Пуцін сцелецца перад Сі Цзіньпінам яшчэ больш, чым Лукашэнка перад Пуціным
Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін перад візітам кітайскага лідара Сі Цзіньпіна ў Маскву дэманстраваў такія жэсты вернападданага, на якія ў свой час быў не здольны нават Лукашэнка. Пра тое, ці гатова Расія стаць васалам Кітая і што ад гэтага будзе Беларусі, разважае ў «Белнавінах» Генадзь Лук'яновіч.
Перад візітам «таварыша Сі» ў галоўнай кітайскай газеце «Жэньмінь жыбаа» з'явіўся артыкул Пуціна, у якім той па-кадыраўску называў лідара КПК братам, цытаваў Канфуцыя («Хіба гэта не радасць, калі здалёку прыязджае сябар!») і раздаваў па-ўсходняму шчодрыя кампліменты. Затым была пышная сустрэча ў аэрапорце з аркестрам, картэжам з паўсотні аўтамабіляў уздоўж усланай вітальнымі білбордамі дарогі.
Відавочна, такое меркаванне ўласціва не толькі атачэнню Пуціна, але і многім расійцам, уключаючы дугінскіх еўразійцаў і Z-патрыётаў. Найбольш дакладна яго сфармуляваў канал «Камісар знікае» ў публікацыі пад загалоўкам «Чаму Расія ў ХХІ стагоддзі павінна стаць васалам Кітая, а не Амерыкі». У ёй, у прыватнасці, гаворыцца:
«Кітай, у адрозненне ад Амерыкі, прэтэндуе на нашы рэсурсы, але не на нашу ідэнтычнасць. Ім усё роўна, што мы думаем пра гендар і траўму, фемінізм і ЛГБТ, пра рускасць і ўкраінства, пра маскоўскае і грэчаскае праваслаўе, атэізм і ўніяцтва, пра актывізм і ваукізм... Аляксандр Неўскі меў рацыю, і нам цяпер больш выгадны Хан у Ардзе, чым Папа і рыцары ў нас на шыі».
Каментуючы гэты тэкст, Міхаіл Хадаркоўскі звяртае ўвагу, што расійцы ў прынцыпе змірыліся з тым, што іх дзяржава «ўжо не можа не быць чыімсьці васалам», пасля чаго яны абралі сабе заступніка, як ім здаецца, больш зручнага, і цяпер спрабуюць задобрыць яго дарамі і славаслоўем.
Той факт, што паддобрыванне Уладзіміра Пуціна да Сі Цзіньпіна па сваім характары неадрознае ад таго, як перад самім Пуціным сцелецца Аляксандр Лукашэнка, не застаўся незаўважаным. Пра тое, што «Расія паступова становіцца для Кітая тым, чым для Расіі з'яўляецца Беларусь», піша, напрыклад, былы ўкраінскі міністр замежных спраў Павел Клімкін. Залежнасць ад кітайскага экспарту і юаня ў якасці другой валюты (расійцам ужо актыўна прапануюць дэпазіты ў юанях), на яго думку, азначаюць пачатак «кітаізацыі» Расіі.
Зразумела, ёсць і розніца: Уладзімір Пуцін хацеў бы поўнай палітычнай інтэграцыі Беларусі, у той час як Сі больш зацікаўлены ў выкарыстанні толькі рэсурсаў суседняй краіны, па вычарпанні якіх Расію можна было б выкінуць на геапалітычную звалку. Але вось у сваёй матывацыі Пуцін і Лукашэнка вельмі нават сыходзяцца, бо абодва выразна разумеюць, што на гэтым этапе ўтрыманне імі ўлады цалкам залежыць ад замежнага заступніцтва.
У сваю чаргу, для абвешчанага ў вышук Міжнародным крымінальным судом Уладзіміра Пуціна толькі падтрымка з боку Пекіна дае надзею не апынуцца на лаве падсудных. Да таго ж анансаваны расійскім лідарам «разварот на Усход» прывёў да таго, што расійская эканоміка ўсё больш залежыць ад Кітая. Можа, яшчэ не так моцна, як беларуская залежыць сёння ад Расіі, але яна адназначна рухаецца ў гэтым кірунку.
Вядома, прыгожымі словамі пра Канфуцыя і «вялікага кітайскага брата» тут не абыдзешся. Сі Цзіньпіну трэба паабяцаць нешта больш істотнае. І, напэўна, у Крамлі знайшлі патрэбныя аргументы. Нездарма ж сам Сі Цзіньпін нечакана выказаў упэўненасць у перамозе Пуціна на наступных выбарах у 2024 годзе яшчэ нават да таго, як сам Пуцін заявіў пра гатоўнасць прыняць у іх удзел — у гэтым назіральнікі аднагалосна ўбачылі новую форму атрымання расійскім прэзідэнтам цэтліка на княжанне.
Апора на Расію выглядае такой жа надзейнай, як калі б вы намацалі пад нагамі цвердзь, але на самой справе яна аказалася падлогай у ліфце падчас падзення. Быць залежным ад залежнага — што можа быць горш? Выходзіць, што эканоміка і палітыка Беларусі цяпер будуць залежаць не толькі ад флуктуацый расійскай ўнутрыпалітычнай павесткі, але і ад бягучага стану расійска-кітайскіх адносін?
Скажам проста — не ўсё выглядае так катастрафічна. Еўрапейскае сярэднявечнае правіла «васал майго васала — не мой васал» не працуе ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, што і было даказана нядаўнім цёплым прыёмам Лукашэнкі ў гэтай краіне. «Пасля візіту Лукашэнкі ў Пекін праглынуць Беларусь Пуціну будзе складаней», — згаджаецца з гэтым тэзісам і Павел Клімкін.
Нягледзячы на ўсе запэўніванні аб дружбе з РФ, Кітай усё больш адкрыта дэманструе, што ён не мае патрэбы ў пасрэдніках на постсавецкай прасторы, тым больш у асобе Крамля. Сі Цзіньпін паслядоўна выцясняе Расію з рэгіёна Сярэдняй Азіі, і ён адназначна гатовы дапамагаць Лукашэнку пазбегнуць поўнай анексіі Беларусі.
Ну, а што тычыцца беларусаў, то цяперашні візіт нясе для іх два пасланні — адно добрае і адно дрэннае. У Пекіне мы бачым, хутчэй, саюзніка супраць паглынання нашай краіны Расіяй. Дрэннае — Лукашэнка, можа быць, знайшоў дадатковага заступніка, які, як чакаецца, дазволіць яму заставацца ва ўладзе нават у выпадку ваеннага паражэння Расіі.