (зь іх 12 гадоў — як кіраўнік незалежнай краіны). За адданую службу Маскве яму нават выдалі генэральскі мундзір, узнагародзілі ажно сямю ордэнамі Леніна, а незадоўга да сьмерці абвясьцілі заснавальнікам і клясыкам тувінскай літаратуры.

«Фашысцкія дыктатары» і «арганізатары тэрарыстычнага перавароту»

У СССР памяць пра лідэраў трох незалежных балтыйскіх дзяржаў імкнуліся сьцерці. Іхныя імёны былі пад забаронай, ні пра якае ўшанаваньне памяці не магло быць і гаворкі. У савецкіх падручніках гісторыі адзін абвяшчаўся «фашысцкім дыктатарам Літвы, які пры падтрымцы рэакцыйнага афіцэрства зьдзейсьніў фашысцкі пераварот» (гэта пра Сьмятону); другі — «ажыцьцяўляў тэрарыстычную дыктатуру, шляхам фашысцкага перавароту прызначыў сябе прэзыдэнтам Латвіі» (пра Улманіса); трэці — «кіраваў фашысцкім пераваротам, стаў прэзыдэнтам буржуазнай Эстоніі, быў зрынуты ў выніку сацыялістычнай рэвалюцыі 1940 году» (пра Пятса).
Але вось мінула 80 гадоў. У сёньняшніх незалежных Латвіі, Літве і Эстоніі імёны апошніх даваенных прэзыдэнтаў вернутыя зь нябыту, хоць казаць пра тое, што яны занялі пачэсныя месцы ў пантэоне нацыянальных герояў, было б перабольшаньнем. Стаўленьне да іх застаецца супярэчлівым. З аднаго боку — знакавыя фігуры нацыянальнай гісторыі (Сьмятона і Улманіс увогуле былі першымі прэзыдэнтамі ў сваіх краінах); шмат зрабілі ў першыя гады незалежнасьці; як умелі, умацоўвалі сувэрэнітэт сваіх краін; з другога — у пэўны пэрыяд адышлі ад дэмакратыі, кіравалі з дапамогай аўтарытарных мэтадаў, усталявалі рэжымы аднаасобнай улады; перасьледавалі палітычных апанэнтаў; выявілі слабасьць і маладушнасьць у момант, калі трэба было супрацьстаяць савецкай агрэсіі...
Гэтая супярэчлівасьць адлюстравалася і ва ўшанаваньні іхнай памяці нашчадкамі. Ні ў Латвіі, ні ў Літве, ні ў Эстоніі вы ня ўбачыце велічных мэмарыялаў ці музэйных комплексаў Улманіса, Сьмятоны і Пятса. Тым больш няма гаворкі пра тое, каб іхныя імёны былі ўвекавечаныя ў тапаніміцы кожнага гораду краіны.
Але пры гэтым:
— бронзавую фігуру Карліса Улманіса (дабрадушнага сталага чалавека з усьмешкай на твары і з капелюшом у руцэ) можна ўбачыць у ціхім раёне Рыгі, насупраць дома, дзе ён калісьці жыў;
— невысокая бронзавая постаць элегантна апранутага мужчыны з прафэсарскай бародкай і ў цыліндры сустрэне вас у Коўне ля двухпавярховага прыгожага будынка, дзе ў міжваенны пэрыяд была прэзыдэнцкая рэзыдэнцыя (гэта помнік Антанасу Сьмятону);
— а ў Таліне насупраць будынку Нацыянальнай опэры напрыканцы 2022 году зьявіўся мадэрновы помнік «Галава дзяржавы», дзе ў гранітных абрысах твару цяжка не пазнаць апошняга прэзыдэнта міжваеннай Эстоніі Канстанціна Пятса.

А што ж у Туве?

Салчаку Току, які ператварыў сваю незалежную дзяржаву ў аўтаномную вобласьць Расейскай Фэдэрацыі, у 1984 годзе Масква аддзячыла ўсталяваньнем сьціплага і аляпаватага бюста ў Кызыле. У 1990-я бюст неаднаразова даводзілася забіваць і захіляць шчытамі з дошак: падчас антысавецкіх дэманстрацый яго шмат разоў пагражалі зьнесьці. Дзякуючы пільнай ахове бюст захаваўся, але і ў 20-я гады новага стагодзьдзя зь ім раз-пораз нешта здараецца. Вось і нядаўна апаганілі — аблілі чырвонай фарбай.
На пачатку 90-х у Туве адбыліся найбольш жорсткія на тэрыторыі РСФСР міжэтнічныя сутыкненьні, многія этнічныя расейцы вымушаныя былі пакінуць тэрыторыю рэспублікі. У Туве існаваў магутны рух за аднаўленьне незалежнасьці. Калі б у 1944-м яна ўвайшла ў склад СССР на правах саюзнай рэспублікі — без сумневу, яе лёс у 1991-м склаўся б зусім інакш.
У 2014-м у Кызыле быў адкрыты бронзавы помнік Мангушу Буяну-Бадыргы, першаму кіраўніку незалежнай Тувы, які стаў ахвярай палітычных рэпрэсій (кіраваў якімі не ў апошнюю чаргу Тока). Імем Буяна-Бадыргы як нацыянальнага героя названы заснаваны ў рэспубліцы ордэн за заслугі перад Тувой. Значнасьць ягонай асобы ў нацыянальнай гісторыі ўсяляк падкрэсьліваецца.
І нешта падказвае, што гэтая гісторыя (героя незалежнай Тувы Буяна-Бадыргы і ягонага ката і магільшчыка тувінскай незалежнасьці Салчака Токі) яшчэ зусім ня скончылася...

Перад судом нашчадкаў

Палітыка ня робіцца ў белых пальчатках. І нашчадкі часта даруюць сваім аўтарытарным правіцелям мінулага іхныя грахі і слабасьці. Даруюць многае, хоць і ня ўсё. Сёньня гэта цяжка ўявіць, але будучыя пакаленьні беларусаў, якія асабіста не перажылі 2020 год, катаваньні на Акрэсьціна, прыніжэньні, страх і вымушанае выгнаньне — многае з гісторыі першых дзесяцігодзьдзяў незалежнага існаваньня Беларусі будуць успрымаць зусім па-іншаму, чым мы. Асабліва, калі Лукашэнка не давядзе да канчатковай страты беларускай незалежнасьці і дзяржава Беларусь захаваецца на палітычнай мапе сьвету.
Урэшце, трыццаць год з гісторыі ня выкрасьліш. Нават калі гэта быў змрочны час, запоўнены людзкімі пакутамі, прыгнётам і несправядлівасьцю.
Узіраючыся ў засмужаную цьмяную будучыню, цяжка разгледзець дэталі і падрабязнасьці. Хоць інтуіцыя падказвае, што калі-небудзь напрыканцы ХХІ стагодзьдзя нашы праўнукі змогуць бачыць сьціплы помнік напаўзабытаму і супярэчліваму чалавеку, які паводле дзіўнай прыхамаці гісторыі стаў першым прэзыдэнтам незалежнай Беларусі. Маленькі бронзавы Лукашэнка будзе стаяць дзе-небудзь насупраць сваёй колішняй школы ў вёсцы Александрыя ці ў якім-небудзь шклоўскім парку. Такі сабе апрануты ў прасторную льняную кашулю вясковы дзед з хітрым прыжмурам вачэй, сьмешным зачосам на лысіне і забаўным шпіцам на павадку. І далёка ня кожны зь мінакоў будзе ведаць, як звалі гэтага дзеда і які сьлед у гісторыі ён пакінуў...