РФ рыхтуе правакацыі і хоча ўцягнуць у вайну Беларусь і Малдову — ISW

Інстытут вывучэння вайны у сваім штодзённым аглядзе распавёў, што Крэмль можа рыхтаваць чарговую правакацыю.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__19__logo.jpg

РФ разумее, што ў адзіночку складана пачаць новы маштабны наступ, таму можа паспрабаваць уцягнуць у вайну супраць Украіны як Беларусь, так і Малдову. Пра гэта піша інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі працытавалі ўкраінскае аператыўнае камандаванне «Поўнач», якое заявіла, што расійскія захопнікі могуць пад чужым сцягам здзейсніць правакацыі ў памежных раёнах Чарнігаўскай вобласці. Там ўкраінскія разведчыкі назіралі рух калоны тэхнікі без апазнавальных знакаў, а яшчэ там зафіксавалі салдат, форма якіх нагадвае ўкраінскіх вайскоўцаў.

Расія можа паспрабаваць абвінаваціць УСУ ў парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці нявызначанай краіны — і хутчэй за ўсё — гаворка ідзе пра Беларусь. Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго армія ўступіць у вайну пры ўмове, што Украіна здзейсніць напад першай.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў Прыднястроўі. У Расіі пачалі скардзіцца на магчымую правакацыю супраць акупаванай часткі Малдовы нібыта з боку ўкраінскіх вайскоўцаў.

“Верагодна, Крэмль таксама стварае інфармацыйныя ўмовы для правядзення аперацыі пад фальшывым сцягам у акупаваным Прыднястроўі, — гаворыцца ў справаздачы ISW. — Міністэрства абароны Расіі 23 лютага заявіла, што ўкраінскія войскі плануюць у бліжэйшы час правесці ўзброеную правакацыю супраць Прыднястроўя. Мінабароны сцвярджала, што ўкраінскія вайскоўцы будуць апранутыя ў форму расійскіх вайскоўцаў і арганізуюць нібыта расійскі наступ з пазіцый у Прыднястроўі. Урад Малдовы абверг абвінавачанні расійскага Мінабароны. Міністэрства абароны, верагодна, імкнулася праштурхнуць гэты ілжывы наратыў, каб перавярнуць папярэджанне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага прэзідэнту Малдовы Маі Санду аб тым, што Крэмль рыхтуе правакацыі ў Малдове, і яго прапанову дапамагчы Малдове, калі расійскія сілы ў Прыднястроўі будуць пагражаць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны”.


Нагадаем, раней аналітыкі ISW выказвалі меркаванне, што ў 2023 годзе Украіна можа вярнуць сабе ініцыятыву на фронце, але каб гэта адбылося, важная рэалізацыя адной умовы — дастатковай і своечасовай падтрымцы УСУ краінамі-саюзнікамі. Гаворка, у прыватнасці, ідзе пра пастаўкі рознага віду ўзбраення, якое дапаможа Украіне выгнаць са сваёй тэрыторыі акупантаў. І нядаўні візіт амерыканскага лідара Джо Байдэна ў Кіеў кажа аб тым, што Украіна будзе працягваць атрымліваць магутную ваенную дапамогу ад Захаду.

У справаздачы за 21 лютага ISW адзначаў, што краіны-чальцы NATO павінны сур'ёзна падрыхтавацца да такога сцэнару, пры якім Масква будзе цалкам кантраляваць Беларусь. Адзначалася, што прэзідэнт РФ, хутчэй за ўсё, можа дабіцца значных поспехаў у аднаўленні сюзерэнітету Расіі над Беларуссю — прычым незалежна ад зыходу яго ўварвання ў Украіну. Пра гэта ж казалася і ў сакрэтным дакуменце аб тым, як Крэмль збіраецца паглынуць Беларусь да 2030 года.

Па словах экспертаў ISW, верагодныя поспехі РФ у Беларусі ставяць Захад перад выбарам, што рабіць з патэнцыйным будучым ландшафтам бяспекі на ўсходнім флангу NATO. Калі Захад дазволіць Пуціну захаваць свае цяперашнія заваёвы ва Украіне, асабліва ў Крыме і ўсходняй частцы Херсонскай вобласці, то тады Крэмль зможа выкарыстоўваць як падуладныя беларускія, так і акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, каб яшчэ больш пагражаць Украіне і ўсходняму флангу NATO.