У Дзярждуме Расіі заўважылі рэпрэсіі ў Беларусі адносна журналістаў

Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы Расіі па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін пракаментаваў затрыманне ў нашай краіне журналіста «КП у Беларусі» Генадзя Мажэйкі. Паводле яго слоў, «адносіны ў Беларусі да СМІ, журналістаў... пакідаюць жадаць нашмат лепшага».

Генадзь Мажэйка

Генадзь Мажэйка


Затулін лічыць, «штона слова трэба адказваць словам, а не рэпрэсіямі», паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на ria.ru.

«З таго, што я на дадзены момант чую, мне здаецца, абставіны гэтыя прыцягнутыя за вушы, — працягвае Затулін. — Ніхто не можа быць суддзёй загадзя». Ён не выключае, што журналіста схапілі «для нейкага застрашэння, каб кагосьці запалохаць».

Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы заявіў, што ў той час, калі Расія заклапочана пытаннем захавання саюзнай дзяржавы і недапушчэннем «дэстабілізацыі ў Беларусі», улады нашай краіны падаўляюць іншадумства. І прыкрываюцца тым, што Захад цісне на Беларусь за знаходжанне ў саюзнай дзяржаве з РФ. «Але гэта не з'яўляецца індульгенцыяй з любой нагоды, калі справа датычыць рэпрэсій супраць журналістаў», — адзначае Канстанцін Затулін.

Генадзя Мажэйку затрымалі, верагодна, 1 кастрычніка, ён знаходзіўся на Акрэсціна. Дома ў яго адбыўся ператрус. У пастанове былі пазначаныя крымінальныя артыкулы «распальванне варожасці» і «абраза прадстаўніка ўлады». Мажэйка быў аўтарам публікацыі на сайце «КП у Беларусі» пра загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ мінчука Андрэя Зельцэра.

Ужо на наступны дзень сайт выдання ў Беларусі заблакавалі.