Аляксандр Фрыдман: Тыповая формула Лукашэнкі з Кітаем не спрацуе

Лукашэнка знаходзіцца з візітам у Кітаі, дзе сустрэўся з кіраўніком краіны Сі Цзіньпінам. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны пісаў, што беларускі кіраўнік можа вазіць для Расіі зброю з Кітая. Таксама ёсць версія, што Пекін незадаволены тым, што адбываецца на межах Беларусі з ЕС, таму Лукашэнку выклікалі «на размову».

54434943_605.jpg


Што ж стаіць за візітам беларускага кіраўніка ў Паднябесную? «Белнавіны» запыталіся пра гэта ў палітычнага аглядальніка, гісторыка і палітолага Аляксандра Фрыдмана.

— Думаю, што і адна, і другая версія маюць права на існаванне. Калі гаворка ідзе пра пастаўкі ўзбраенняў, то, безумоўна, калі Кітай вырашыцца на гэты крок, беларускі канал можа быць выкарыстаны. Малаверагодна, што Пекін пойдзе на вялікія пастаўкі і што яны будуць пастаўляць зброю Расіі наўпрост, бо гэта нясе сур'ёзныя рызыкі.

Рознага кшталту «шэрыя схемы» могуць быць выкарыстаны, а Беларусь у іх можа адыгрываць важную ролю, як Іран, Паўночная Карэя і іншыя партнёры Кітая. Думаю, гэты варыянт з Лукашэнкам можа абмяркоўвацца.

Што тычыцца эканамічнага складніка, то напружанасць на межах з Еўрасаюзам — важным для Кітая лагістычным шляхам — Пекіну не падабаецца. Аднак тут справа не толькі ў Лукашэнку і ў ягонай палітыцы. Польшча і Літва адказваюць на працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі. Думаю, што тэма меж не ключавая.

Галоўная тэма — вайна і тое, што Кітай у пытаннях мірнага ўрэгулявання спрабуе адыгрываць актыўную ролю. Пекін не зацікаўлены ў тым, каб вайна распаўсюдзілася на тэрыторыю Беларусі, і яму важна ўплываць на працэсы. У кантэксце мірнага ўрэгулявання — Беларусь адзін з важных фактараў. Таму, думаю, з гэтым звязана паездка Лукашэнкі.

— ЗША тым часам папярэдзілі Кітай, што яго чакаюць сур'ёзныя наступствы, калі ён пачне пастаўляць зброю для РФ. Ці можа трапіць пад раздачу Лукашэнка, калі яго задзейнічаюць у гэтай схеме?

— Вядома ж. Калі з дапамогай Кітая Беларусь яшчэ больш уцягнецца ў вайну, то будуць новыя санкцыі і новыя крокі. Гэта відавочна. Аднак я не думаю, што Лукашэнку гэта палохае. Ён робіць стаўку на партнёрства з Кітаем і разлічвае, што ў асобе Пекіна набудзе новага важнага палітычнага партнёра. Лукашэнка бачыць, што Расія аслабела, у яе няма былых магчымасцей, і ён у пошуках новага патрона. Думаю, Лукашэнка марыць пра такога патрона.


— Кітайскія СМІ амаль нічога не пішуць пра прыезд Лукашэнкі. Для іх гэта другарадная падзея ці не хочуць афішаваць гэты візіт?

— Для іх гэта не такі таксічны партнёр, яны сустракаюцца і з палітыкам, горшым за яго. Але навошта выхваляцца? Бо для Пекіна гэта не вялікая палітычная фігура і лідар сусветнай дзяржавы. Гэта гісторыя для Кітая прахадная, Пекіну гэты візіт патрэбны толькі ў кантэксце мірнай ініцыятывы, у якой Беларусі вызначана пэўная роля. Па выніках візіту стане ясна, якая.

Для Лукашэнкі гэта вялікая падзея, беручы пад увагу, куды і калі ён ездзіць. Цяпер ён наведвае звышдзяржаву ў такі лёсавызначальны момант — момант абвяшчэння мірнага плана. Мы бачым, што многія еўрапейскія лідары заяўляюць аб жаданні паехаць у Кітай, каб абмеркаваць мірную ініцыятыву. Вось яны прыедуць, а Лукашэнка там ужо пабываў.

Гэта сапраўды важная паездка не толькі ў беларускім кантэксце, яна дазволіць акрэсліць і лепш зразумець кітайскую мірную ініцыятыву — словы гэта ці рушаць услед нейкія дзеянні? Менавіта з гэтай прычыны Лукашэнка трапіў на старонкі сусветных СМІ.

— Пекін адрозніваецца ад Масквы тым, што праводзіць рацыянальную палітыку ў пытаннях выдачы крэдытаў, эканамічнага супрацоўніцтва. Ці ёсць Лукашэнку што прапанаваць Паднябеснай у тым стане, у якім ён цяпер знаходзіцца?

— Гэта яго асноўная праблема. Бо тыповая формула «датацыі ў абмен на пацалункі» або «прызнанні ў братэрскай любові» з Кітаем, вядома ж, не працуюць. Там гэта ветліва слухаюць, але хочуць ведаць, што Лукашэнка можа прапанаваць. Тут у яго магчымасці абмежаваныя, а само супрацоўніцтва асіметрычнае, бо Беларусь можа прапанаваць значна менш. Як рынак — так, гэта адзін з аспектаў, як ланцуг і лагістыка — для Кітая гэта вельмі важна.

Лукашэнка можа прапанаваць поўнае эканамічнае і палітычнае падпарадкаванне кітайскаму боку, аднак, каб павысіць прывабнасць, яму давядзецца ісці на ўрэгуляванне з Захадам. Бо Беларусь цікавая Кітаю як плацдарм для прасоўвання тавараў і паслуг у Еўрапейскі Саюз.