Пачалося? Дэпутат Дзярждумы Расіі папракнуў Лукашэнку, што той не прызнаў «новыя суб'екты РФ»

Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін у эфіры радыёстанцыі «Гаворыць Масква» пачаў крытыку Лукашэнкі за недастатковыя саюзніцкія адносіны.

Малюнак з сайта politnavigator.net

Малюнак з сайта politnavigator.net


Па яго словах, Лукашэнка «дагэтуль не прызнаў Крым і яшчэ чатыры новыя суб'екты РФ».

— У нас па вызначэнні з Беларуссю найбольш блізкія адносіны. Трэба адзначыць, што яны звязаны не толькі з агульным поглядам на тое, што адбываецца ва Украіне, тут у нас могуць быць разыходжанні, насамрэч. Паколькі асабіста прэзідэнт Лукашэнка дагэтуль ні разу не заяўляў аб прызнанні, скажам, Крыма ў складзе Расійскай Федэрацыі, ужо не кажучы аб прызнанні новых суб'ектаў Расіі, — сказаў Затулін.

Ён таксама дадаў, што ў адрозненне ад «прэзідэнта брацкай Беларусі», гэтыя тэрыторыі прызнаў расійскімі прэзідэнт Сірыі.

— Пры гэтым усім жа зразумела, што пасля выбараў 2020 года Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка абапіраецца толькі на падтрымку Расіі. Ён зноў названы апошнім дыктатарам Еўропы. Праўда, цяпер Пуцін яшчэ больш адыёзная для мас-медыя на Захадзе асоба. Але пры гэтым ён, натуральна, вядзе сваю лінію, і я цяпер не хачу шукаць плямы на гэтым беларускім сонцы.


Гэта ўжо не першы раз, калі дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін выступае з крытыкай у адрас Лукашэнкі. У 2021 годзе ён падкрэсліваў, што кіраўнік Беларусі ані разу не дапамог Расіі ў міжнародных канфліктах, і яго абяцанням верыць нельга. У 2020 годзе Затулін назваў афіцыйныя вынікі выбараў у Беларусі сумнеўнымі.

Нягледзячы на тое, што беларускі кіраўнік дэ-юрэ не прызнаў Крым і астатнія акупаваныя тэрыторыі Украіны расійскімі, ён заяўляў, што Беларусь супрацоўнічае з такімі рэгіёнамі, як Крым, «ЛНР» і «ДНР», і калі «трэба будзе, ён іх прызнае, аднак цяпер гэта нічога дадаткова не дае».

Таксама ў лістападзе 2021 года Лукашэнка публічна наракаў на тое, што прэзідэнт Расіі зноў паехаў у Крым без яго, нягледзячы на абяцанні ўзяць з сабой.