Лукашэнка едзе ў Кітай па зброю для Расіі?
Візіт Лукашэнкі ў Кітай, які адбудзецца, меркавана, з 28 лютага па 2 сакавіка, ажыццяўляецца для таго, каб дапамагчы Расіі і Кітаю пазбегнуць санкцый у пастаўках для Расіі летальнай зброі.
Прынамсі, так лічаць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). Там адзначаюць, што візіт дзіўным чынам супаў з паведамленнямі пра тое, што Кітай разглядае магчымасць прадастаўлення РФ летальнай зброі і боепрыпасаў.
У Інстытуце нагадалі, што Лукашэнка абвясціў аб планах наведаць Кітай з 28 лютага па 2 сакавіка і сустрэцца з Сі Цзіньпінам, верагодна, для падпісання пагадненняў аб гандлі, інвестыцыях, маштабных сумесных праектах і іншых пытаннях. «Заява Лукашэнкі аб запланаваным візіце супадае з паведамленнямі аб тым, што, паводле ацэнак высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША, Кітай сур'ёзна разглядае магчымасць продажу Расіі баявых беспілотнікаў, асабістай зброі, а таксама артылерыйскіх снарадаў калібра 122 мм і 152 мм», — пішуць у Інстытуце.
Паведамляецца, што расійскія і кітайскія чыноўнікі таксама распрацавалі планы пастаўкі беспілотнікаў у РФ па фальсіфікаваных таварасуправаджальных дакументах, каб пазбегнуць міжнародных санкцый.
Пра тое, што ўлады Кітая разглядаюць магчымасць прадастаўлення РФ смяротнай зброі, паведаміла CNN. Потым гэтую інфармацыю пацвердзіў дырэктар ЦРУ Уільям Бернс у інтэрв'ю CBS News.
«Мы ўпэўненыя, што кітайскае кіраўніцтва разглядае магчымасць прадастаўлення (Расіі — Рэд.) смяротнай зброі», — сказаў ён, адзначыўшы пры гэтым, што Кітай яшчэ не прыняў рашэння з гэтай нагоды. Са свайго боку, адзначыў ён, адміністрацыя Джо Байдэна спрабуе перасцерагчы ўладу Кітая ад прыняцця такога рашэння.
«Мы не бачым, што канчатковае рашэнне ўжо прынятае і не бачым доказаў фактычных паставак смяротнага ўзбраення. Менавіта таму Блінкен і прэзідэнт выразна выступілі з тлумачэннямі аб наступствах такога кроку», — заявіў Бернс.
Дырэктар ЦРУ перакананы, што кітайскі кіраўнік Сі Цзіньпін вельмі ўважліва назірае за расійскім уварваннем ва Украіну. «Няма замежнага лідара, які б назіраў за вопытам Пуціна ва Украіне, за развіццём вайны больш уважліва, чым Сі Цзіньпін», — сказаў Бернс.
Увогуле ў сённяшняй зводцы ISW надаў багата ўвагі Лукашэнку, — у тым ліку з-за яго выказванняў па сітуацыі ў Малдове. Адзначана, што Лукашэнка ўдыхнуў новае жыццё ў інфармацыйную аперацыю Крамля па Прыднястроўі, ілжыва заявіўшы, што адкрыццё прыднястроўскага фронту адпавядала б інтарэсам Захаду.
Лукашэнка заявіў, што Украіна панесла б вялікія страты, калі б адкрыла другі фронт вайны, але што Захад імкнецца перамагчы як Расію, так і акупаванае Расіяй Прыднястроўе і зблізіць Малдову з Захадам.
«Заявы Лукашэнкі пацвярджаюць больш шырокую інфармацыйную аперацыю Крамля, якая малюе Расію як краіну, якая знаходзіцца ў стане вайны з Захадам, а не з Украінай. Лукашэнка пракаментаваў папераджальныя заявы расійскага ўрада аб меркаванай украінскай правакацыі ўздоўж украінска-прыднястроўскай мяжы, дадаўшы неабгрунтаванае сцвярджэнне аб тым, што Захад хоча канфлікту ў Малдове.
Праект «крытычныя пагрозы» Амерыканскага інстытута прадпрымальніцтва раней ацаніў, што Крэмль, імаверна, правёў аперацыю пад чужым сцягам супраць акупацыйнага Міністэрства абароны (МА) Прыднястроўя ў красавіку 2022 года, каб абвінаваціць Украіну ў нападах і ўцягнуць Прыднястроўе ў вайну — мэту, якую Крамлю пакуль не ўдалося дасягнуць», — пішуць эксперты амерыканскага інстытута.