Чаму Лукашэнка асцярожнічае з прызнаннем «новых суб'ектаў» Расіі?

Дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін папракнуў беларускага кіраўніка ў тым, што той дагэтуль не прызнаў «новыя суб'екты» Расіі. А ці трэба Крамлю тое прызнанне? І як яго ажыццявіць на практыцы? Пра гэта разважае палітолаг Валерый Карбалевіч у «Салідарнасці».

Фота з сайта nikopolnews.net

Фота з сайта nikopolnews.net


Затулін дакладна не транслюе пазіцыю Крамля, — адзначае Карбалевіч. — Ён транслюе сваю пазіцыю і, напэўна, пазіцыю часткі дэпутатаў Дзярждумы ці нейкага палітычнага класа Расіі, якое хацела б поўнай і канчатковай адданасці Лукашэнку РФ, і якое не ў захапленні ад ягонай асцярожнай пазіцыі з нагоды Крыма і «далучэння» чатырох абласцей Украіны да Расіі.

Затулін не першы раз крытыкуе Лукашэнку, у яго па гэтым пытанні нейкі свой «пункцік». Ён крытыкаваў Лукашэнку падчас пратэстаў у 2020 годзе. З усіх цяперашніх дэпутатаў Дзярждумы ён, напэўна, адзіны, хто дазваляе сабе публічна крытыкаваць Лукашэнку. Таму ягоная крытыка — не сенсацыйная з'ява, а чарговы ўкол на адрас Лукашэнкі.

Эксперт адзначае: тое, што кіраўнік Беларусі дагэтуль не прызнаў «новыя суб'екты РФ», перш за ўсё сведчыць, што Лукашэнка не з'яўляецца поўнай марыянеткай Расіі, і пэўная ступень аўтаноміі ад Масквы ў яго ёсць.

Таму ён не прызнаў Крым, іншыя ўкраінскія тэрыторыі, фактычна дэ-юрэ не прызнаў незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Лукашэнка паводзіць сябе асцярожна, бо парушэнне дзяржаўнай цэласнасці — адзін з фундаментальных прынцыпаў, на якіх трымаецца сусветная супольнасць.

Лукашэнка аказваецца ў непрыемнай сітуацыі, таму што Беларусь таксама можа стаць ахвярай расійскай агрэсіі.

Калі ў 2014 годзе Расія захапіла Крым і Данбас, Лукашэнка больш адкрыта казаў пра свае асцярогі, намякаў. Ён заўсёды мае на ўвазе, што калі гэта магчыма ў дачыненні да тэрыторый Украіны, то магчыма і ў дачыненні да Беларусі.

Менавіта таму яшчэ ў 2014 годзе афіцыйны Мінск заявіў аб прызнанні тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а цяпер ставіцца да гэтых пастаноў з асцярогай.

Карбалевіч таксама дадае, што няма юрыдычнай неабходнасці і няма юрыдычных працэдур, згодна з якімі трэба было б прызнаваць далучэнне адной тэрыторыі да іншай. Калі аб прызнанні незалежнасці нейкай краіны існуюць зразумелыя міжнародныя працэдуры, то, калі гаворка ідзе пра тое, што адна краіна далучыла да сябе частку іншай краіны — тут ніякіх міжнародных працэдур няма.

Гэта хутчэй палітычнае рашэнне, і тут Лукашэнку лёгка ўхіліцца.

Таму, калі Затулін выказвае прэтэнзіі, яму можна задаць пытанне: якім чынам дэпутат хацеў бы ўбачыць гэтае прызнанне, і што для гэта трэба — бо падобнае не прадугледжана міжнароднымі працэдурамі.

Вядома, для Масквы было б лепш, калі б Беларусь прызнала акупаваныя тэрыторыі расійскімі. Аднак не думаю, што гэта крытычна важна, каб дзеля гэтага прадпрымаць нейкія рашучыя сілавыя, а тым больш публічныя, дзеянні.

Не выпадкова, што гэтае пытанне падымае дэпутат, а не прадстаўнік Крамля, МЗС, урада. Расія пакуль што не мае дачынення да грамадскай дзейнасці і не мае праблемаў з грамадствам.