Расійскі МЗС: «ДНР», «ЛНР» і акупаваныя Херсонская і Запарожская вобласці ўвайшлі ў Саюзную дзяржаву
Так званыя Данецкая і Луганская народныя рэспублікі, а таксама акупаваныя часткі Херсонскай і Запарожскай абласцей пасля «ўваходжання» ў склад Расіі сталі часткай Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю ТАСС дырэктар другога дэпартамента СНД МЗС РФ Аляксей Палішчук.
«Крым
з'яўляецца неад'емнай часткай не толькі Расіі, але і Саюзнай дзяржавы Расіі і
Беларусі. У дамове 1999 года аб яго стварэнні сказана, што «тэрыторыя
Саюзнай дзяржавы складаецца з дзяржаўных тэрыторый дзяржаў-удзельніц»,
якія ў сваю чаргу вызначаюцца іх канстытуцыямі. Гэта значыць, што Рэспубліка
Крым, Севастопаль, а таксама новыя рэгіёны Данбаса і Прыазоўя пасля ўступлення
ў склад Расіі сталі часткай Саюзнай дзяржавы», — сказаў чыноўнік.
Палішчук
адзначыў, што Беларусь развівае супрацоўніцтва з Крымам і Севастопалем, перш за
ўсё ў гандлёва-эканамічнай, культурна-гуманітарнай і турыстычнай сферах. «У Крыме прадаюцца беларускія тавары, а грамадзяне Беларусі адпачываюць на
паўвостраве нароўні з расійцамі», — дадаў ён.
З 23 па 27
верасня ў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама на захопленых акупантамі тэрыторыях Запарожскай і
Херсонскай абласцей прайшлі «рэферэндумы» па пытанні ўваходжання ў склад Расіі.
Па выніках карыкатурнага галасавання Масква абвясціла аб далучэнні гэтых зямель да РФ.
Гэтыя «рэферэндумы» на сёння прызнаныя толькі адной, акрамя самой Расіі, дзяржавай — Паўночнай Карэяй.